Два тендера, работа в три смены. В ОАО «Поставымебель» производство загружено на полную мощность

Важное Общество

Працуе на поўную магутнасць

У першым квартале бягучага года аб’ёмы вытворчасці ААТ «Паставымэбля» ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага выраслі на 153,5%. Такі высокі працэнт забяспечылі два выйграныя тэндары. Каб справіцца з заказамі, працаваць давялося ў тры змены замест дзвюх. Зараз вярнуліся да звыклага рэжыму работы, вытворчасць загружаная на поўную магутнасць.

Умацоўваюць пазіцыі

— Наш асноўны від дзейнасці — вытворчасць мэблі для навучальных устаноў. Улічваючы спецыфіку прадукцыі, працаваць даводзіцца ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі, бо ў кожнай вобласці ёсць прадпрыемствы, якія імкнуцца заняць гэту нішу сваёй прадукцыяй, — расказваў дырэктар прадпрыемства Сяргей Лацецкі. — Тым не менш імкнёмся ўтрымліваць заваяваныя раней пазіцыі, пашыраем асартымент, шукаем новых кліентаў, актыўна ўдзельнічаем у працэдурах закупак, якія праводзяцца ў нашай краіне на пастаўку вучнёўскай мэблі, і часта выходзім пераможцамі.

Дэталі мэблі фрэзеруе станочнік Дзяніс Радкевіч

Напрыканцы мінулага года «Паставымэбля» выйграла тэндар, які праводзіў Нацыянальны інстытут адукацыі Беларусі, на пастаўку мэблі для навучальных устаноў краіны. На заводзе выраблена 310 камплектаў для абсталявання школьных кабінетаў хіміі і біялогіі. Прадукцыя дастаўлена па месцы прызначэння, вядзецца яе зборка. Займаюцца гэтым таксама работнікі прадпрыемства, што выклікае пэўныя цяжкасці, бо людзей неабходна адрываць ад вытворчасці, накіроўваць у камандзіроўкі. Але нічога не зробіш — гэтага патрабуе рынак. У студзені—сакавіку завод пастаўляў мэблю ў інтэрнаты студэнцкіх гарадкоў сталіцы, якія будуць прымаць гасцей і ўдзельнікаў ІІ Еўрапейскіх гульняў.

Паспрыяў экспарту і Варапаеўскі ДАК

Прадукцыя прадпрыемства вядомая не толькі на ўнутраным рынку. У прыватнасці, пастаўляе мэблю з масіву сасны (сталы, крэслы, ложкі, камоды і г.д.) у Германію, камплекты вучнёўскай мэблі па эскізах заказчыкаў — у Літву і Латвію. Заключаны кантракты з Расіяй і Малдовай.

Пасля закрыцця Варапаеўскага ДАКа 13 яго работнікаў уладкаваліся ў «Паставымэблю». Завод забяспечвае іх падвоз з гарадскога пасёлка ў райцэнтр. Дырэктар надзвычай задаволены новымі кадрамі. Перайшлі ў «спадчыну» пастаўскаму «школьніку» і напрацоўкі варапаеўцаў у плане дзелавых кантактаў. Найперш гэта кантракт на пастаўку абедзенных сталоў у Фінляндыю. Дарэчы, два тыдні таму прадстаўнікі фінляндскай фірмы прыязджалі ў Паставы азнаёміцца з прадукцыяй прадпрыемства. Убачаным засталіся задаволеныя і плануюць з пастаўскім таварам выходзіць на рынкі Нарвегіі і Швецыі.

Неабходна заяўляць пра сябе

Прадпрыемства актыўна ўдзельнічае ў спецыялізаваных выставах і кірмашах, міжнародных форумах, днях Віцебскай вобласці, якія ладзяцца за межамі Беларусі. На такіх мерапрыемствах прысутнічае вялікая колькасць патэнцыяльных пакупнікоў, у тым ліку аптовых. Ёсць магчымасць заявіць пра сябе, прарэкламаваць тавар.

У сакавіку «Паставымэбля» ўдзельнічала ў выставе «Мэбля & Інтэр’ер дызайн. дэкор», якая праходзіла ў Мінску. На ёй прадставіла чатыры распрацоўкі апошніх гадоў, і ўсе, як адна, выклікалі інтарэс у прысутных. Дзякуючы якасці і прывабнай цане садовымі лаўкай-трансформерам і двухмеснай лаўкай-качалкай зацікавіліся прыватныя асобы, рэстаратары і ўладальнікі кафэ звярнулі ўвагу на набор мэблі для кафэ, прызначаны для абуладкавання зон адпачынку на свежым паветры. Сапраўдны фурор выклікала лаўка-стол трансформер. Усеагульную ўвагу яна прыцягнула незвычайным дызайнам і адсутнасцю аналагаў на айчынным рынку. Зроблена навінка з вільгацеўстойлівай фанеры, мае белы колер, можа выкарыстоўвацца на дачах і пры ўладкаванні тэрас. Ёсць задума аздобіць лаўку-стол стыльнымі дэталямі — пафарбаваць у бела-чорны колер такім чынам, каб яна нагадвала клавішы піяніна.

Яшчэ адзін рэзультатыўны «выхад у свет» — удзел у ХХ рэспубліканскім конкурсе спажывецкага выбару «Прадукт года-2018». Па яго выніках прадпрыемства адзначана дыпломам ІІІ ступені ў намінацыі «Мэбля». Такую высокую ацэнку атрымала кухонная канапа «Жэнева-04А».

Складальнікі канкурэнтаздольнасці

— Прадаць прадукцыю ў першы раз прасцей. Куды больш складаная задача — зрабіць так, каб кліент звяртаўся да нас зноў і зноў. Гэта залежыць ад розных фактараў: цаны, якасці, тэрмінаў пастаўкі, умоў аплаты, водгукаў пакупнікоў і іншых. Яны маюць велі­зарнае значэнне для далейшай рэалізацыі тавару, — разважаў Сяргей Станіслававіч.

 Пры выбары пераможцы ў працэдуры закупкі асноўным фактарам выступае цана. Каб зрабіць яе даступнай для пакупнікоў, на заводзе пастаянна працуюць над зніжэннем затрат і сабекошту, павышэннем прадукцыйнасці працы. Вытворча-тэхнічны аддзел актыўна займаецца распрацоўкамі новых відаў прадукцыі, аддзел маркетынгу сочыць за цэнамі канкурэнтаў. Усё гэта ўлічваецца пры складанні планаў на будучыню.

На ўпакоўцы гатовай прадукцыі заняты рабочыя зборачна-ўпаковачнага ўчастка Алег Курэц і Юрый Дудчанка

Таксама дапамагаюць трымацца на плаву сучаснае абсталяванне, уменне хутка рэагаваць на патрэбы спажыўцоў, а найбольш — магчымасць прапанаваць поўны цыкл вытворчасці мэблі, пачынаючы ад металаапрацоўкі і завяршаючы дастаўкай і зборкай гатовай прадукцыі.

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.