У работников государственной инспекции по семеноводству, карантину и защите растений весна начинается в ноябре

Сельское хозяйство

Вясна тут пачынаецца ў лістападзе

Зацікавіла, дзе? У работнікаў дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін.

— Падрыхтоўку да веснавой сяўбы пачынаем яшчэ з восені, — расказвала начальнік інспекцыі Святлана Цімафеева. — А зіма — самы гарачы сезон. Насенне павінна быць якасным, бо ад гэтага залежыць ураджайнасць сельскагаспадарчых культур. Ці з’яўляецца яно сапраўды такім, можна ўпэўніцца толькі пасля праверкі ўзораў. Яны паступаюць з усіх гаспадарак раёна.

Пад кіраўніцтвам галоўнага агранома па насенняводстве Наталлі Жыгалка спецыялісты дасканала абследуюць кожную партыю.

Для экспертызы зерне прарошчваюць у кюветы, праз пэўны час вызначаюць яго сартавыя і пасяўныя якасці, правяраюць на чысціню, усхо­джасць, вільготнасць, заражанасць шкоднікамі, а таксама на наяўнасць хвароб.

І толькі пасля гэтага выно­сіцца канчатковы агранамічны вердыкт: здаровы або не насенны матэрыял. Калі насенне не адпавядае стандартам, насенняводы выпісваюць гаспадаркам прадпісанні. Пасля давядзення яго да вызначанай кандыцыі выдаецца адпаведнае пасведчанне.

 Акрамя насення арганізацый Пастаўскага раёна інспекцыя правярае насенне, якое паступіла ў Рэспублі­ку Беларусь з іншых краін. Цяпер даследуюць кукурузу, якая паступіла з Венгрыі, Германіі, Францыі. Галоўны аграном аддзела па каранці­не раслін Юлія Гіль сочыць за недапушчэннем разам з раслінамі і насеннем імпарту каранціннага пустазелля, шкоднікаў і хвароб з-за мяжы, а таксама за бяспечным экспартам беларускай раслінаводчай прадукцыі.

Апошнім часам попыт на прадукцыю з Беларусі вырас. Замежныя краіны з задавальненнем набываюць у нас бульбу, агародніну, фрукты, дзікарослую прадукцыю, лес.

З Пастаў ідуць на экспарт у Канаду, Італію, Азербайджан, Расію, Украіну піламатэрыялы і вырабы з іх. Спецыяліст у найкарацейшыя тэрміны правярае кожную партыю, рыхтуе заключэнне і выдае фітасанітарны сертыфікат.

Галоўны аграном па ахове раслін Ганна Міхаловіч нядаўна закончыла абследаванне азімых. Для гэтага на палях былі ўзяты пробы на адрошчванне — маналіты. Вынікі іх абследавання пакажуць, як раслінкі пераносяць халады, перапады тэмпературы, ін­шыя неспрыяльныя фактары. У лабараторыі маналіты захоўваліся ў пэўных умовах на працягу двух тыдняў. Жывымі лічацца тыя, у якіх адрасло новае лісце. Па папярэдніх даных, азімыя захаваліся нядрэнна. Будуць праведзены яшчэ паўторныя праверкі. Менавіта тады і стане дакладна вядома, як ва ўмовах няўстойлівага над­вор’я і змяншэння снегавога покрыва будуць пачуваць сябе азімыя зерневыя культуры і рапс. Дасканалы кантроль дазволіць вызначыць жыццяздольнасць пасеваў, правільна спрагназаваць захаванасць культур, а з улікам гэтага своечасова і правільна скарэкціраваць комплекс ахоўных мерапрыемстваў у вясенні перыяд — апрацоўку фунгіцыдамі і гербіцыдамі.

— Спецыялісты нашай інспекцыі выконваюць шмат розных кантралюючых функцый, якія накіраваны на павышэнне якасці насення сельскагаспадарчых культур, догляд пасеваў у перыяд вегетацыі і нераспаўсюджванне каранцінных аб’ектаў, — апавядала Святлана Цімафеева. — У вясенне-летні перыяд будзем трымаць на кантролі апрацоўку культур пестыцыдамі, своечасовасцю і паўнатой выканання ўсіх неабходных работ у залежнасці ад фазы паспявання. Аграномам сельгаспрадпрыемстваў раім, як пратручваць насенне, праводзіць хімпраполку, як правільна закупіць ядахімікаты. У інспекцыю таксама звяртаюцца фермеры, індывідуальныя прадпрымальнікі і многія гаспадары прысядзібных участкаў. Даём кансультацыі па пытаннях павышэння ўраджайнасці, расказваем пра эфектыўныя сродкі аховы раслін ад хвароб, шкоднікаў і пустазелля.

Анна Анiшкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.