В преддверии 23 февраля юноши колледжа померились силами в «Рыцарском турнире»

Образование

Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Беларусі ў актавай зале інтэрната каледжа прайшла конкурсная праграма «Рыцарскі турнір».

Перамозе радуецца каманда «Зорачка»

Скажу без перабольшання: нават не ўяўляла, што застануся ў таім захапленні ад радавога мерапрыемства і буду так азартна балець за яго ўдзельнікаў. Ужо з першых хвілін інтэлектуальна-фізічных спаборніцтваў стала зразумела, што сумаваць не давя­дзецца. І гэта ў многім заслуга аўтара сцэнарыя і вядучай мерапрыемства — бібліятэкара каледжа Наталлі Гігола. Падкуплялі не толькі цікавыя выпрабаванні, але і харызма Наталлі Валяр’янаўны.

— Спадзяюся, што вы будзеце сапернічаць сёння з такой самааддачай, з якой у будучым абараняць Радзіму падчас службы ў арміі, — дала ўстаноўку вядучая ў пачатку вечара і не памылілася — сутычка была гарачай.

На працягу паўтары гадзіны каманды «Легіён», «Спорт — гэта жыццё», «Адрэналін» і «Зорачкі» праяўлялі сябе ў некалькіх блоках. Падчас спартыўнага, самага відовішчнага, неабходна было без дапамогі рук выпхнуць саперніка з намаляванага крэйдай круга, на хуткасць прабегчы задам наперад і з партнёрам на плячах, перадаць праз усю каманду мяч, пазнаць з завязанымі вачыма членаў сваёй каманды, перамагчы ў армрэслінгу. Інтэлектуальныя спаборніцтвы складаліся з віктарыны на веданне ваеннай гісторыі, жартоўных загадак, пералічэння зброі, якой карыстаюцца ваеннаслужачыя. Таксама патрабавалася назваць па чарговасці воінскія званні, сабраць з прапанаваных частак слоў назвы войн. Творчы конкурс прадугледж­ваў арыгінальную візітную картку, маляванне прыгожага самалёта. Былі заданні і для балельшчыкаў. Яны танцавалі і прысядалі ў падтрымку сваіх каманд, рабілі гэта з запалам.

Ацэньвала выступленне канкурсантаў журы ў складзе першага сакратара райкама БРСМ Веранікі Казлоўскай, інспектара інспекцыі па справах непаўналетніх аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Дзмітрыя Юргялевіча і педагога-арганізатара каледжа Аксаны Канчанінай. З невялікай перавагай перамагла каманда «Зорачкі», за гонар якой выступалі Арцём Яцкоўскі, Дзяніс Вдовін, Антон Янчэўскі, Максім Сцепаненка, Віталій Катэйка, Віталій Кураш, Іван Тумаш і Віталій Дубяга. Усе ўдзельнікі «Рыцарскага турніру» атрымалі граматы райкама БРСМ і мячы. Ну і, вядома, неверагодны пазітыў.

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.