В школах Поставщины прошли Дни рабочих профессий и активного профориентирования

Образование

Твая будучыня ў тваіх руках — пад такім дэвізам у лютым–пачатку сакавіка ў школах Пастаўшчыны прайшлі Дні рабочых прафесій і актыўнага прафарыентавання

З дыпломам каледжа не прападзеш

Як правільна выбраць справу, якой будзеце займацца ў далейшым, і не пашкадаваць пра зроблены выбар? Можна выбіраць паступова, метадам спроб і памылак. Але гэты спосаб вельмі доўгі, а таму малаэфектыўны. А можна вывучыць свае магчымасці і суаднесці іх з прафесіямі, якія на сённяшні дзень запатрабаваны». Так пачала прафарыентацыйную сустрэчу з навучэнцамі 9 класа СШ №4 класны кіраўнік Інэса Рудэнка. У той дзень у госці да школьнікаў прыйшлі прадстаўнікі Пастаўскага дзяржаўнага каледжа — выкладчыкі Марына Раманоўская і Сяргей Катовіч. Яны распавялі пра спецыяльнасці тэхніка-механіка і повара 5-га разраду, набор на якія ажыццяўляецца пасля 9 класа.

Выкладчыкі каледжа Марына Раманоўская і Сяргей Катовіч з навучэнцамі 9 класа СШ №4

Педагогі акцэнтавалі ўвагу падлеткаў на тым, што дадзеныя спецыяльнасці зараз вельмі запатрабаваныя на рынку працы і знайсці работу па іх пасля заканчэння каледжа нават у такім невялікім гарадку, як Паставы, нескладана. А некаторым выпускнікам удаецца працаўладкавацца за мяжой. Немалаважна і тое, што маладыя людзі атрымліваюць і сярэднюю, і сярэднеспецыяльную адукацыю. Гэта дае ім магчымасць прадоўжыць навучанне ў ВНУ. Усім навучэнцам выплачваецца стыпендыя, памер якой залежыць ад паспяховасці. Да паслуг юнакоў і дзяўчат сучасныя вучэбная і спартыўная базы, сталовая, добраўпарадкаваны інтэрнат.

Школьнікі даведаліся таксама пра ўмовы паступлення ў каледж, мінулагоднія прахадныя балы на названыя вышэй спецыяльнасці і тэрміны навучання па іх, атрымалі запрашэнне на дзень адчыненых дзвярэй, які праводзіцца ў час вясенніх канікулаў. Пра тое, што сустрэча была карыснай, сведчылі шматлікія пытанні вучняў да выступоўцаў, інтарэс да прынесеных імі рэкламных брашур з усімі спецыяльнасцямі і правіламі прыёму ў ССНУ, якія парасхоплівалі як гарачыя піражкі.

Для работы на зямлі патрэбны веды

Група навучэнцаў Варапаеўскай СШ 2 сакавіка пабывала ў ААТ «Навасёлкі-Лучай». У гаспадарку, якая з’яўляецца вучэбнай пляцоўкай аграрнага класа школы, разам з яго вучнямі адправіліся 12 дзевяці­класнікаў, якія на наступны год плануюць пайсці ў аграрны клас. Каманду з 25 чалавек суправа­джалі дырэктар школы Віктар Жук і намеснік па вучэбнай рабоце Таццяна Віршута.

Гасцей сустракалі намеснік дырэктара адкрытага акцыянернага таварыства Міхаіл Дайлідзёнак і юрысконсульт Алена Махніс. Яны расказалі пра гаспадарку, яе дасягненні і вытворчыя паказчыкі, умовы працы, заработную плату, падтрымку маладых работнікаў. Сустрэча праходзіла ў кабінеце дырэктара ААТ «Навасёлкі-Лучай», дзе школьнікі ўбачылі шматлікія ўзнагароды: вымпелы, граматы, дыпломы. Затым вучняў правялі па кабінетах спецыялістаў, у тым ліку паказалі кабінет аховы працы, устаноўленую сістэму навігацыі, дзякуючы якой у рэжыме рэальнага часу можна адсачыць, дзе ў дадзены момант знаходзіцца трактар або камбайн і колькі ён зрасходаваў паліва.

Экскурсія прадоўжылася на мехдвары. Школьнікі агледзелі сучасную тэхніку, якая выкарыстоўваецца ў гаспадарцы, жадаючыя змаглі пасядзець у кабінах магутных сельскагаспадарчых машын. Далейшы шлях ляжаў на рабатызаваную малочнатаварную ферму «Коўзаны», дзе старшакласнікам прадэманстравалі працэс дойкі кароў, умовы ўтрымання іх і цялят. Вучні ўбачылі, што сельская гаспадарка сёння — гэта даволі развітая галіна і для работы ў ёй неабходны грунтоўныя веды.

Наступным прыпынкам экскурсантаў стала кафэ «На Набярэжнай». Там за смачным абедам гасцям паказалі фільм пра гісторыю і сённяшні дзень навасёлкаўцаў. Завяршыўся візіт у актавай зале адміністрацыйнага будынка ААТ «Навасёлкі-Лучай» падвя­дзеннем вынікаў. Школьнікі па­дзяліліся з гаспадарамі ўражаннямі ад убачанага, некаторыя з іх выказалі жаданне пасля заканчэння вучобы прыйсці сюды працаваць. На памяць пра сустрэчу вучні аграрнага класа атрымалі насценны гадзіннік з лагатыпам гаспадаркі, а тыя ў сваю чаргу падарылі шэфам кубкі з выявай Варапаеўскай СШ.

Па словах дырэктара школы, працягам прафарыентацыйнай работы ў навучальнай установе стане экскурсія ў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт, па дагаворы з якім адкрыты аграрны клас. Яна адбудзецца 23 сакавіка, у дзень адчыненых дзвярэй ВНУ.

Тэкст і фота Алены Шапавалавай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.