19 апреля на футбольной базе ПМЦ наградили призеров первого этапа соревнований по футболу » Кожаный мяч»

Спорт

Разыгралі прызы «Скуранога мяча»

19 красавіка на футбольнай базе ПМЦ па вуліцы Азёрнай адбылося ўзнагароджанне прызёраў першага, гарадскога, этапа спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па футболе «Скураны мяч» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

Арганізатары дзіцячага футбольнага свята — аддзел па адукацыі райвыканкама, ДА «Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна» і райкам БРСМ. Праводзіліся спаборніцтвы з 15 па 19 красаві­ка. Удзел у іх прынялі 11 каманд у трох узроставых катэгорыях. У малодшай групе ўзровень валодання мячом дэманстравалі 9- і 10-гадовыя хлопчыкі, у сярэдняй — 2007—2008 гадоў нараджэння, у старэйшай — 2005—2006. Каманды былі сфарміраваны на базе школ і гімназіі па прынцыпе месца жыхарства ігракоў. 

— Дзякуй усім за ўдзел! Вы паказалі прыгожую, захапляльную гульню, выдатную тэхніку валодання мячом. Спадзяюся, што поспех вам будзе спадарожнічаць і на наступным, занальным, этапе спаборніцтваў, які адбу­дзецца 4 мая. На ім сапернікамі нашых каманд-пераможцаў стануць прадстаўнікі Лепельскага, Докшыцкага, Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў, — гаварыў генеральны дырэктар ФКСіТ Пастаўскага раёна Станіслаў Чымбург падчас узнагароджання прызёраў. — Калі ўсё складзецца ўдала, то трапім на фінальныя абласныя гульні, а потым і на рэспубліканскія. Пастаўчане ўжо неаднойчы на «Скураным мячы» гучна заяўлялі пра сябе на ўсю краіну. Поспехаў!

Асобныя словы падзякі і апладысменты гучалі ў адрас трэнера па футболе Васілія Грантоўскага, які прыклаў шмат намаганняў, каб арганізаваць футбольныя матчы.

У малодшай узроставай групе перамогу святкавала каманда «Чайка» (СШ №1). Па суме розні­цы забітых і прапушчаных мячоў другое месца прысуджана «Ракеце» (СШ №2), на трэцім —  «Метэор» (СШ №4). У сярэдняй групе вызначыліся «Чайка», «Метэор» і «Ракета». У старэйшай тур­нірную табліцу ўзначаліла каманда «Ракета», на другім і трэцім адпаведна — «Чайка» і «Метэор». Прызёры ўзнагаро­джаны дыпломамі і сувенірамі.

Традыцыйна былі вызначаны найлепшыя футбалісты. Найлепшымі варатарамі ў малодшай, сярэдняй і старэйшай узроставых групах прызнаны адпаведна Кірыл Борыс, Ілья Якубоўскі і Віталій Врублеўскі. Рэзультатыўней за астатніх вароты сапернікаў штурмавалі і сталі найлепшымі бамбардзірамі Ігнат Цымбалюк (7 галоў), Аляксандр Кабяк (14) і Мікіта Ярамееў (10). Найлепшыя ігракі — Мацвей Лысёнак, Ігнат Курыловіч і Кірыл Цыунэль. Хлопчыкі адзначаны кубкамі з роспісам на футбольную тэматыку.

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.