«Лиши его забот — разболеется!» Ни дня не может без работы житель райцентра Александр Иосифович Клемято

Общество

Нягледзячы на тое, што сёлета яму ўжо споўнілася 80. Аднак і намнога маладзейшыя могуць пазайздросціць таму, якую фізічную форму мае чалавек і наколькі актыўны ў жыцці. Фізічная загартоўка ў яго з дзяцінства. Рос у вёсцы Літ­вінкі, што за некалькі кіламетраў ад райцэнтра. Падлеткам навучыўся касіць, хадзіць за плугам, іншай сялянскай рабоце. У сельскім прафтэхвучылішчы набыў спецыяльнасці трактарыста, пазней — вадзіцеля і да службы ў арміі паспеў папрацаваць трактарыстам у калгасе. Служыць выпала ў Германіі. Прапаноўвалі застацца, але хлопца вабілі родныя мясціны. Праўда, у калгас не вярнуўся, а ўладкаваўся  вадзіцелем у воінскую часць, што дыслацыравалася ў Паставах. Затым быў інструктарам па ва­джэнні на вучэбна-вытворчым камбінаце, які дзейнічаў у райцэнтры, і займаўся гэтай справай на працягу 20 гадоў. Тактоўнага, ураўнаважанага, за­цікаўле­нага інструктара і зараз памятаюць былыя навучэнцы. Падыходзяць, сустракаючы ў горадзе, распытваюць пра жыццё.

А як шкадавалі вяскоўцы, калі Алесь з жонкай Тоняй  (яны толькі па дакументах Аляксандр Іосіфавіч і Таццяна Іванаўна) вырашылі перабрацца з Літвінак у Паставы і пачалі будаваць там дом. Каму толькі ні дапамагаў Алесь у вясковых справах:  палячыць жывёлу, скасіць сена, узараць агарод,  на матацыкле падвезці па неадкладнай справе ў райцэнтр.

Аляксандр Іосіфавіч Клямята з унучкай Нэлай

Дом у Паставах яны будавалі 50 гадоў назад. Па тагачасных мерках гэта быў сапраўдны гмах. Амаль усю ўнутраную аддзелку рабілі сваімі рукамі. Заўсёды, і ў вёсцы, і ў горадзе, трымалі шмат жыўнасці: карову, каня, свіней, авечак, рознае птаства. Матэрыяльны дастатак здабывалі працай. Аляксандра Іосіфавіча добра ведаюць не толькі жыхары вуліцы Матросава, дзе ён жыве, але і многія іншыя гараджане, якім ён з года ў год дапамагаў у апрацоўцы агародаў. Як толькі наступала вясна, Іосіфавіч з яго канём быў нарасхват. Прыхо­дзіла восень — і карціна паўтаралася. Вядома, стамляўся, але не мог адмовіць людзям. Прычым клопатаў хапала і на ўласным падвор’і, а яшчэ мелі зямельныя надзелы за горадам — трэба ж было назапасіць кармоў для шматлікай жыўнасці.

З гадамі сіл паменела. Ды і дачка з зяцем, якія жывуць у Мінску, не пераставалі пераконваць бацькоў, каб тыя больш клапаціліся пра сябе і не перагружаліся працай. Клямяты мусілі збыць карову, а затым і каня. Але хлявы не апусцелі. Зараз трымаюць коз, свіней, курэй, індыкоў, качак.

— Жыццё дзядулі і бабулі — прыклад для нас, — дзяліўся іх дарослы ўнук Марк.

— Галоўная каштоўнасць для дзядулі — зямля. Ні дня не можа быць без працы на ёй і шчаслівы гэтым.

Пазбаў яго такіх клопатаў — ухварэецца.

У сакавіку Аляксандр Іосіфавіч святкаваў сваё 80-годдзе. Да гэтай даты абнавілі дом: перакрылі дах металачарапіцай, замянілі старыя вокны на пластыкавыя, зра­білі еўрарамонт у пакоях. А ад увагі родных і блізкіх людзей, здаецца, памаладзеў і сам юбіляр. У яго і спадарожніцы жыцця Таццяны Іванаўны, з якой ужо 51 год у шлюбе, ёсць усё для шчасця. Толькі б падарыў Усявышні як мага даўжэйшы жыццёвы шлях.

Фаіна Касаткіна
Фота з сямейнага архіва Клямятаў



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.