Хлеборобы ОАО «Новоселки-Лучай» свои поля засевают и соседям помогают

Важное Сельское хозяйство

Яшчэ ў канцы мінулага лета кіраўніцтва ААТ «Навасёлкі-Лучай» прыняло рашэнне папоўніць трактарны парк. У жніўні пералічылі грошы, а новыя МТЗ-3522 прыйшлі толькі сёлета, у пачатку красавіка. Іх гаспадарамі прызначылі Яўгенія Грышчанку і Андрэя Врублеўскага.

— Абодва механізатары працуюць у нас трэці год, — гаварыў дырэктар Юрый Шымчык. — Пераехалі з суседніх раёнаў. Зарэкамендавалі сябе з найлепшага боку, таму і даверылі ім новую тэхніку. Спатрэбіўся час, каб разабрацца ў ёй. Цяпер абодва дабіваюцца высокай выпрацоўкі на падрыхтоўцы глебы.

Высокай выпрацоўкі на ворыве глебы дабіваецца Аляксандр Федаронак

Нярэдка даводзіцца чуць нараканні кіраўнікоў на прыезджыя кадры. Юрый Шымчык жа добрых слоў для навасёлаў не шкадаваў.

— А як не старацца, калі тут усё робіцца для чалавека, — гаварыў пазней мне Аляксандр Арлоўскі. — Нас з адной гаспадаркі Міёрскага раёна пераехала сямей пяць. Жыллё атрымалі з выгодамі, зар­плата добрая: за пасяўную можна зарабіць і паўтары тысячы рублёў. Часта тэлефаную знаёмым, якія засталіся на ранейшым месцы: ім пералічваюць грошы з вялікай затрымкай па частках на магазін. 

— Веснавыя палявыя работы вядуцца ў штатным рэжыме, — расказваў Юрый Шымчык. — Ёсць паліва, тэхнікі і механізатараў хапае. Звычайна тэрміны сяўбы зерневых зацягваліся з-за дажджоў. Сёлета надвор’е спрыяе. Аб’язджаю палі. На тых, якія засявалі найперш, з’яўляюцца ўсходы. Але, каб яны набіралі моц, вельмі патрэбен дождж. Гэта ж не ў нашай кампетэнцыі. Сёння, 24 красавіка, Уладзімір Праліч засеяў першыя гектары кукурузай. Так рана яе не сеялі ніколі. Аляксандр Смолка прыступіў да пасадкі бульбы. Набылі новыя сарты і спадзяёмся на добры ўраджай.

Тэхнічны «доктар» Юрый Шорац

На сяўбе, як і ў мінулыя гады, няма роўных Юрыю Татарчуку і Руслану Шымко. На іх рахунку адпаведна 652 і 542 гектары. Без затрымак рыхтуюць глебу Сяргей Гіль, Віктар Дулінец, браты Станіслаў і Андрэй Врублеўскія. На ворыве вызначаюцца Аляксандр Арлоўскі, Аляксандр Федаронак, Яніс Вішнеўскі, Анатолій Счасны.

Радуюць азімыя. Яны ў гаспадарцы займаюць 2000 гектараў. Іх падкормкай займаліся Мікалай Шынкевіч і Уладзімір Скавародка. На “Дзвіне” на 1577 гектарах унёс вадкія ўдабрэнні Алег Чумакоў, ужо на 550 гектарах “прахімічыў” рапс, а Мікалай Шынкевіч на 430 — пасеяў шматгадовыя травы.

Акрамя таго, што засяваюць уласныя палі, навасёлкаўскія механізатары аказваюць дапамогу на палявых работах суседзям. Руслан Шымко, напрыклад, больш за 100 гектараў засеяў зерневымі ў райаграсэрвісе, Аляксандр Грышчанка ў ААТ «Сцяг Перамогі-агра» падрыхтаваў 90 гектараў глебы.

Задаволены ўмовамі працы і жылля Аляксандр Арлоўскі

Высокія тэмпы на ворыве ў Аляксандра Федаронка. Ён — мясцовы. На трактары пачынаў працаваць яшчэ да службы ў арміі. Вярнуўся дадому і ўжо амаль 30 гадоў служыць роднай зямлі. 

— Куды пасылаюць, там і стараюся, — гаварыў Аляксандр. — У мінулыя гады сеяў, сёлета ў асноўным на ворыве. На вялікім полі за дзень і 10 гектараў узворваю, на дробнаконтурным — тэмпы слабейшыя.

Калі работа механізатараў відавочная, то ў аўтаэлектрыка-акумулятаршчыка Юрыя Шорца — спецы­фічная. Яго называюць тэхнічным доктарам. Сучасная тэхніка аснашчана сістэмай электронікі, і ў многіх выпадках паломкі здараюцца па прычыне няспраўнага электраабсталявання. Дыягностыкай і рамонтам «начынкі» аўтамабіляў, трактароў і займаецца Юрый Вікенцьевіч.

— Нават з іншых гаспадарак раёна часта просяць дапамогі Вікенцьевіча, — расказваў Юрый Шымчык. — Выручае. Цяпер дыягнастуе новы матацыкл, які набылі для аднаго са сваіх спецыялістаў.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.