Самое страшное испытание в жизни ветерана Василия Фёдоровича Васюковича — Великая Отечественная война

75 лет освобождения Витебщины от немецко-фашистских захватчиков

Васілій Васюковіч пайшоў на вайну ў ліпені 1944 года. Да Перамогі заставалася менш чым год. Але дарога да яе была такая цяжкая і за­літая крывёю.

Тры месяцы знаходзіўся ва Ула­дзіміры ў запасным артылерыйскім палку, дзе вывучаў зброю, рыхтаваўся да адпраўкі на фронт. Трапіў ва Усходнюю Прусію на 3-ці Беларускі фронт, якім камандаваў маршал Чарняхоўскі. Васілій Фёдаравіч быў мінамётчыкам.

Калі слухаеш расказ ветэрана, то разумееш, што гэты чалавек быў майстрам сваёй справы: ведае ўсе тонкасці абыходжання з мінамётам. Кажа, што не ўсё так проста ў баі, як паказваюць у фільмах. Бой наяве намнога страшнейшы, больш жорсткі…

Кожны дзень савецкія войскі займалі ўсё новыя і новыя населеныя пункты Усходняй Прусіі, у тым ліку Гумбінен, Істэнбург. Войскі рухаліся ў кірунку горада Кёнігсберга. Страт было многа як у нашай арміі, так і ў ворага. Трэцяга лютага 1945 года ў баі з фашыстамі Васілій Фёдаравіч быў цяжка паранены. Тры месяцы ляжаў у шпіталі ў Каўнасе. Пасля лячэння трапіў у запасны полк, які размяшчаўся ў Гумбінене (Прусія). Тут знаходзіліся камендатура і сартавальны пункт. Рускіх, французаў, ­італьянцаў, палякаў рыхтавалі да адпраўкі дадому. Васілій Фёдаравіч разам з іншымі салдатамі патруляваў горад.

Ветэран вайны Васілій Фёдаравіч Васюковіч з піянерамі Курапольскай школы

8 мая 1945 года ён заступіў на службу ў другую змену. З 23 гадзін да 3-х ночы патруль павінен быў забяспечваць парадак у горадзе. Тады Васілій Фёдаравіч не мог нават падумаць, што гэта ноч запомніцца яму на ўсё жыццё.  У 2 гадзіны з камендатуры данеслася гучнае паведамленне аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі. Салдаты крычалі: «Ура! Перамога!» Людзі абдымаліся, цалаваліся. А раніцай камандзір узвода арганізаваў усіх пісаць лісты дадому, што засталіся жывыя і здаровыя. 

В. Ф. Васюковіч вярнуўся на радзі­му толькі ў 1948 годзе. Узмужнелы, з медалямі «За баявыя заслугі» і «За перамогу над Германіяй». Хутка ажаніўся з мясцовай дзяўчынай. Спачатку маладыя жылі з бацькамі, дапамагалі ім па гаспадарцы і на даходы з яе жылі. 

А калі ў 1950 годзе быў створаны калгас, Васілій Фёдаравіч запісаўся ў яго адным з першых. Яму прапаноўвалі ўзначаліць гаспадарку, але ён наадрэз адмовіўся, бо разумеў, што гэта справа складаная. А калі не ўпэўнены ў сваіх сілах, то не варта і пачынаць, каб не падвесці тых, хто аказвае табе давер. А вось на пасаду брыгадзіра згадзіўся. Пяць гадоў  адказна выконваў свае абавязкі. Працаваў сумленна. Але раптам захварэў. Доўга лячыўся, а пасля ўладкаваўся кладаўшчыком, дзе адпрацаваў 33 гады. Атрымліваў па­дзякі, грашовыя прэміі. Жыў так, як падказвала сумленне. Для многіх вяскоўцаў быў прыкладам.

Васілій Фёдаравіч просты ў зносінах, шчыры, адкрыты чалавек. З жонкай Аляксандрай Іванаўнай пражыў у ладзе і згодзе 70 гадоў. Як кажа ветэран, сакрэт шчасця вельмі просты: яно ў каханні, цёплых адносінах і павазе адно да аднаго.

У канцы мінулага года Васілій Фёдаравіч перажыў цяжкую страту: Аляксандры Іванаўны не стала… Цяпер жыве ў сына ў вёсцы Вайнюнцы, што ў Браслаўскім раёне. Ветэрану 94 гады. Яго родная сястра Антаніна Фёдараўна, якая жыве ў Паставах, у хуткім часе адзначыць 98-годдзе. Кожны дзень брат з сястрой размаўляюць па тэлефоне.

На развітанне Васілій Фёдаравіч даў наказ любіць і берагчы нашу Радзіму, цаніць жыццё і мір, бо ўсё гэта здабыта вялікай цаной.

Валянціна Падгайская, настаўніца Курапольскай базавай школы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.