Прыгожыя мясціны, працавітыя людзі

2018-2020 год — Год малой радзімы

Вёскі Захараўшчына і Курылавічы для мяне амаль такія ж родныя, як і мае Міхнічы, дзе я нарадзілася і вырасла. Добра ведала іх жыхароў. Тут жылі шчырыя, працавітыя людзі. Нягледзячы на розныя веравызнанні, на гэтай падставе ніколі не ўзнікала спрэчак. Заўсёды дапамагалі адно аднаму.

У Курылавічы хадзіла ў пачатковую школу. У старэйшых класах з мясцовай дзятвой вучыліся ў Савічах. Купаліся ў Лучайцы, збіралі шчаўе, якога многа расло на яе берагах. У Захараўшчыне быў аўтобусны прыпынак, праз Міхнічы аўтобус не хадзіў. Гэтыя тры вёскі былі адной брыгадай у калгасе “Запаветы Ільіча”. Цяпер вёскі старэюць, выміраюць. Можа, мой артыкул дапаможа захаваць хоць крыху звестак пра іх.

Захараўшчына раскінулася на правым беразе Лучайкі. Раней рэчка была паўнаводная, на яе берагах расла чаромха. Вадзілася многа рыбы, ракі. Вясной Лучайка разлівалася, затапляла лугі. Потым на іх былі добрыя сенажаці. Агароды сяляне разорвалі спадзістыя, каб даж­джавая вада сцякала ў раку. І нават у самыя мокрыя гады атрымлівалі добрыя ўраджаі.

У часы прыгоннага права ў Захараўшчыне жыў пан. Раней лічылі, што яго прозвішча было Захараў, адсюль і назва вёскі. Аднак за былым панскім маёнткам, на левым беразе Лучайкі, расце лес, які і цяпер называюць сінякоўскім. Казалі, што пасля паўстання 1863 года таго пана саслалі ў Сібір. Мой дзед і міхніцкія старажылы расказвалі, што каля дарогі, дзе яна паварочвае на Савічы, былі рэшткі нейкіх даўнейшых пабудоў, мабыць, панскія стайні. Сяляне з навакольных вёсак, хоць і былі дзяржаўнымі, хадзілі ў Захараўшчыну адбываць паншчыну.

На высокім правым беразе рэчкі размешчаны стараверскія могілкі. І царква была стараверская. Праўда, у звычайнай хаце, да сцяны якой прыбілі крыж. У 50-я яе разабралі. Праваслаўных з Захараўшчыны вазілі хаваць у Манькавічы, а католікаў — у Міхнічы.

Пасля вайны і, напэўна, да 80-х у вёску прыязджалі “да Танькі”, як па-вясковаму звалі знахарку Таццяну Жыдкую. Яна ўмела не толькі замаўляць ад хвароб, але і добра варажыць. Даехаць туды было проста, бо праз вёску 4 разы хадзіў аўтобус у Пожарцы. Аўтобусны прыпынак размяшчаўся каля дома Уладзіміра Пашкевіча. Тут заўсёды можна было пагрэцца, а веранда ніколі не зачынялася: у ёй збіраліся пасажыры, якіх на той час хапала.


Недалёка ад Захараўшчыны ёсць вялікі камень. Расказвалі, што ён упаў з неба як пакаранне людзям за грахі, а яшчэ, што раней той камень быў цэлым. Аднаго разу пастушок пасвіў каля яго статак і ў навальніцу схаваўся збоку ад дажджу. Ударыў магутны пярун, каровы з перапуду пабеглі дамоў, а пастушка потым знайшлі пад адной з палавін каменя, які раскалола маланка.


У 1963 годзе ў Захараўшчыне было 30 двароў і 74 жыхары. Цяпер толькі адна карэнная жыхарка, а вясной з’яўляюцца і дачнікі.

У Курылавічах, што ў Юнькаўскім сельсавеце, да вайны было больш за 200 жыхароў. А яшчэ раней тут існавала школа. За польскім часам дзеці з Курылавіч прынеслі на заняткі каменны тапорык, які знайшлі ў сваіх мясцінах. Паміж Міхнічамі і Курылавічамі былі рэшкі дарогі, якая ішла ніадкуль і ўнікуды. Гэта сведчыць пра тое, што людзі ў гэтых мясцінах сяліліся з даўніх часоў. Да маладой незамужняй настаўніцы Зінаіды пачаў заляцацца мясцовы хлопец-паляк. Бацюшку гэта не спадабалася, стаў пярэчыць, і дзяўчына вымушана была з’ехаць. Пасля Першай сусветнай вайны школы тут ужо не было, дзеці хадзілі ў Міхнічы. У гады Вялікай Айчыннай загінула больш за 15 вяскоўцаў. У 43-м здарыўся пажар. Прычына здарэння трагічная. Гаспадар пайшоў на ток і ўбачыў на сене маладых хлопцаў, якія спалі. А да суседкі якраз прыехаў сын-паліцай з сябрамі. Яны тых трох партызан і пазабівалі. Пасля загадалі мясцоваму жыхару запрэгчы каня і ўтапіць застрэленых у балоце. Той аслухаўся і пахаваў хлопцаў каля курылавіцкіх могілак. Пазней аказалася, што быў і чацвёрты, які праз некаторы час прывёў партызан у вёску. Яны адпомсцілі гаспадару пуні і бацькам паліцая па законах ваеннага часу, а іх хаты падпалілі. Дамы стаялі густа, пад саламянымі стрэхамі, і вецер дзьмуў у бок вёскі. Тушыць пажар людзі пабаяліся, бо ў палаючай хаце паліцая ўзрываліся боепрыпасы. Згарэла больш за 10 хат. Пасля вайны, акрамя тых дзвюх хат, гаспадары адбудаваліся. Недалёка ад Курылавіч раслі дзве старыя бярозы, каля адной з якіх стаяў крыж. У часы атэізму аднаму з членаў партыі загадалі яго знішчыць. Ён так і зрабіў. А неўзабаве сам загінуў пад коламі рэдкага на той час аўтамабіля, якім кіраваў таксама партыец.

Пасля вайны ў Курылавічах працавала пачатковая школа. Размяшчалася яна ў вясковай хаце. Вучыліся таксама дзеці з Міхніч і Курсевіч. У той час, калі я хадзіла ў школу, у ёй у дзве змены займалася да 40 хлопчыкаў і дзяўчынак. У пачатку 50-х пасля Полацкага педагагічнага вучылішча прыехала па размеркаванні настаўніца Ніна Васільеўна Дыман. Тут яна выйшла замуж за мясцовага хлопца Івана Шорца і засталася на Пастаўшчыне назаўсёды. Яе муж акампаніраваў дзецям на канцэртах у школе, сельскім клубе ў Савічах. Ніна Васільеўна добра спявала. У канцы 50-х прыехала Леаніда Іосіфаўна Міланайць. Яна таксама выйшла замуж, і яны доўгі час працавалі ў школе разам. Работу сваю любілі. Іх вучні, якія прыходзілі ў старэйшыя класы Савіцкай школы, былі добра падрыхтаваныя, мелі трывалыя веды. Настаўніцы не лічыліся з асабістым часам, рыхтавалі з намі канцэрты, спектаклі, стараліся выхаваць годнымі людзьмі. Трактарыст Алег Шорац уславіў сваю малую радзіму стараннай працай, быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

У 1963 годзе ў Курылавічы і суседнія вёскі прыязджалі нейкія людзі і праводзілі з вяскоўцамі гутаркі, папярэджвалі, каб нікому на расказвалі пра будоўлю ў суседнім лесе. А будаваўся там ваенны гарадок ракетнай часці. У адной курылаўскай жанчыны нейкі час жыў кіраўнік той будоўлі. Дык яна нават не ведала яго імя і прозвішча. Зараз вёска апусцела.


Р.S. У розных дзяржавах у розныя часы паселішчы па розных прычынах прыходзілі ў заняпад, і людзі ў пошуках лепшай долі з’язджалі ў гарады, іншыя краіны. Але потым жыццё наладжвалася, і яны вярталіся на радзіму. Хочацца спадзявацца, што і нашы вёскі ажывуць і на іх вуліцах будуць звінець дзіцячыя галасы.

Стэфанія Якавіцкая



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.