Со стрелой Амура в сердце. Кто стал победителем молодежной конкурсной шоу-программы «Неугомонные амуры-2019»?

Общество

Дзе можна сустрэць сваё каханне? Якім яно бывае і на што здольны закаханы чалавек? Адказы на гэтыя пытанні паспрабавалі даць удзельнікі маладзёжнай конкурснай шоу-праграмы «Неўтаймоўныя амуры», якая з аншлагам прайшла ў мінулую нядзелю ў раённым Доме культуры.

За перамогу ў конкурсе змагаліся пяць пар з усіх сярэдніх агульнаадукацыйных устаноў горада. Пастаўскую СШ №1 прадстаўлялі Яна Грахоўская і Данііл Гарошка, СШ №2 — Ксенія Розман і Артур Мышко, СШ №3 — Вераніка Малафеева і Антон Гавароўскі, чацвёртая школа дэлегавала Марту Навіцкую і Уладзіслава Рудкевіча, гімназія — Анастасію Вернікоўскую і Уладзіслава Фазылава. Прычым прыйшлі ўдзельнікі не адны, а з вялікімі групамі падтрымкі ў складзе іх аднакласнікаў, настаўнікаў, родных і сяброў.

Марта Навіцкая і Уладзіслаў Рудкевіч
Вераніка Малафеева і Антон Гавароўскі

Шоу-праграма пачалася з прадстаўлення канкурсантаў, якіх па чарзе запрасілі на сцэну вядучыя — навучэнка гімназіі Кацярына Дзяргач і выпускнік СШ №5 Мікіта Семяніхін. А далей пары ўступілі ў азартную і бескампрамісную барацьбу. І першым выпрабаваннем для іх стаў конкурс «Знаёмства». У ім «амуры» з дапамогай сваіх сяброў расказалі і паказалі гісторыі спаткання на дыскатэцы, у бібліятэцы, у сацыяльных сетках, на рабоце ў аддзеле па надзвычайных сітуацыях і нават разыгралі гісторыю кахання двух разведчыкаў.

Тое, што маладыя людзі не толькі артыстычныя, але і пластычныя і музыкальныя, прадэманстраваў конкурс «Палымяныя рытмы». Па яго ўмовах кожная пара павінна была падрыхтаваць невялікую харэаграфічную замалёўку. Жанры ўдзель­нікі выбралі самыя розныя: сучасны і цыганскі танцы, бугі-вугі, рок-н-рол, дыска, па-сапраўднаму запаліўшы публіку.

Анастасія Вернікоўская і Уладзіслаў Фазылаў са сваёй групай падтрымкі

Завяршаў праграму конкурс «Гісторыя кахання супергероя», які вярнуў гледачоў да тэатральнай тэмы. «Усе дзяўчаты мараць сустрэць у жыцці сапраўднага супергероя. Але яны бываюць толькі ў кіно…» — наракала са сцэны вядучая Каця Дзяргач. «Дазволь з табой не пагадзіцца. Сярод нас, хлопцаў, таксама ёсць сапраўдныя героі, здольныя дзеля каханай дзяўчыны на подзвігі», — адказаў ёй Мікіта Семяніхін і прапанаваў убачыць усё на свае вочы. А дапамаглі ў гэтым «амуры», прадставіўшы гісторыі кахання Жалезнага чалавека, Аватара, Чалавека-павука, Халка і Тора.

Пакуль гледачы праводзілі герояў апладысментамі, наступіў момант галасавання. Кожны з прысутных на ўваходзе ў залу атрымаў жэтоны з нумарамі, пад якімі выступалі канкурсанты, і цяпер мог аддаць свой голас за таго, хто спадабаўся найбольш. Падлік галасоў праводзіўся ў фае ў прысутнасці прадстаўнікоў усіх школ. А сцэну тым часам прадаставілі ўдзельнікам мастацкай самадзейнасці РДК: салістцы Ксеніі Розман, танцавальнаму калектыву «Карамелькі», узорнай цыркавой студыі «Каскад» і арт-студыі «Экспромт». Яны, а таксама іншыя дзіцячыя калектывы ўпрыгожылі сваімі выступленнямі конкурсную праграму.

І вось галасы падлічаны. На сцэну зноў запрошаны ўсе ўдзельнікі конкурснай шоу-праграмы, дырэктар раённага Дома культуры Ала Чарнюк і першы сакратар райкама БРСМ Вераніка Казлоўская для аб’яўлення і ўзнагароджання пераможцаў. «Сёння ў гэтай зале ўладарылі маладосць, прыгажосць, крэатыў і каханне», — зазначыла Ала Баляславаўна. І дадала, што ўсе канкурсанты пастараліся на славу, таму заслужылі ганаровыя дыпломы і салодкія падарункі — тарты. Ну а найлепшай парай па меркаванні гледачоў сталі Марта Навіцкая і Уладзіслаў Рудкевіч, якія атрымалі вялікае сэрца з паветраных шарыкаў, пра­бітае стралой Амура.

Тэкст і фота Алены Шапавалавай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.