Отец, дед, прадед, прапрадед… Армейскую династию продолжает курсант Егор Марчевский

Правовое поле

Звязаць сваё жыццё з арміяй пастаўчанін Ягор Марчэўскі марыў з дзяцінства. Яно і не дзіўна: як мінімум чатыры пакаленні продкаў хлопца па мужчынскай лініі — вайскоўцы. Самы далёкі з іх, прапрадзед, падчас Першай сусветнай вайны быў есавулам у казацкіх войсках. Самы блізкі, бацька, служыў у пагранічных войсках інжынерам сувязі.

Ваенная інжынерыя вабіла і Ягора. Таму пасля школы, не вагаючыся, паступіў на ваенна-тэхнічны факультэт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Спецыяльнасцю выбраў тэхнічную эксплуатацыю аўтамабіляў. Зараз Я. Марчэўскі — курсант другога курса. Вучыцца, прызнаецца ён, няпроста: большасць прадметаў, як, напрыклад, супраціўленне матэрыялаў машынабудаўнічага профілю, тэарэтычная механіка і інш., складаныя, многія звязаны з ваеннай дысцыплінай. Але ў той жа час цікава, бо даведваешся шмат новага.

Курсант Ягор Марчэўскі

Заняткі ў будучых інжынераў-механікаў прахо­дзяць у розных вучэбных карпусах, а пражываюць яны ў звычайным студэнцкім інтэрнаце. Праўда, тут у курсантаў ваенна-тэхнічнага факультэта сваё крыло.

— Ад іншых студэнтаў мы адрозніваемся тым, што жывём па дакладным распарадку дня, які трэба выконваць, інакш гэта строга караецца, — расказваў Ягор. — Таксама штодзень заступаем на ахову сваіх аб’ектаў: інтэрната, асабовага складу, гаража з тэхні­кай і боепрыпасамі, вучэбнага корпуса, дзе размяшчаюцца кіраўніцтва факультэта і дэканат.

Яшчэ немалаважныя адрозненні — курсанты знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні, а пасля заканчэння ўнівер­сітэта атрымліваюць дзве спецыяльнасці: грама­дзянскую і ваенную з прысваеннем звання «лейтэнант». Гэта дае ім магчымасць несці службу ва Узброеных Сілах на афіцэрскіх пасадах. Што такое армія, Ягор і яго сябры даведаліся падчас першай ваенна-прафесійнай практыкі, якую летам праходзілі ў Жодзіне, у 65-й аўтама­більнай брыгадзе. Там ­удзельнічалі ў палявых выхадах, вучэбных стрэльбах, знаёміліся з новым для сябе ўзбраеннем, якое існуе ў войсках. Такое непасрэднае знаёмства з армейскімі буднямі ні­колькі не зменшыла жадання хлопца служыць Айчыне, наадварот, пераканала ў правільнасці зробленага ім выбару.

Пры тым што вучобе даводзіцца ўдзяляць шмат часу, Ягор прымае актыўны ўдзел у спартыўных і культурных мерапрыемствах універсітэта. Не раз выступаў за свой курс у спаборніцтвах па футболе, валейболе, баскетболе, мнагаборстве. Спявае, іграе ў тэатральных пастаноўках. Але асабліва захапляецца танцамі. У складзе створанага з такімі ж аматарамі сучаснай харэаграфіі калектыву адстойваў гонар факультэта на «Вясне БНТУ», «АРТ-вакацыі» ў Мінску і Магілёве. Адным словам, жыве цікавым і насычаным студэнцкім жыццём.

Тэкст і фота Алены Шапавалавай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.