Песни, конкурсы, блины… Масленица на конном дворе «Сивка-Бурка» в деревне Ромельки

Культура

Нягледзячы на марознае надвор’е, у мінулую суботу конны двор «Сіўка-Бурка» ў вёсцы Рамелькі стаў месцам прыцяжэння для многіх гасцей, якія вырашылі развітацца з зімой.

Арганізатары паклапаціліся аб тым, каб разнастаіць вольны час адпачываль­нікаў.

З пачастункамі Галі¬на Гродзь, Таццяна Кустра і Вольга Нікалаева

— Мы ўдзячныя ўсім нашым сябрам, якія дапамаглі ажыццявіць гэта свята: дырэктару ААТ «Сцяг Перамогі-агра» Юрыю Борысу, старшыні Юнькаўскага сельскага Савета Вячаславу Врублеўскаму, нашым калегам з коннага двара «Лунная долина», артыстам «Юнчанкі», індывідуальным прадпрымальнікам, — распавядала загадчыца конефермы Вольга Федурко. — Кожны з іх з радасцю адгукнуўся на наша запрашэнне.

Удзельнікі народнага клуба «Юнчанка» выканалі народныя і папулярныя песні. Многія, асабліва дзеці, з задавальненнем грэліся танцамі, падымаючы настрой навакольным.

Тыя, хто хацеў бліжэй пазнаёмі­цца з насельнікамі коннага двара, ля ўвахода ў стайню набывалі пачастунак для іх. Таксама была магчымасць пакатацца верхам. Ад жадаючых не было адбою!

Выязны гандаль прапаноўваў папкорн і салодкую вату, гарачыя напіткі і ежу. А якая Маслені­ца без духмяных залацістых бліноў! Імі гасцей частавалі Галі­на Гродзь, Таццяна Кустра і Вольга Нікалаева.

Праграма мерапрыемства бы­ла насычанай. Юныя ездакі прадэманстравалі ўменне верхавой язды з элементамі акрабатыкі: на хаду яны пераварочваліся, саскоквалі, садзіліся на каня і нават ездзілі стоячы. Дрэсіраваны поні Пумба паказаў вывучаныя трукі. Аднак гэты невялічкі конік вядомы сваёй упартасцю і ў гэты раз спрабаваў паказаць нораў.

Прысутныя змаглі паспрабаваць сябе ў конкурсах: спрытней за ўсіх заскочыць на каня, на хуткасць заплесці коску на грыве, праехаць верхам, трымаючы на талерцы мандарын, і не скінуць яго. Спаборніцтвы праводзіліся не толькі сярод дарослых, але і сярод дзяцей. Пераможцам уручылі сертыфікаты з 30-працэнтнай зніжкай на наведванне прыватнага коннага двара «Лунная долина» ў Нарачы.

Фінальным акордам свята стала фаер-шоу ад «Лунной долины» і спальванне чучала Зімы. Назіраючы за тым, як яно гарыць, кожны думаў пра нешта сваё. Але асабіста мне хацелася, каб маразы хутчэй адступілі і нарэшце прыйшло сапраўднае вясновае надвор’е.

Тэкст і фота Наталлі Налей



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.