Работники и посетители отделений ТЦСОН из Лынтуп и Постав устроили праздник жителям г.п. Воропаево

Общество

Удзельнікі сустрэчы Валянціна Пашкова, Ірына Красоўская і Галіна Юрэвіч

Успаміны і песні – найлепшае лякарства

На вуліцах Варапаева ў адзін з лютаўскіх дзён было ажыўлена. Пешаходы — людзі паважанага ўзросту — спяшаліся да Дома культуры. «Сацыяльныя работнікі, якія нас абслугоўваюць, запрасілі на канцэрт, — тлумачылі сустрэчным. — Ажно з лынтупскага філіяла ТЦСАН прыедуць». І прыводзілі з сабой тых, каго выпадкова сустрэлі па дарозе. Бліжэй да пачатку мерапрыемства ў клубе свабодных месцаў не было.

Загучалі першыя акорды — і вядучая Алена Валасевіч сваёй харызмай падкупіла гледачоў. Расказвала пра юбіляраў, сямейныя дынастыі, старэйшын вёсак, ветэранаў. А сакратар раённага савета ветэранаў Галіна Лапушынская падзякавала за работу старшыні ветэранскай арганізацыі Варапаеўскай дыстанцыі пуці Валянціне Трафімавай і ўручыла памятны сувенір. З прывітальным словам звярнулася начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Седзюкевіч.

— Гады работы старшынёй Варапаеўскага сельсавета зблізілі з вамі, — гаварыла Наталля Мікалаеўна. — І цяпер цікаўлюся вашымі справамі. Рада, што прыйшлі. Канцэртамі вас не здзівіш, бо работнікі культуры пасёлка пастаянна ла­дзяць цікавыя мерапрыемствы. Але і сёння, спадзяюся, музыка і песні падымуць настрой.

Музычныя нумары, гумарыстычныя сцэнкі дарылі прысутным наведвальнікі і работнікі дзённых аддзяленняў для пажылых грамадзян — у Лынтупах і людзей з абмежаванымі магчымасцямі — у Паставах. А гледачы не шкадавалі апладысментаў, крычалі «брава!», «біс!». У завяршэнне праграмы многія пусціліся ў танцы.

Ганна Іванаўна Дубовік — старэйшына вёскі Цівунцы — пасля зайшла да кіраўніка спраў  Варапаеўскага сельвыканкама Ганны Рубель і папрасіла адправіць заяўку на рамонт вулічнага ліхтара. «Гэта ж якое свята для нас зладзілі! — дзялілася ўражаннямі. — Даўно нікуды не выбіралася. А тут машына забрала ад веснічак. Душой адпачыла пад цудоўныя песні!»

Затым у рамках рэалізацыі праекта гуманітарнай праграмы «Месца сустрэчы: дыялог» германскага фонду «Памяць, адказнасць і будучыня» сумесна з Міжнародным грамадскім аб’яднаннем «Узаемаразуменне» адбылося чаяпіцце былых вязняў і людзей, якія нарадзіліся да 9 мая 1945 года.

— Сацыяльныя работнікі добра ведаюць лёсы сваіх падапечных, яны і запрасілі іх на сустрэчу, — гаварыла дырэктар ТЦСАН Дзіяна Пякарская. — Людзі пажылога ўзросту не з’яўляюцца толькі спажыўцамі паслуг. Яны адыгрываюць немалую ролю ў жыцці грамадства. Асабліва гэта датычыць асоб, якія пацярпелі ў гады вайны. Іх біяграфіі — жывы ўрок гісторыі. Таму мы імкнёмся ўсяляк падтрымлі­ваць і развіваць актыўнасць пацярпелых, ахінаем іх увагай, уважліва слухаем іх успаміны.

Гучалі яны і ў той дзень. Варушыць перажытае заўсёды балюча. Таму госці больш гаварылі пра дзень сённяшні, дзякавалі сацыяльнай службе за дапамогу. Сярод прысутных былі і былыя вязні Валянцін Войтаў і Пётр Курыловіч. Мужчыны скупыя на словы, а эмоцый стрымаць не маглі. Вольга Мядзюха не прамінула падзякаваць мясцовай уладзе за клопат. Жанчына жыла ў Лапачонках. Некалькі гадоў таму ў яе згарэў дом. У цяжкі для сябе час яна адчула падтрымку добрых людзей, змагла перабрацца на пастаяннае месца жыхарства ў Варапаева. Вольга Іванаўна дзякавала за чуласць былому і цяперашняму старшыням Варапаеўскага сельскага Савета — Наталлі Седзюкевіч і Іне Касарэўскай, сацыяльным работнікам, якія яе абслугоўваюць.

Галіна Лявонава — жонка былога старшыні раённай арганізацыі вязняў канцэнтрацыйных лагераў Віктара Лявонава. Мінула восем месяцаў, як яна страціла свайго вернага спадарожніка. Каб прытупіць боль, занялася стварэннем архіва мужавых дакументаў, дзеліцца нататкамі яго ўспамінаў з работнікамі музеяў.

Ірына Гарэлікава шмат гадоў адпрацавала на Варапаеўскім дрэваапрацоўчым камбінаце, з’яўлялася актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці. І цяпер любіць песні, прыпеўкі. Заспявала і на сустрэчы. Яе падтрымалі і іншыя. Зачароўвалі сваімі галасамі Валянціна Пашкова, Ірына Красоўская і іншыя.

Пра работу раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа расказала яе старшыня Таццяна Шахава. Дзіяна Пякарская падвяла вынікі рэалізацыі праекта. Ён завяршаецца, але работа будзе працягвацца. Пры ТЦСАН створаны валанцёрскі цэнтр, яго члены наведваюць больш за 50 маламабільных людзей, якія пацярпелі ад наступстваў войнаў, не абдзяляюць увагай членаў іх сямей, аказваюць індывідуальную дапамогу і аздараўленчыя паслугі на даму. І далей будзе дзейнічаць бясплатны пункт пракату сродкаў рэабілітацыі, аказвацца псіхалагічная падтрымка.

«Успаміны і песні — найлепшае лякарства», — сцвярджалі, развітваючыся, удзельнікі сустрэчы. А яшчэ прасілі Дзіяну Пякарскую пасадзейнічаць у адкрыцці ў Варапаеве аддзялення дзённага знаходжання для лю­дзей пажылога ўзросту.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.