Заняты или не заняты в экономике? Актуальное интервью по Декрету №3 «О содействии занятости населения»

Важное Общество

Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №3 ад 2 красавіка 2015 года «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва», прыняты з мэтай папярэджання такой з’явы, стымулявання працаздольных грамадзян да працоўнай дзейнасці, забеспячэння выканання канстытуцыйнага абавязку грамадзян у фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам платы падаткаў. 12 лютага 2017 года ў яго ўнесены змяненні. Пра тое, як рэалізуюцца палажэнні дэкрэта, карэспандэнт «Пастаўскага краю» Фаіна Касаткіна гутарыць са старшынёй раённай камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва Пятром Курто.

— Пётр Леанідавіч, пачнём з лічбаў. Колькі працаздольных жыхароў Пастаўшчыны значацца ў базе даных як не занятыя ў эканоміцы?
— Гэта рэспубліканская база, у якую заносяцца прозвішчы людзей працаздольнага ўзросту, якія зарэ­гістраваны на тэрыторыі краіны, але па нейкіх прычынах не працуюць або адсутнічаюць звесткі пра іх занятасць у эканоміцы. Па Пастаўскім раёне на 25 лютага такіх грамадзян значылася больш за 2 тысячы. У параўнанні з іншымі раёнамі лічба даволі высокая.

— Яна сведчыць пра тое, што на Пастаўшчыне высокі ўзровень беспрацоўя?
— Не зусім так. Узровень беспра­цоўя да эканамічна актыўнага насельніцтва на 1 студзеня бягучага года ў раёне складаў 0,6 працэнта. Адметнасць нашага раёна ў тым, што вельмі многія грамадзяне праца­здольнага ўзросту на Пастаўшчыне прапісаны, а працуюць або вучацца за мяжой — у Расіі, Прыбалтыцы, Германіі, Іспаніі, ЗША і іншых краінах і не прадстаўлялі дакументаў для пацвярджэння іх занятасці. Нашы дзяўчаты выходзяць замуж за замежнікаў, але захоўваюць пастаўскую прапіску. І калі мы атрымліваем афіцыйныя пацвярджэнні суайчыннікаў аб іх знаходжанні за мяжой, то ў базу даных эканамічна не занятых грамадзян яны не ўносяцца. Ёсць і катэгорыя асацыяльных грамадзян, якія не працуюць і не імкнуцца працаўладкоўвацца.

— Раскажыце, калі ласка, пра работу камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва.
— Яна працуе ў раёне з чэрвеня мінулага года. У камісію звярнулася не адна сотня чалавек. Прыходзяць параіцца, атрымаць кансультацыю, прыносяць або дасылаюць па пошце, у тым ліку электроннай, дакументы, якія пацвярджаюць працаўладкаванне. Два разы ў месяц прахо­дзяць пасяджэнні камісіі. Мы займаемся як удакладненнем звестак, так і садзейнічаем занятасці — дапамагаем знайсці работу па спецыяльнасці або прапануем перанавучанне, атрымаць субсідыю, напрыклад для ажыццяўлення прадпрымаль­ніцкай дзейнасці, кансультуем па пытаннях самазанятасці.

На адрасы ўсіх грамадзян, якія значацца не занятымі ў эканоміцы, былі разасланы пісьмы з запрашэннем з’явіцца ў камісію для пацвяр­джэння або адмены такога статусу. Акрамя таго, з пачатку бягучага года члены камісіі (дарэчы, яна дзейнічае на грамадскіх пачатках) і іншыя актывісты тройчы рабілі абходы па абазначаных адрасах з мэтай высвятлення сапраўднага статусу такіх грамадзян.

— Тыя, хто не пацвердзіў дакументальна сваю занятасць, будуць па поўных тарыфах плаціць за жыллёва-камунальныя паслугі?
— Першапачаткова мелася на ўвазе, што такая мера будзе прыменена з 1 студзеня 2019 года. Аднак ва ўрадзе і Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны працягвалася работа па вывучэнні сітуацыі ў сувязі з рэалізацыяй Дэкрэта №3, улічвалі­ся нюансы, якія з’яўляліся. Урадам было прынята рашэнне аб дадатковым інфармаванні грамадзян, каб даць ім магчымасць аж да канца лютага бягучага года ўладкавацца на працу або пацвердзіць сваю занятасць. Калі яны гэтага не зрабілі, налічэнне поўнай платы за гарачую ваду будзе выстаўлена ў жыроўках у сакавіку, прычым і за два папярэднія месяцы таксама. Тут варта сказаць пра тое, што поўная плата бу­дзе брацца толькі з тых не занятых у эканоміцы, хто з’яўляецца ўласнікам жылля або на каго аформлены дагавор арэнды, і прапарцыянальна з зарэгістраваных па тым жа адрасе грамадзян, якія таксама не занятыя ў эканоміцы. Неплацельшчыкам пагражаюць штрафныя санкцыі ў выглядзе пені і адключэнне ад паслугі. У нашым раёне значылася 166 такіх уласнікаў, 136 з іх пацвердзілі сваю занятасць і выключаны з базы. Дарэчы, па меры паступлення пацвярджальных дакументаў яна мяняецца кожны дзень.

— Але ж людзі трапляюць у розныя жыццёвыя сітуацыі. Можа, у каго яна настолькі складаная, што не дазваляе працаўладкавацца.
— У такіх выпадках абавязкова трэба звяртацца ў нашу камісію. Улі­чыўшы цяжкія жыццёвыя абставіны, яна мае права часова вызваліць грамадзяніна ад абавязку плаціць за жыллёва-камунальныя паслугі па поўных тарыфах. Пад цяжкай жыццёвай сітуацыяй маюцца на ўвазе абставіны, якія чалавек не можа пераадолець па незалежных ад яго прычынах. Напрыклад, доўга хварэў і патрабуецца працяглы перыяд для аднаўлення здароўя, а групы інваліднасці не мае; моцна хворыя і састарэлыя бацькі, а іх догляд афіцыйна не аформлены; шукаеце работу, але пакуль беспаспяхова і г.д. Кожная сітуацыя дэталёва разглядаецца на пасяджэнні камісіі, і па выніках разгляду прымаецца рашэнне. Не ўсе ведаюць і тое, што лічацца занятымі ў эканоміцы і людзі, якія вырошчваюць прадукцыю раслінаводства (за выключэннем прадукцыі кветкаводства, дэкаратыўных рас­лін, іх насення і расады), жывёлагадоўлі на зямельным участку, прадастаўленым ім або членам іх сем’яў для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, агародніцтва, традыцыйных народных промыслаў (рамёстваў), сенакашэння і выпасу сельскагаспадарчай жывёлы, вядзення фермерскай гаспадаркі, будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома.

— Колькі чалавек пацвердзілі сваю занятасць?
— Больш за тысячу. Прыём грама­дзян камісіяй праводзіцца кожны рабочы дзень у памяшканні райвыканкама (другі паверх, кабінеты №№25 і 27). Даведкі можна атрымаць па тэлефонах: 4-32-50, 4-11-95.

Фота Сяргея Вшыўкава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.