ОГиМовцы Вячеслав Власов, Наталья Боровко, Павел Шилей и Наталья Зверюго ответственно выполняют свою работу

Правовое поле

На сваіх месцах

Аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі РАУС — падраздзяленне невялікае: у ім працуюць усяго чатыры чалавекі. Але аб’ём работы, які яны выконваюць, і яе значнасць намнога большыя, чым думаюць многія.

Даўно мінуў той час, калі «пашпартысты», як па-ранейшаму называюць у народзе АГіМаўцаў, займаліся толькі выдачай галоўнага для кожнага грамадзяніна дакумента. Зараз асноўная іх работа заключаецца ў ажыццяўленні кантролю за знаходжаннем на тэрыторыі раёна прадстаўнікоў замежных дзяржаў. Апошніх раздзяляюць на тры катэгорыі: тыя, хто мае дазвол на пастаяннае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь (пасведчанне на права жыхарства), хто часова пражывае і часова знаходзіцца ў нашай краіне: прыехаў з мэтай турызму, наведвання блізкіх родных, па службовых справах і г.д.

— Мы кантралюем, каб грамадзяне, якія часова пражываюць і часова знаходзяцца на Пастаўшчыне, выехалі з Беларусі ў вызначаны законам тэрмін, — расказваў начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Павел Шылей. — Што датычыць тэрміну знаходжання, ён розны для прадстаўнікоў розных дзяржаў. Напрыклад, расіяне могуць гасціць у нас да 90 сутак без рэгістрацыі, украінцы, літоўцы, латышы і эстонцы — да 30 сутак. А вось жыхары іншых краін Еўрасаюза абавязаны на працягу 5 сутак з даты ўезду ў Беларусь зарэгістравацца ў аддзяленні па грамадзянстве і міграцыі. Парушыў названыя патрабаванні — вырашаецца пытанне аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці.

Супрацоўнікі аддзялення па грамадзянстве і міграцыі РАУС Вячаслаў Власаў, Наталля Бароўка, Павел Шылей і Наталля Звяруга

Законапаслухмянасць усіх іншаземцаў АГіМаўцы адсочваюць вельмі ўважліва і да парушальнікаў заканадаўства прымяняюць розныя меры ўздзеяння, аж да анулявання дазволаў на знаходжанне ў Беларусі і высылкі за яе межы. Каб уявіць аб’ём работы, якую яны выконваюць, прывяду некалькі лічбаў. Як пастаянныя жыхары раёна на ўліку ў аддзяленні на сённяшні дзень знаходзяцца 920 замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, 130 часова пражываюць на Пастаўшчыне. Гэта самая вялікая колькасць сярод сельскіх раёнаў вобласці.

Таксама супрацоўнікі аддзялення займаюцца выдачай уязных-выязных віз і запрашэнняў замежным грамадзянам у Беларусь, дазволаў ім на разавую рэалізацыю тавараў у нашай краіне. Значную работу праводзяць з мясцовым насельніцтвам. Выдаюць пастаўчанам пашпарты для выезду на пастаяннае месца жыхарства за мяжу, мяняюць старыя пашпарты на новыя. Пры гэтым шукаюць людзей, якія своечасова не абмянялі дакумент пасля заканчэння тэрміну яго дзеяння. Такіх у раёне каля 700 чалавек. Нямала і тых, хто ўсё яшчэ пражывае па савецкім пашпарце ўзору 1974 года. У дачыненні да гэтых асоб даводзіцца рабіць праверку іх прыналежнасці да грамадзянства Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, абавязак АГіМаўцаў — ажыццяўленне рэгістрацыі насельніцтва па месцы жыхарства і знаходжання. Усяго за 2018 год спецыялістамі падраздзялення было ажыццёўлена больш за 35 тысяч адміністрацыйных працэдур.

Вялікая частка названай вышэй работы ляжыць на плячах былога начальніка аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Вячаслава Власава. Ён пасля выхаду на пенсію працуе вядучым спецыялістам па рэгістры насельніцтва і з’яўляецца галоўным памочнікам і дарадчыкам цяперашняга кіраўніка падраздзялення Паўла Шылея, які ўзначаліў АГіМ у снежні 2014 года, а таксама маладога інспектара Наталлі Звяруга. Багаты практычны вопыт мае і пашпартыст Наталля Бароўка, чый працоўны стаж складае больш за чвэрць стагоддзя.

Расказваючы пра калектыў, Павел Фёдаравіч адзначыў, што супрацоўнікам аддзялення даводзіцца мець справу з вялізнай колькасцю самых розных дакументаў і вельмі ўважліва ставіцца да сваёй работы.

— Нам трэба ведаць усе міжнародныя пагадненні, у якіх краінах мяняюцца пашпарты і якія з іх сапраўдныя, а якія не, — гаварыў ён. — Плюс уся нарматыўная база Рэспублікі Беларусь — заканадаўчыя акты міністэрстваў унутраных і замежных спраў, Савета Міністраў краіны. Акрамя таго, мы адказваем за кожны выдадзены намі дакумент. Няправільна напісалі літару ў візе — і чалавек не зможа выехаць з краіны.

Такія выпадкі ў практыцы пастаўскіх АГіМаўцаў здараюцца крайне рэдка. Пра кожнага, хто працуе тут, можна сказаць, што ён на сваім месцы.

Тэкст і фота Алены Шапавалавай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.