3 юбилея на двоих. Владимир и Лидия Врублевские из Осиногородка отметили целых три весомых даты

Важное Общество

Прыгожыя даты. Сумленнае жыццё. Годны працяг

У мінулым месяцы Уладзімір Віктаравіч і Лідзія Сямёнаўна Врублеўскія з вёскі Асінагарадок адзначылі ажно тры важкія даты: 90-годдзе з дня яго нараджэння, 85-годдзе — яе і жалезнае вяселле (65 гадоў сумеснага жыцця).

За гэтымі датамі — цэлае жыццё. Нялёгкае, напоўненае працай, клопатамі, трывогамі, маленькімі і вялікімі радасцямі. Пра яго і ўспаміналі падчас сямейных урачыстасцей у коле дзяцей і ўнукаў ветэраны працы былога калгаса «Кастрычнік», якія адпрацавалі ў жывёлагадоўлі па 35-40 гадоў.

— Мы з Генадзем Коўкіным пасвілі кароў на ферме Губіна, — расказваў мне пазней Уладзімір Віктаравіч. — У той час іх не трымалі кругласутачна ў полі, а прыганялі на ноч у кароўнік. Мы стараліся, каб жывёла добра наядалася, таму і малака даяркі надойвалі шмат. Апошнія 8 гадоў разам з жонкай даглядалі цялят, якіх і па 120 было на ферме. Таксама работы хапала.

Лідзія Сямёнаўна і Уладзімір Віктаравіч Врублеўскія

У сям’і адно за другім нараджаліся дзеці, усяго іх пяцёра. Дэкрэтны водпуск — толькі тры месяцы. Якая маладая маці можа ўявіць сёння такое? А Лідзія ішла на ферму ў чатыры гадзіны раніцы, пакідаючы дзяцей на мужа. Але праз дзве гадзіны і ён мусіў паспець туды ж, каб выгнаць статак на пашу. Падаіўшы кароў, птушкай ляцела дадому, баючыся, каб з малымі нічога не здарылася.

— Аднойчы здалёк чую плач, крыкі, бачу, як дзеці бегаюць кругом хаты — і дранцвею ад страху: напэўна, бяда. Ногі становяцца ватнымі, сэрца вырываецца з грудзей, — узгадвала маці адзін з многіх даўніх эпізодаў. — Дзякаваць Богу, нічога страшнага не адбылося, проста дзеці перасварыліся паміж сабой і ўчынілі вэрхал. Мы з мужам не мелі часу пільна сачыць за імі. Старэйшыя падрасталі і няньчыліся з меншымі. А ўвогуле яны раслі дружнымі, паслухмянымі, працавітымі.

І было ў каго. Бацькі пастаянна былі ў ліку калгасных перада­вікоў. «За дзень так напрацуешся на ферме і дома, што вечарам ледзьве да ложка даходзіш, — успамінала былая даярка. — Думалася, што назаўтра не падымешся. А з раніцы ўсё паўтаралася. У групе было да 27 кароў, даілі тры разы ў дзень уручную. Надоі атрымлівалі высокія, таму і зараблялі добра, прэміі атрымлівала, мела павагу, ездзіла на сходы ў Паставы».

Усё тое даўно ў мінулым і ва ўспамінах. А сёння па няўмольных законах прыроды — старасць і хваробы. «Так хочацца рабіць, а сіл няма. Схаджу курэй выпусціць з хлява — і задыхаюся», — маркоціцца Уладзімір Віктаравіч. «Вельмі баляць ногі. Зранку ледзьве раскратаюся. І зрок садзіцца — катаракта», — дадае пра сваё Лідзія Сямёнаўна.

Але калі ў хаце збіраюцца дзеці і ўнукі, здаецца, што і хваробы адступаюць перад сямейнай еднасцю. Бацькі маюць поўнае права ганарыцца імі. Старэйшая дачка Зоя і малодшы сын Сяргей працуюць майстрамі на Аршанскім ільнокамбінаце, Оля — медсястра Варапаеўскай бальніцы, Віктар — механізатар сельгаспрадпрыемства «Дунілавічы-агра». Валянцін — рабочы рыбгаса «Навінкі». Ва ўсіх — дзеці. У Врублеўскіх 10 унукаў і 6 праўнукаў. Прычым чацвёра з іх выбралі сваёй прафесіяй медыцыну.

— Уяўляеце, колькі падарункаў трэба рыхтаваць для ўсіх? — гаварылі дзядуля з бабуляй. — Але ж гэта нам у радасць.

Дзеці і ўнукі-праўнукі ў сваю чаргу клапоцяцца пра іх. Правялі ў хату ваду, устанавілі бойлер для яе падагрэву і пральную машыну-аўтамат, падарылі тэлевізар з плазменным экранам. А галоўнае — ахінаюць пастаяннай увагай: тэлефануюць і прыязджаюць. Оля па два разы ў год ставіць бацькам кропельніцы. Каб падтрымаць іх сілы, каб доўжыліся гады самых родных і дарагіх людзей.

Тэкст і фота Фаіны Касаткінай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.