7 команд из городских школ, гимназии и колледжа приняли участие в спартакиаде «Спортивная весна-2019»

Спорт

Хуткасць, сілу і спрыт прадэманстравалі ўдзельнікі спаборніцтваў «Спартыўная вясна-2019»

Спартакіяда праходзіла на базе каледжа і была прымеркавана да Сусветнага дня здароўя і 115-годдзя прафсаюзнага руху Беларусі. ­Удзел у ёй прынялі 7 каманд з ліку навучэнцаў гарадскіх школ, гімназіі і каледжа.

Камандам, якія складаліся з 6 юнакоў, неабходна было прадставіць сябе членам журы і гледачам, прабегчы з эстафетнай палачкай, пракаціць баскетбольны мяч гімнастычнай палкай, паспаборнічаць у перацягванні каната, эстафетах «Сіямскія блізняты», «Пераноска «параненага», «Тачка», «Насілкі». Конкурсныя заданні патрабавалі ад удзельнікаў вынослівасці, сілы, хуткасці і спрыту, кемлівасці, а галоўнае — згуртаванасці каманды, байцоўскага духу. Усе гэтыя якасці не проста прысутнічалі — білі цераз край, як і эмоцыі. Шыкоўныя групы падтрымкі былі ў каманд з СШ №1 і №4.

З такім жа азартам за поспехамі ўдзельнікаў назірала і журы. У яго ўваходзілі арганізатары мерапрыемства ў асобах сакратароў райкама БРСМ Веранікі Казлоўскай і Анастасіі Скрыдлеўскай, дырэктара трэнажорнай залы «Рэжым» Віталія Пахомчыка, старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Іны Далецкай, дырэктара каледжа Сяргея Герасіменкі, а таксама начальнік службы раскватаравання і эксплуатацыі аддзела матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ваеннага шпіталя Аляксандр Баглікаў і начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Віталій Кішко.

Найлепшы вынік паказала каманда СШ №4 і заняла першае месца. Другое ў СШ №2, трэцяе — у СШ №1. Хоць і не занялі прызавых месцаў, але таксама выдатна паказалі сябе каманды групы 1-ДП (каледж), гімназіі, груп 1-А і 221 (каледж). Усе каманды атрымалі ў падарунак тарты. Прызёры адзначаны граматамі райкама БРСМ і медалямі, а пераможцы — яшчэ і абанементамі на месяц на наведванне трэнажорнай залы «Рэжым» для кожнага ўдзельніка каманды.

— Адкуль такая зацікаўленасць у заахвочванні моладзі да заняткаў спортам? — пытаюся ў Віталія Пахомчыка — ­адзінага з арганізатараў мерапрыемства, які не належыць да дзяржаўных структур. Дарэчы, ён не толькі арганізатар і спонсар, але і сам распрацоўваў конкурсную праграму.

— Хочацца, каб маладыя людзі развіваліся фізічна, былі ў выдатнай спартыўнай форме, вялі актыўны лад жыцця. Я і сам прытрымліваюся такой жыццёвай пазіцыі, — адказваў. — З райкамам БРСМ у нас заключаны дагавор аб супрацоўніцтве, які дзейнічае ўжо тры гады. Згодна з ім, саюзнай моладзі прадастаўляецца скідка пры пакупцы абанемента ў «трэнажорку», ладзім разнастайныя спартыўныя мерапрыемствы. Прыемна назіраць, які байцоўскі дух праяўляюць хлопцы і дзяўчаты падчас спаборніцтваў.

І такая актыўная пазіцыя не можа не радаваць.

Вераніка Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.