Информационно-образовательная акция «Ты + Я = страна». В колледже состоялся открытый диалог по актуальной проблеме ВИЧ / СПИД

Здравоохранение

Выбіраць нам

У рамках абласной інфармацыйна-адукацыйнай акцыі «Ты + я = краіна», накіраванай на папулярызацыю здаровага ладу жыцця, у каледжы адбыўся адкрыты дыялог.

Курыравала яго першы сакратар райкама БРСМ Вераніка Казлоўская. Ключавым экспертам сустрэчы выступіла галоўны ўрач раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Святлана Рассеева. Размову з моладдзю яна пачала з такой актуальнай праблемы, як ВІЧ/СНІД. Расказала, што зараз інфекцыя ў 90% выпадкаў перадаецца палавым шляхам. Як правіла, у кампаніях, дзе «квітнее» ўжыванне наркотыкаў, усе табу ў адносінах этычных і сацыяльных норм сціраюцца. Не застрахаваныя ад гэтай хваробы і прыхільнікі здаровага ладу жыцця і манагамных адносін паміж партнёрамі. І ў першую чаргу таму, што мы не ведаем на сто працэнтаў, хто вакол нас.

— У нашым раёне статус ВІЧ-інфіцыраваных маюць 32 чалавекі. І гэтую лічбу смела можна памнажаць на дзесяць, — расказвала Святлана Рассеева. — Такія людзі не ізалююцца ад грамадства, а захаванне тайны іх захворвання забяспечвае закон. Ці ёсць гарантыя, што ў вашай кампаніі няма такога чалавека? Не! «Падчапіць» хваробу можна і пры наведванні манікюрных салонаў, кабінетаў пірсінгу і татуіровак, калі там выкарыстоўваюцца шматразовыя інструменты, якія не прайшлі належную дэзінфекцыю. Майце на ўвазе: каб знішчыць вірус імунадэфіцыту, недастаткова проста працерці нажніцы, іголкі ці пілачкі спіртам.

Пажадана пазбягаць неабароненых палавых кантактаў. Гэта датычыцца прафілактыкі не толькі СНІДу, але і інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам. Яны таксама могуць мець непапраўныя наступствы. Святлана Ана­тольеўна прывяла паказальны прыклад. Хлопец адзначаў у кампаніі свята і выпіў лішняга. Вечар меў рамантычны працяг у ложку з дзяўчынай. Праз некаторы час юнак заўважыў на палавым члене болькі і прыпухласці, аднак па сваім няведанні не прыдаў гэтаму значэння і запусціў хваробу. Хутка да іншых сімптомаў дадаліся высокая тэмпература, боль у пахвіне і машонцы. Усё скончылася гангрэнай яечка і яго ампутацыяй. Ці будзе другое функцыянаваць — невядома.

Таксама было шмат сказана пра шкоду, якую наносяць арганізму наркотыкі, курэнне, у тым ліку і электронных цыгарэт, празмернае ўжыванне алкаголю і піва, энергетычных напіткаў. Што ўжо і казаць пра шклоачышчальную вадкасць замест сертыфікаванага алкаголю! А такія ахвотнікі ў нас ёсць.

Пра адказнасць за ўжыванне, захоўванне і збыт наркотыкаў нагадаў старшы оперупаўнаважаны групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі РАУС Павел Свірбутовіч. Ён расказаў, якая схема распаўсюджвання наркотыкаў існуе ў буйных гарадах. Бывае так, што афіцыйны працадаўца паміж справай просіць работніка аднесці які-небудзь скрутак у названае месца, пакінуць яго там і сфатаграфаваць. Пры гэтым «кур’ер», як правіла, нават не ведае, што за пасылку перадае. Аднак гэта не здымае з яго адказнасці за распаўсюджванне наркатычных сродкаў. Улічваючы, што праблема наркаманіі ў грамадстве сёння стаіць вельмі востра, суддзі, як правіла, выносяць максімальнае пакаранне.

Начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Віталій Кішко «прайшоўся» па правапарушэннях, якія моладзь здзяйсняе пад уздзеяннем алкаголю і наркотыкаў. Засяродзіў увагу таксама на тым, як сябе паводзіць пры канкрэтных абставінах. Галоўнае — не спадзявацца, што ўсё само сабой абыдзецца. Вось адзін з прыкладаў. Моладзь святкавала Новы год. Калі аднаму хлопцу стала настолькі дрэнна ад выпітага, што ён страціў прытомнасць, «сябры» не прыдумалі нічога лепшага, чым вынесці яго з кватэры на лесвічную пляцоўку і пакінуць там. Як вам такі варыянт? На шчасце маладога чалавека, мужчына з суседняй кватэры не спаў і выйшаў пакурыць у пад’езд. Ён і выклікаў «хуткую», якая даставіла юнака ў рэанімацыю.

Падчас размовы спецыялісты прыводзілі павучальныя жыццёвыя гісторыі, акцэнтавалі ўвагу юнакоў і дзяўчат на тым, што менавіта яны вырашаюць, як паводзіць сябе ў той ці іншай сітуацыі, а значыць, прадвызначаюць сваё далейшае жыццё. Пажадана, каб яно не было абцяжарана наркатычнай ці іншай залежнасцю, шкадаваннем колішнім неабачлівым выбарам альбо элементарным няведаннем якіх-небудзь працэсаў. Трэба памятаць, што за лёгкасцю быцця заўсёды хаваецца жорсткая праўда жыцця. Ёсць над чым задумацца.


Мовай лічбаў

  • У нашым раёне штогод за незаконны абарот наркотыкаў да крымінальнай адказнасці прыцягваюцца каля 10 чалавек.
  • 2 літры моцнага піва ў пераліку на алкаголь = 250 грамаў гарэлкі.
  • Шкодныя звычкі і нездаровы лад жыцця негатыўна адбіваюцца на рэпрадуктыўнай функцыі. У Беларусі кожная 6-я сям’я не можа зачаць дзіця натуральным шляхам.

 Вераніка Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.