Доходчиво о важном. С 25 по 31 марта на Поставщине прошла неделя финансового грамотности

Образование

З 25 па 31 сакавіка ў рамках глабальнай кампаніі па пашырэнні ведаў дзяцей і моладзі пра фінансы на Пастаўшчыне, як і ў цэлым у Рэспубліцы Беларусь, у сёмы раз прайшоў тыдзень фінансавай адукаванасці.
Яго мэтай было пазнаёміць маладое пакаленне з правіламі фінансавых паводзін, даць карысныя парады, як правільна траціць і зберагаць грошы, расшырыць веды пра магчымасці атрымання даходу.

Галоўным каардынатарам гэтага праекта з’яўляецца Міжнародная арганізацыя фінансавай адукацыі дзяцей і моладзі, якую падтрымліваюць прыкладна ў 170 краінах свету, у тым ліку ў Беларусі. У нас актыўны ўдзел у мерапрыемствах тыдня прымаюць такія буйныя фінансавыя ўстановы, як акцыянерны ашчадны банк «Беларусбанк» і адкрытае акцыянернае таварыства «Белаграпрамбанк». Што датычыць апошняга, то тут у 2014 годзе нават зара­дзілася маштабная акцыя па фінансавай адукаванасці «Твае першыя фінансы!». У яе рамках вучні 5-х класаў школ і гімназій у простай і займальнай форме знаёмяцца з такімі сур’ёзнымі і неабходнымі ў жыцці паняццямі, як фінансы, банкі, грошы, уклады, крэдыты. А атрыманыя веды замацоўваюцца ўручэннем брашур з аднайменнай назвай.

Намеснік дырэктара — начальнік аддзела рознічнага бізнесу ЦБП №230 ААТ «ААБ Беларусбанк» Валерый Гутар з дзецьмі з аздараўленчага лагера пры СШ №2

— Мы разумеем, наколькі важна думаць пра заўтрашні дзень, і нават маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак цэнім як патэнцыяльных кліентаў, — кажа начальнік аддзела рознічнага продажу Цэнтра банкаўскіх паслуг №217 у г. Паставы рэгіянальнай дырэкцыі па Віцебскай вобласці ААТ «Белаграпрамбанк» Таццяна Гунько. — Сёння дзіцячая ашчадная праграма «Расці вялікі!» дае магчымасць яе ўдзельнікам карыстацца дзіцячай банкаўскай плацежнай картачкай, а ў далейшым — атрымаць крэдыт «Студэнцкі». Пасля чаго, магчыма, яны з падтрымкай Белаграпрамбанка пачнуць свой бізнес.

Дзіцячая ашчадная праграма «Расці вялікі!» дае магчымасць яе ўдзельнікам карыстацца дзіцячай банкаўскай плацежнай картачкай, а ў далейшым — атрымаць крэдыт «Студэнцкі».

Падчас сёлетняга тыдня фінансавай адукаванасці Таццяна Аляксандраўна пабывала ў СШ №1 і Пастаўскім дзяржаўным каледжы. У сярэднеспецыяльнай навучальнай установе яна павяла размову пра грошы ў дзяржаве, інфляцыю і цэнавую стабільнасць. Работнік банка растлумачыла маладым лю­дзям, чаму без грошай немагчыма развіццё грамадства, адкуль яны бяруцца ў краіне, ці можа Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь надрукаваць столькі грашовых знакаў, колькі трэба ўсім, і што бывае, калі ў экано­міцы з’яўляецца лішак грошай, а таксама хто адказвае за цэнавую стабільнасць і як вылічваецца змяненне цэн.

Прадстаўнікі яшчэ аднаго ЦБП — №230 ААТ «ААБ Беларусбанк» — правялі навучальнае мерапрыемства «Даходы. Расходы. Сямейны бюджэт» для вучняў 1—2 класаў аздараўленчага лагера «Усмешка» пры СШ №2. Яны падрыхтавалі прэзентацыю для дзяцей, расказалі, чаму неабходна планаваць асабісты бю­джэт, як правільна зберагаць і разумна пазычаць, а таксама параўноўваць фінансавыя прадукты. Увага школьнікаў была акцэнтавана на тым, што недастатковая фінансавая дасведчанасць часта становіцца прычынай прыняцця грамадзянамі неабгрунтаваных фінансавых рашэнняў і ўцягнення іх у фінансавыя махлярскія схемы. Гэта наносіць урон як самім грама­дзянам, так і дзяржаве, зніжае давер насельніцтва да фінансавага сектара і яго прадуктаў.

У працэсе прэзентацыі маленькія фінансісты адказалі на зададзеныя пытанні і атрымалі ў падарунак ад банка кнігі «Грошык і таямнічы кошык».

— У паспяховым вырашэнні задач павышэння фінансавай адукаванасці насельніцтва за­цікаўлена шмат розных бакоў: дзяржава, банкі, бізнес, самі грамадзяне. Спадзяёмся, што такія сустрэчы будуць садзейнічаць фінансавай адукаванасці дзяцей і моладзі і, як вынік, — павышэнню ўзроўню жыцця, стабільнасці і працвітанню эканомікі і грамадства ў цэлым, — зазначыў намеснік дырэктара — начальнік аддзела рознічнага бізнесу ЦБП №230 ААТ «ААБ Беларусбанк» Валерый Гутар.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.