Хроника происшествий. За один патрон — уголовное дело

Правовое поле

З дапамогай ключа і сілы

У сакавіку ў РАУС звярнулася жыхарка г.п. Варапаева, якая паведаміла, што нехта, падабраўшы ключ ад замка на ўваходных дзвярах, пранік у яе дачны дом у вёсцы Макаршчына і ўкраў медныя часткі з тэлевізара і двух прайгравальнікаў. Як устанавілі міліцыянеры, злачынства здзейснілі 28-гадовы жыхар вёскі Кейзікі, які мае судзімасць, і яго 30-гадовая сужыцелька. Абое нідзе не працуюць.

З кватэры жыхаркі вуліцы Чырвонаармейскай у Паставах прапалі сталовыя наборы відэльцаў і лыжак, а таксама набор бакалаў. У дадзеным выпадку «пастараўся» 32-гадовы непрацуючы варапаевец. У памяшканне ён пранік, вырваўшы прабой замка на дзвярах.

Усе зладзеі затрыманы, у адносінах да іх узбуджаны крымінальныя справы.

З рахунка ў кішэню

Раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу ў адносінах да пастаўчанкі, якая, працуючы галоўным бухгалтарам на адным з прыватных гандлёвых унітарных прадпрыемстваў, украла з яго разліковага рахунка амаль 4 тысячы рублёў. За гэта жанчыне пагражае да 4 гадоў пазбаўлення волі. Таксама, у адпаведнасці з законам, яна не зможа займаць пасады, звязаныя з бухгалтэрыяй і грашыма.

Украў у суседа

28 сакавіка да пенсіянера з вёскі Скарпаўцы зазірнуў сусед. Мужчына раней быў асуджаны за крадзеж і на гэты раз не ўпусціў магчымасці ўзяць чужое. Не знайшоўшы ў доме гаспадара, госць паклаў за пазуху 70 рублёў, якія ляжалі на стале ў кухні, і выйшаў з хаты. Калі пенсіянер выявіў прапажу, адразу звярнуўся да ўчастковага, і той па гарачых слядах устанавіў злодзея. Цяпер нячыстаму на руку суседу «свеціць» чарговы турэмны тэрмін.

Захоўваў дома патроны

У ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў у доме 53-гадовага жыхара вёскі Калееўцы супрацоўнікі РАУС сумесна з ваеннаслужачымі в/ч 2044 выявілі і канфіскавалі 43 вінтовачныя патроны і 1 кулямётны. Пасля праведзенай экспертызы высветлілася, што ўсе вінтовачныя патроны непрыгодныя для выкарыстання, а вось буйнакаліберны патрон да кулямёта можа быць выкарыстаны для стральбы. У адносінах да ўладальніка арсенала ўзбуджана крымінальная справа па факце незаконных дзеянняў з боепрыпасамі.

Па зводках РАУС падрыхтавала Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.