Местное «баварское пиво» Пергамента. В Поставах конце ХІХ века в Поставах работал пивоваренный завод

Важное К 610-летию г. Поставы

«Не ведаць піва — не ведаць радасці», — так гаварылі вынаходнікі піва, старажытныя шумеры. У Беларусі піва таксама займае асаблівае месца: тут піваварныя традыцыі вельмі даўнія. Ва ўсіх на слыху такія брэнды, як «Крыніца», «Аліварыя», «Лідскае» і інш. А ці ведаеце вы, што ў канцы ХІХ стагоддзя ў Паставах знахо­дзіўся піваварны завод, на якім выраблялася «баварскае светлае» піва. Калі ж і кім ён быў пабудаваны?

25 кастрычніка 1885 года ў Віленскае губернскае праўленне звярнуўся дваранін Рыгор Кібарт, які прадстаўляў інтарэсы ўладальніцы маёнтка Паставы графіні Марыі Пшэздзецкай. З’яўляючыся яе даверанай асобай і дзейнічаючы на падставе даверанасці, заверанай натарыусам пры іпатэчным аддзяленні Варшаўскага акруговага суда, Кібарт прасіў дазволу на будаўніцтва ў мястэчку Паставы піваварнага завода, які меркавалася ўзвесці на беразе ракі Мядзелкі.

Такі дазвол быў выдадзены. Цікава, што ўжо ў снежні 1885 года, праз няпоўныя паўтара месяца, архітэктар Віленскага губернскага праўлення Полазаў склаў акт прыёмкі завода. Малаверагодна, што прадпрыемства было пабудавана за такі кароткі тэрмін. Хутчэй за ўсё, будаўнічыя работы пачаліся значна раней, без дазволу, і толькі на завяршальнай стадыі былі аформлены неабходныя дакументы.

Бутэлька пергаменцкага піва ў экспазіцыі музея

У акце прыёмкі Полазаў напісаў: «…По сличении возведённых построек с утверждённым протоколом оказалось, что как сам завод, так и сушильня построены согласно утверждённому проекту, прочно, из материалов хорошего качества и надлежащих размеров, кроме устройства наружной лестницы при сушильне, которая, по проекту, должна быть из несгораемого материала, а на деле изготовлена из дерева. По заявлению поверенного графини М. Пше­здецкой Г. Киборта, данная лестница в ближайшее время будет заменена на каменную или металлическую, в чём от последнего взята особая расписка, которая прилагается к акту. При этом докладываю, что полы при котлах и при печке сделаны кирпичные […]. Так как котлы установлены окончательно, и вообще вся постройка окончена согласно проекту, то, по мнению моему, в открытии завода не может быть никаких препятствий, о чём и составлен настоящий акт…» Акт прыёмкі, акрамя архітэктара Полазава, падпісаны таксама ўраднікам (чын у паліцыі) Рудаковым у прысутнасці панятых Мікалая Лесіна і Юзэфа Сартатовіча.

Піваварны завод быў зда­дзены графіняй Пшэздзецкай у арэнду купцу А. Пергаменту за 1200 рублёў у год. Выраблялася на ім у асноўным «баварскае светлае» піва, якое ў мястэчку называлі «пергаменцкім». Магутнасць завода складала 59 тысяч вёдзер хмельнага напітку ў год. Працавалі на прадпрыемстве шэсць рабочых і адзін майстар-півавар. На піўных бутэльках, якія выпускаліся ў той час, меўся надпіс: «А. Л. Пергамент. Поставы».

Бутэлька з-пад «пергаменцкага» піва захоўваецца ў музейнай экспазіцыі ў падвальных памяшканнях палаца Тызенгаўзаў. Кожны жадаючы можа пазнаёміцца з гэтым каштоўным экспанатам.

Валянціна Друсь, старшы навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.