Как защититься от мошенников в интернете? Статистика по Поставскому району

Важное Правовое поле

Не трапце ў сеткі ў сетцы

Інтэрнэт даўно і трывала ўвайшоў у наша жыццё. З яго дапамогай людзі маюць зносіны паміж сабой, купляюць тавары ў сацыяльных сетках, дзеляцца фотаздымкамі, зарабляюць грошы. А разам з гэтым «расцвітаюць» рознага роду інтэрнэт-злачынствы, «пачэснае месца» сярод якіх займаюць махлярствы.

Махляроў, якія нажываюцца на нас у інтэрнэт-прасторы, з кожным годам становіцца ўсё больш. Яны прыдумваюць новыя спосабы адабрання грошай у даверлівых і неабачлівых грамадзян. У апошні час найчасцей крадуць іх з банкаўскіх картачак. Нярэдка гэта адбываецца па віне саміх пацярпелых, якія паведамляюць рэквізіты картачак, халатна адносяцца да абароны персанальных даных у інтэрнэце. У прыватнасці, не падумаўшы, адкрываюць укладанні і перахо­дзяць па спасылках у нечакана паступіўшых электронных паведамленнях, уводзяць лагіны і паролі ад сваіх уліковых запісаў у сацыяльных сетках, электронных паштовых скрынях на сайтах, якія выклікаюць падазрэнні, выкарыстоўваюць вельмі лёгкія паролі або аднолькавыя лагіны і паролі на розных сайтах, не ўстанаўліваюць спецыяльныя антывірусныя праграмы. Атрымаўшы рэквізіты ахвяры, зламыснікі маюць магчымасць распараджацца яе фінансамі, вывучыць спіс кантактаў, з якімі ахвяра падтрымлівае адносіны, і рассылаць ад яе імя паведамленні махлярскага характару.

— Звычайна, інтэрнэт-махляры просяць дапамагчы ім аднавіць быццам бы заблакіраваную SIM-карту, тэрмінова перавесці грошы, аплаціць нейкія паслугі, тлумачачы гэта заканчэннем тэрміну дзеяння сваёй карты. Варыянтаў просьбаў шмат, і ёсць людзі, якія «клююць» на гэтыя хітрасці, — расказваў старшы опер­упаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку РАУС Дзмітрый Кузьміч, які непасрэдна займаецца раскрыццём злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій. — У многіх выпадках цяжка ўстанавіць асоб, якія ўкралі грошы. У асноўным яны знаходзяцца за мяжой, пераважна ў Расіі. Як правіла, у такіх схемах дзейнічае не адзін чалавек, а група, таму што грошы крадуць у вельмі кароткі тэрмін. Іх перасылаюць на электронныя кашалькі, з якіх сродкі можна хутка раскідаць на любыя плацежныя сэрвісы.

Такую схему «разводу» апісала ў сваім лісце ў рэдакцыю і чытачка «ПК» Святлана Шафаровіч, якая атрымала ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» паведамленне ад «сяброўкі» з просьбай падтрымаць яе ў конкурсе. Для гэтага неабходна было перайсці па ўказанай спасылцы. «Нічога не западозрыўшы, я так і паступіла. Тым самым стала адной з ­удзельніц рассылкі. Паведамленні аб дапамозе ўжо ад мяне атрымлівалі мае сябры, хоць я ні пра што не здагадвалася. Потым мне пачалі паступаць тэлефонныя званкі. Цікавіла ўсіх адно: пра якую дапамогу прашу. Некаторыя карыстальнікі таксама папаліся на гэту хітрасць, і ад іх імя махляры прасілі ў сяброў «ВКонтакте» даныя пластыкавай карты, з якой у далейшым спісваліся ўсе сродкі. Так пацярпелі некалькі знаёмых», — канстатавала Святлана, заклікаўшы ўсіх быць уважлівымі ў інтэрнэце.

Па даных РАУС, за 2018 год у нашым раёне ўзбуджаны тры справы па частцы 2 артыкула 212 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Крадзеж шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі». У двух выпадках зламыснікі завалодалі грашыма пацярпелых, атрымаўшы лагін і пароль ад іх асабістых кабінетаў у сістэме «Інтэрнэт-банкінг», у адным — узламаўшы старонку ў інтэрнэце. Пры гэтым праваахоўнікі змаглі ўстанавіць асобу толькі аднаго з махляроў. З пачатку бягучага года на Пастаўшчыне зарэгістраваны 5 фактаў добраахвотнага паведамлення грамадзянамі звестак пра свае банкаўскія картачкі, з якіх былі спісаны грошы. Хто іх спісаў, таксама невядома.

Увогуле, варыянтаў інтэрнэт-махлярства шмат. Гэта могуць быць SMS-рассылкі або электронныя пісьмы з паведамленнямі пра выйгрыш аўтамабіля ці іншых каштоўных прызоў, для атрымання якіх неабходна перавесці на ўказаны рахунак пэўную суму; паведамленні пра блакіроўку банкаўскай карты з прапановамі перавесці грошы, патэлефанаваць або адправіць SMS на кароткі нумар, каб яе разблакіраваць; SMS- і ММS-паведамленні са спасылкай на скачванне паштоўкі, музыкі, карцінкі ці нейкай праграмы, перайшоўшы па якой можна атрымаць вірус на тэлефон або аформіць падпіску на платныя паслугі. Даволі часта махлярствы звязаны з дзейнасцю інтэрнэт-магазінаў і сайтаў па продажы авіябілетаў, размяшчэннем аб’яў аб продажы тавараў на электронных дошках аб’яў і інтэрнэт-аўкцыёнах. Злачынцы завабліваюць пакупнікоў неабгрунтавана нізкімі цэнамі, а пры заказе тавараў просяць унесці перадаплату на нейкі віртуальны кашалёк.

Каб пазбегнуць непрыемнасцей, раяць прадстаўнікі закону, не спяшайцеся рабіць тое, што вам прапануюць. Па магчымасці праверце дакладнасць дасланай інфармацыі, пашукайце ў інтэрнэце звесткі пра тых, хто яе адправіў. І памятайце: бясплатны сыр бывае толькі ў мышалоўцы.

Нярэдка грамадзяне выкарыстоў­ваюць сусветнае павуцінне як пляцоўку для высвятлення асабістых адносін, абражаючы ў сацыяльных сетках адно аднаго, распаўсюджваючы заведама непраўдзівую інфармацыю, якая ганьбіць апанента. Такім асобам не лішнім будзе ведаць, што за гэта прадугледжаны крымінальная адказнасць і пакаранне ад штрафу да абмежавання волі на тэрмін да 3 гадоў.


Як абараніць сябе ад крадзяжу грошай праз інтэрнэт

  1. Ніколі нікому і ні пад якой маркай не перадавайце нумар сваёй банкаўскай карты, а таксама нумар яе ахоўнага кода. Калі вам піша знаёмы, сябар або блізкі чалавек, якому неабходна дапамога, перазваніце і пераканайцеся, што піша сапраўды ён. У любым выпадку не перадавайце даныя сваёй банкаўскай карты праз сацыяльныя сеткі.
  2. У сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» ёсць такая функцыя, як дадатковы ўзровень бяспекі. Зайдзіце ў настройкі і скарыстайцеся ёю. Калі вашу старонку паспрабуюць узламаць, вам прыйдзе паведамленне на мабільны тэлефон.
  3. Падключыце функцыю 3D-Secure — дадатковы пароль для абароны вашай картачкі пры любых пакупках у інтэрнэце. У банку вам растлумачаць, як гэта зрабіць. Калі яна падключана, то для ажыццяўлення плацяжу ў інтэрнэце спатрэбіцца ўвесці спецыяльны код (часцей за ўсё банк дасылае яго ў SMS). Без гэтага кода грошы з вашай картачкі не здымуць.

Калі вы сталі ахвярай інтэрнэт-махляроў, паведаміце пра гэта ў РАУС па тэл. 102 або 4-10-02, 8(029)510-29-45.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.