В Поставском центре детей и молодежи подвели итоги районного этапа конкурса «Иди за мечтой!»

Образование

Ідзі за марай!

Так называецца рэспубліканскі конкурс дзіцячай творчасці, прысвечаны ІІ Еўрапейскім гульням, якія пройдуць гэтым летам у Мінску. Вынікі яго раённага этапа 20 сакавіка падвялі ў Пастаўскім Цэнтры дзяцей і моладзі.

Конкурс ладзіцца па 6 намінацыях: «Выяўленчае мастацтва», «Дэкаратыўна-прыкладная творчасць», «Сувенір», «Анімацыйны фільм», «Мастацкая фатаграфія» і «Відэа­ролік». Ён арганізаваны для дзяцей і падлеткаў ва ўзросце ад 4 да 16 гадоў. Удзельнікамі раённага этапа сталі навучэнцы амаль усіх устаноў адукацыі Пастаўшчыны і раённага Цэнтра дзяцей і моладзі, якія даслалі больш за 100 работ у 4 намінацыях (не паступіла толькі мультфільмаў і відэаролікаў). Іх тэматыка вельмі шырокая: спартыўны рух у свеце і ў Беларусі, знакамітыя спартсмены, віды спорту, спартыўныя дасягненні, дзеці і спорт, спорт у маім гора­дзе і ў маім жыцці.

Найбольшую актыўнасць праявілі школьнікі СШ №1 і РЦДМ, а самым папулярным жанрам традыцыйна стала выяўленчае мастацтва. На многіх малюнках няцяжка пазнаць нашу праслаўленую біятланістку Дар’ю Домрачаву. Таксама нямала работ прысвечана хакею, баскетболу, плаванню, фігурнаму катанню. Лыжнікі, тэнісісты, футбалісты, баксёры, лёгкаатлеты, веласіпедысты з’яўляюцца героямі работ, выкананых у розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сімволіка Еўрапейскіх гульняў у Мінску адлюстравана ў сувенірах, моманты спартыўнага жыцця школ і нашага горада, а таксама спорт у жыцці аўтараў — у фотарэпартажах. 

Вызначыць пераможцаў бы­ло не так проста. У выніку ў намінацыі «Сувенір» імі сталі Дар’я Кірэй (РЦДМ, 1-е месца), Анастасія Зайкіна (СШ №2, 2-е месца) і Вікторыя Галатылец (СШ №1, 3-е месца). У астатніх намінацыях вынікі падводзіліся па трох узроставых катэгорыях: 7—9, 10—12 і 13—16 гадоў. Таму прызёраў аказалася больш. У дэкаратыўна-прыкладной творчасці перамаглі калектывы навучэнцаў аб’яднання па інтарэсах «Мастацкі роспіс» і дызайн-студыі «Чароўны кручок» Цэнтра дзяцей і моладзі. На другім месцы Аксана Руновіч з СШ №4, Максім Новік з РЦДМ і Марыя Плюта з Дунілавіцкай ЯССШ, на трэцім — Павел Кракуць (БШ №5) і Дзмітрый Казловіч (Дунілавіцкая ЯССШ). У выяўленчым мастацтве першынствавалі Марыя Марушка (СШ №1) і Кацярына Жук (СШ №3). На другой пазіцыі Анастасія Дулінец (Навасёлкаўская СШ), Аляксей Голуб (РЦДМ) і Марыя Кузняцова (СШ №1), на трэцяй — Валерыя Курэц (СШ №4), калектыў навучэнцаў СШ №3 і Лізавета Касарэўская з Гуцкай СШ. У намінацыі «Мастацкая фатаграфія» пальма першынства дасталася Глебу Смірнову з СШ №1, на другім і трэцім месцах Арсеній Курашэвіч і Арсеній Звяруга з гэтай жа школы. Трэцяе месца таксама ва Уладзіміра Урбанайця з Камайскай СШ.

Работы, якія занялі прызавыя месцы, адпраўлены на абласны этап конкурсу. Будзем чакаць, што і там яны ўвойдуць у лік найлепшых.

Тэкст і фота Алены Шапавалавай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.