Одновременно «полыхнули» аж 8 чучел. Чем удивляли на Масленице в Лынтупах?

Культура

Якая галоўная дзея любой Масленіцы? Правільна, спальванне чучала Зімы. У Лынтупах адначасова “палыхнулі” ажно 8. Што ні кажы — умеюць тут здзівіць. Але пра ўсё па парадку.

Свята Масленіцы адбылося на цэнтральнай плошчы пасёлка 5 сакавіка. Яго арганізаваў Лынтупскі філіял ТЦСАН, і па традыцыі яно прайшло ў апошні перад велікодным постам дзень, які каталікі называюць запустамі, або “тлустым аўторкам”. Пакуль не пачаўся час шматлікіх абмежаванняў, можна яшчэ ўдосталь павесяліцца!

…Конь, абчэплены званочкамі, катае ўсіх ахвотных. На палявой кухні варыцца юшка, побач па-даўнейшаму, на калодах, смажацца бліны. Паўсюль мільгацяць яркія касцюмы. Песні і танцы, вясёлыя конкурсы, тэатралізаваныя сцэнкі, карагоды — свята ідзе поўным ходам.

Звяртае на сябе ўвагу “рота” выстраеных у шарэнгу чучал. Чаму іх так многа? А таму што сёлета арганізатары вырашылі правесці конкурс на самае прыгожае чучала. Удзел у ім прынялі Лынтупскі сельскі Савет, лясніцтва, метэастанцыя, швейны цэх, лынтупскія аддзяленні ТЦСАН. Перамогу ў выніку святкавалі работніцы швейнага цэха.

Сцэнарый гуляння распрацавала і ўвасобіла ў жыццё загадчыца Лынтускага філіяла тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алена Валасевіч.

— У нас ёсць каманда, а гэта галоўнае ў арганізацыі любога мерапрыемства, — расказала яна пасля свята. — Стараліся ўсе. Актыўна падключыліся наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Вольга Мажута, Валянціна Сасноўская, сям’я Мудрых і іншыя. Гледачам запомніліся і вясёлыя скамарохі, у якіх пераўвасобіліся сацыяльныя работнікі Людміла Лукашэвіч і Жанна Вашкінэль, у захапленні засталіся ад музычных нумароў Сяргея Зелянкевіча з Пастаўскага аддзялення дзённага знахо­джання ТЦСАН. На Масленіцу прыехалі і іншыя работнікі, наведвальнікі гэтай установы. Не забылася пра нас і дырэктар цэнтра Дзіяна Пякарская.

Пасля свята ў кнізе заўваг і прапаноў Лынтупскага філіяла з’явіўся новы запіс, у якім былі шчырыя словы па­дзякі за падораныя станоўчыя эмоцыі. Наперадзе, дарэчы, іх будзе яшчэ шмат. Хутка ў пасёлку павінен адбыцца конкурс “Ану, бабулі!”, у рамках праекта “Сацыяльны экспрэс” работнікі мясцовай сацыяльнай службы плануюць арганізаваць канцэрты ў розных сельсаветах раёна. Наперадзе і ўдзел у міжрэгіянальным конкурсе мастацкай самадзейнасці ў Докшыцах. Ёсць нават задума правесці ў Лынтупах сваю “Зарніцу”. Хто сумняваецца, што ўсё атрымаецца выдатна?

Іна Мікус
Фота Альфрэда Мікуса



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.