26 марта в райисполкоме работала очередная, 11-я по счету, сессия Поставского районного Совета депутатов

Главное Местная власть

Абмеркавалі надзённае

26 сакавіка ў райвыканкаме працавала чарговая, 11-я па ліку, сесія Пастаўскага раённага Савета дэпутатаў. Узначаліў яе старшыня райсавета Пётр Курто.

На пасяджэнне былі запрошаны члены райвыканкама, начальнікі яго аддзелаў і ўпраўленняў, старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў, кіраўнікі сельскагаспадарчых арганізацый, прамысловых прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый. У рабоце сесіі таксама ўдзельнічалі кіраўнік раёна Сяргей Чэпік і першы намеснік начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Андрэй Гаўрыленка.

Дэпутацкі корпус абмеркаваў мерапрыемствы, якія праводзяцца на Пастаўшчыне па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны, а таксама як раён рыхтуецца да святкавання 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Справаздачу па гэтым пытанні прадставіў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў. Яго выступленне дапоўнілі Ксенія Грэська (дырэктар Цэнтра культуры і народнай творчасці), Аляксандр Кузняцоў (дырэктар Юнькаўскай яслі-сад—базавай школы), Дзіяна Пякарская (дырэктар ТЦСАН) і Вераніка Казлоўская (1-ы сакратар райкама БРСМ). Яны распавялі пра ўклад іх  калектываў у агульную справу захавання гісторыка-культурнай спадчыны раёна і падрыхтоўку да важнай для гісторыі нашай краіны юбілейнай даты.

Падводзячы вынікі абмеркаванага, старшыня райсавета дэпутатаў Пётр Курто завастрыў увагу на тым, што яшчэ неабходна зрабіць па гэтых напрамках. У прыватнасці, штогод складаць праекты зон аховы, праводзіць рамонтныя і рэстаўрацыйныя работы на нерухомых аб’ектах, якія маюць статус гісторыка-культурных каштоўнасцей.

А таксама добраўпарадкоўваць месцы воінскіх пахаванняў, працягваць устанаўліваць прозвішчы невядомых раней воінаў і мірных грамадзян, якія загінулі падчас вайны і пахаваныя на Пастаўшчыне, шукаць звесткі пра нашых землякоў, якія знай­шлі вечны спачын на тэрыторыі іншых краін. 

На разгляд сесіі выносілася таксама пытанне пра работу з насельніцтвам па прафілактыцы ўжывання алкаголю, наркотыкаў і псіхаактыўных рэчываў. Дакладваў па ім першы намеснік начальніка РАУС Дзміт­рый Куталёў, судакладчыкамі выступілі Жанна Папова (урач-нарколаг Пастаўскай ЦРБ) і Ніна Каспяровіч (галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама). Каб эфектыўна процідзейнічаць негатыўным тэндэнцыям у развіцці крымінагеннай абстаноўкі ў раёне, заслухаўшы выступоўцаў, раённым Саветам дэпутаў было прынята адпаведнае рашэнне. У ім прадугледжаны шэраг мерапрыемстваў для розных суб’ектаў прафілактыкі. Таксама прапісаны канкрэтныя патрабаванні да кіраўніцтва кафэ і бараў райцэнтра: абсталяваць установы сістэмамі відэаназірання, сачыць, каб не было іх перанапаўнення, выключыць выпадкі знаходжання ў іх непаўналетніх і інш.

Падчас работы 11-й сесіі народныя абраннікі заслухалі Пятра Курто па пытанні ўдзелу Пастаўскага раённага Савета дэпутатаў у стварэнні Віцебскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў, а таксама начальніка фінансавага аддзела райвыканкама Людмілу Шэцку пра ўнясенне змяненняў у рашэнне райсавета дэпутатаў ад 30 снежня 2015 года №74.

Людміла Зелянкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.