Предстоит масштабная работа… Актуальное интервью с с замначальника управления по сельскому хозяйству и продовольствию райисполкома Марией Климёнок

Главное Сельское хозяйство

Кожны дзень набліжае хлебаробаў да пачатку веснавых палявых работ. Як ідзе падрыхтоўка да іх, ці забяспечаны гаспадаркі насеннем, ці хапае механізатарскіх кадраў? Пра гэта і іншае карэспандэнт “Пастаўскага краю” Анна Анішкевіч гутарыла з намеснікам начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Марыяй Клімёнак.

— Структура пасяўных плошчаў сельскагаспадарчых культур у гэтым годзе сфарміравана ў адпаведнасці са спецыялізацыяй сельскагаспадарчай вытворчасці рэгіёна і рашэннем Віцебскага аблвыканкама, — расказвала Марыя Юзэфаўна. — Восенню азімыя пасеялі на 13800 гектарах, з іх на зерне — на 11931. Азімы рапс заняў 3552 гектары. З агульнай колькасці 52% адведзены пад зерневыя і зернебабовыя (24530 га), 21% — пад рапс (6852) і лён (2800), 27% — пад кармавыя культуры.

Зябліва ўзнята на 14489 гектарах. Веснавое ворыва трэба правесці на 10357, а яравыя зерневыя і зернебабовыя пасеяць на 12599 гектарах, яравы рапс — на 3300, кукурузу — на 6100, у тым ліку на зерне — на 1200 га. Бульба зойме 47 гектараў. План яравой сяўбы з улікам аднагадовых культур — 24848 гектараў.

— Якім гаспадаркам трэба выканаць найбольшы аб’ём работ?
— На 5012 гектарах трэба правесці яравую сяўбу хлебаробам ААТ “Камайскі-агра”, 3767 — ААТ “Навасёлкі-Лучай”, 2966 га зоймуць яравыя ў ААТ “Кураполле-агра”, 2300 — у ААТ “Хацілы-агра”.

— Насення дастаткова?
— Забяспечанасць 100-працэнтная. Важная задача — абнаўленне насеннага фонду высокімі рэпрадукцыямі. Заданне па выпрацоўцы эліты яравых зерневых і зернебабовых культур складае 225 тон. Пастаўляць яе будзе ААТ “Хацілы-агра”. Рэсурснае забеспячэнне сяўбы рапсу бу­дзе праводзіцца праз Віцебскі маслаэкстрацыйны завод.

Адкрытым пакуль застаецца пытанне забяспечанасці насеннем ільну (у наяўнасці толькі 78%). Не хапае каля 101 тоны. Ёсць дамоўленасць на пастаўку 79. Дзе ўзяць яшчэ 22 тоны, пакуль канкрэтна не вырашана. Пра набыццё насення кукурузы паклапаціўся Пастаўскі малочны завод.

— Адзін са складальнікаў высокага ўраджаю — мінеральныя тукі і арганічныя ўгнаенні. Што ў наяўнасці?
— У адпаведнасці з тэхналагічнымі рэгламентамі да веснавой сяўбы неабходны 11310 тон мінеральных удабрэнняў: у тым ліку 4560 — азотных, 1860 — фосфарных, 4800 — калійных. Ёсць 19,4%. У 6 сельгас­арганізацыях забяспечанасць менш за 10%. Ільготныя крэдыты на набыццё ўдабрэнняў выдзелены ААТ “Навасёлкі-Лучай”, “Кураполле-агра”, сельгаспрадпрыемству “Ляхаўшчына-агра” і АБП “Рассвет Пастаўскі”. Гэтым гаспадаркам адгрузка ўдабрэнняў будзе весціся праз Віцебскі аблаграсэрвіс. 480 тон комплексных удабрэнняў атрымаюць ільнасеючыя гаспадаркі раёна. Для іх набыцця з абласнога бюджэту вы­дзелены 304 тысячы рублёў.

Для правядзення ранневеснавой падкормкі азімых культур патрабуецца 929 тон азоту, у наяўнасці толькі 406, што складае 44% ад неабходнага. У ААТ “Ярэва-агра”, “Янавіца-агра”, “Сцяг Перамогі-агра” і СП “Дунілавічы-агра” азоту няма ўвогуле. Пытанне забеспячэння гаспадарак раёна азотам вырашаецца на ўзроўні аблвыканкама. Пад яравую сяўбу ў раёне трэба ўнесці 390 тысяч тон арганічных угнаенняў. Фактычна вывезена 262 тысячы.

— Немалаважную ролю адыгрываюць і сродкі аховы раслін.
— З імі таксама існуе праблема. Пратравы для насення ёсць 42% ад неабходнага, гербіцыдаў для азімых зерневых — 28%. Як і летась сродкі аховы раслін гаспадаркі набываюць за ўласныя фінансы.

— Каб справіцца з усімі палявымі работамі, патрэбна адпаведная тэхніка. Забяспечанасць ёй нядрэнная?
— У гаспадарках раёна ёсць 398 трактароў, у тым ліку 67 энерганасычаных, 118 плугоў, 71 культыватар, 56 дыскавых барон і дыскатараў, 86 машын для ўнясення мінеральных і арганічных удабрэнняў, 40 камбінаваных пасяўных агрэгатаў.

— А іх гатоўнасць?
— Дзяржінспекцыя па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання ўпраўлення па сельскай гаспадарцы райвыканкама сумесна з Дзяржаўтаінспекцыяй прыступіла да правядзення тэхнічных аглядаў. Па папярэдніх даных, гатоўнасць трактароў складае 77%, глебаапрацоўчай тэхнікі — 68%, камбінаваных пасяўных агрэгатаў — 60%. Нагрузка на адзін такі агрэгат — 621 гектар. Пры рабоце ў дзве змены і норме выпрацоўкі 15 гектараў сяўбу яравых рэальна правесці за 21 дзень.

— Ці хапае механізатараў?
— Неабходна 370 чалавек. Ёсць 318. 11 механізатараў будуць прыцягнуты на палявыя работы з іншых участкаў гаспадарак, больш за 40 камандзіруюць з прамысловых прадпрыемстваў і ўстаноў адукацыі.

Наперадзе маштабная работа. Часу на тое, каб ухіліць недахопы, застаецца ўсё менш і менш. Кіраўніцтва раёна трымае пад пільным кантролем ход падрыхтоўкі да сяўбы і аказвае пасільную дапамогу, а хлебаробам трэба прыкласці максімум намаганняў, каб яна прайшла па ўсіх агратэхнічных правілах.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.