«Дело чести и священный долг». В Поставах продолжается работа по установлению личностей солдат, погибших в годы ВОВ

75 лет освобождения Витебщины от немецко-фашистских захватчиков Важное

Да апошняга салдата

З мэтай устанаўлення даных пра загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны воінаў Чырвонай арміі на Пастаўшчыне вядзецца актыўная архіўна-даследчая работа. Займаюцца ёю як навуковыя супрацоўнікі раённага краязнаўчага музея, так і валанцёры-пошукавікі. Іх намаганнямі з 2011 па 2016 год устаноўлены прозвішчы 249 салдат і камандзіраў, якія засталіся навечна ляжаць у пастаўскай зямлі. Вялікую пошукавую работу разам з вучнямі праводзіць дырэктар Юнькаўскай яслі-сад—базавай школы Аляксандр Кузняцоў. Толькі за перыяд з 2017 года з дапамогай звестак аб’яднанага банка даных «Мемарыял» і іншых крыніц ён змог устанавіць больш за 100 прозвішчаў раней невядомых савецкіх салдат, палеглых на тэрыторыі Пастаўскага раёна. Усяго ж зараз мы ведаем імёны 747 воінаў, пахаваных у брацкіх магілах, 33 салдаты пакуль застаюцца безыменнымі. 

— Для нас справа гонару і свяшчэнны абавязак — не толькі ўстанавіць прозвішчы ўсіх загінулых воінаў, але і ўвекавечыць іх імёны на мемарыяльных плітах брацкіх магіл, па магчымасці знайсці родных герояў і паведаміць ім, дзе тыя пахаваныя, — расказвала дырэктар краязнаўчага музея Таццяна Гарошка.

Штогод на Пастаўшчыне праводзяцца акцыі па добраўпарадкаванні месцаў пахавання загінулых у час войнаў. Іх актыўнымі ўдзельнікамі з’яўляюцца валанцёры, краязнаўцы — нераўнадушныя да гісторыі сваёй краіны людзі. З раённага бюджэту выдзяляюцца сродкі на прывя­дзенне ў належны стан воінскіх пахаванняў і помнікаў воінскай славы. Так, у 2017—2018 гадах добраўпарадкаваны помнік на брацкай магіле па вуліцы Чырвонаармейскай у райцэнтры, дзе спачываюць 333 воіны. Дадаткова выраблена мемарыяльная пліта з высечанымі на ёй новымі прозвішчамі салдат, якія раней лічыліся невядомымі.

Сёлета на рэалізацыю Дзяржаўнай праграмы па ўвекавечанні памяці пра загінулых пры абароне Айчыны і захаванні памяці пра ахвяр войнаў з раённага бюджэту выдзелена 5000 рублёў. На гэтыя грошы будуць выраблены і ўстаноўлены новыя мемарыяльныя пліты з нанясеннем прозвішчаў раней невядомых воінаў на брацкіх магілах у вёсцы Манькавічы, г.п. Лынтупы і аграгарадку Камаі, яшчэ дабавяцца прозвішчы на надмагільных плітах воінскіх пахаванняў па вуліцы Чырвонаармейскай у Паставах і ў г.п. Варапаева, на пліце на месцы пахавання ахвяр вайны па вуліцы Савецкай у райцэнтры.

За апошнія гады на брацкіх магілах пабывала нямала родных загінулых абаронцаў Айчыны. Два гаты назад на 9 Мая з Масквы прыязджала ўнучка намесніка камандзіра авіяпалка капітана Паўла Дусава, які загінуў 23 чэрвеня 1941 года і пахаваны па вуліцы Чырвонаармейскай. Многія дзесяцігоддзі яго сын шукаў магілу бацькі, але так і не змог знайсці, завяшчаўшы перад смерцю сваёй дачцэ прадоўжыць пошукі. І тая праз АБД «Мемарыял» даведалася, што прах дзеда знаходзіцца ў Паставах.

Сёлета да нас збіраюцца прыехаць з Санкт-Пецярбурга і Казахстана родныя чырвонаармейцаў Сяргея Стралкова і Антона Філатава, загінулых у пачатку ліпеня 1944 года і пахаваных у брацкіх магілах у Варапаеве і Манькавічах. Звесткі пра іх ўстаноўлены нядаўна.

— Ніводны зварот з нагоды пошуку месца пахавання або ўстанаўлення даных пра загінулых мы не пакідаем без увагі, — працягвала Таццяна Гарошка. — У чэрвені мінулага года ў райвыканкам звярнулася жыхарка горада Вязьма Смаленскай вобласці з просьбай дапамагчы адшукаць магілу яе дзеда Лявона Карабкова. Вядома, што ў першыя дні вайны ён трапіў у палон і разам з іншымі чырвонаармейцамі ўцёк, калі немцы везлі палонных па чыгунцы з Глыбокага ў Лынтупы. Доўгі час чырвонаармейца хавала ад фашыстаў мясцовае насельніцтва, а лячыў мясцовы ўрач. Але 15 кастрычніка 1941 года ён памёр і быў пахаваны каля вёскі Цешалава. Работнікі музея і мясцовыя краязнаўцы правялі вялікую даследчую работу, але знайсці магілу Лявона Карабкова так і не ўдалося. Тым не менш яго прозвішча ўвекавечана ў спісах пахаваных у брацкай ма­гіле па вуліцы Чырвонаармейскай у Паставах.

З мэтай увекавечання памяці пра загінулых у Віцебскі аблвыканкам паступаюць звароты з пасольстваў краін, ураджэнцы якіх аддалі свае жыцці за вызваленне Пастаўшчыны. У той жа час не вядомыя месцы гібелі многіх нашых землякоў. Звесткі пра 200 з іх, якія развіталіся з жыццём на тэрыторыі іншых краін, унесены ў базу даных «Землякі Віцебскай вобласці, загінулыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пастаўскі раён». У гэтым напрамку супрацоўнікі музея таксама вядуць актыўную работу.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.