На коммунальщиков надейся, но и сам не бездействуй! Свой 610-летний юбилей город Поставы встретит заметно обновленным

Важное Общество

Вясна. Самы час прыводзіць сваю маленькую планету (маю на ўвазе райцэнтр) у парадак. Сёлетні год для Пастаў асаблівы — гораду спаўняецца 610, і гэтую дату ён проста абавязаны сустрэць абноўленым і яшчэ больш прыгожым. Таму пытанне добраўпарадкавання знаходзіцца на пастаянным кантролі раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, а да УП ЖКГ, якое абавязана займацца гэтай справай, патрабаванні з боку мясцовай улады неаслабныя.

— Аб’ём работ трэба выканаць вялікі, — адзначыў намеснік дырэктара УП ЖКГ па добраўпарадкаванні Сяргей Пляшкун. — І мы гатовы ажыццявіць запланаванае, толькі было б дастатковае фінансаванне, бо на ўсё патрэбныя грошы. Зусім іншы выгляд набудуць плошчы імя Леніна і Камсамольская, уезд у Паставы з боку мікрараёна пятага гарадка. Гэтай вясной райцэнтр прырасце сотнямі дрэўцаў. Мы ўжо высадзілі 165, яшчэ 80 — супрацоўнікі райаддзела міліцыі. Закладзены парк сямейных дрэў у мікрараёне шостага гарадка. Будзе прадоўжана гэта справа і падчас рэспубліканскага суботніка. Многае зроблена па навядзенні парадку пасля зімы.

У мінулую сераду мы з пазаштатным фотакарэспандэнтам «Пастаўскага краю» Сяргеем Вшыўкавым прайшлі і праехалі па горадзе, знаёмячыся з ходам добраўпарадкавання. Асаблівае ажыўленне панавала на плошчы імя Леніна. Усе, як адна, прыжыліся стройныя вечназялёныя туйкі. Зараз іх падкармілі і паліваюць. Засеяныя травой газоны таксама паліваюцца. Рыхтуюцца клумбы. Выса­джаны цюльпаны. Вядзецца пабелка дрэў, афарбоўка электрычных слупоў, агароджы. Устаноўлены новыя ліхтары. І не пералічыць усіх работ, што вяліся і вядуцца на плошчы.

Не меншае ажыўленне на мосце каля «Старога млына», дзе якраз устанаўлівалі новую альтанку.

Зварочваем у гарадскі парк. І тут адбываюцца змены. Выкарчавана і вывезена некалькі старых дрэў. Устаноўлены дзве новыя альтанкі, вырабленыя ў ААТ «Паставымэбля». Яшчэ адну якраз выгружалі лясгасаўцы. А работнікі УП ЖКГ Сяргей Ковач, Канстанцін Стальмашонак і Аляксей Размазаў устанаўлівалі парапет уздоўж прыступак, якія вядуць да ракі. Асабліва яркае ўражанне ад сустрэчы з кветкаводамі. У трох цяпліцах яны гаспадараць учатырох: Вольга Гайдукевіч, Марына Янковіч, Марына Кароль і Таццяна Багушэвіч. Ужо расцвілі петуніі, пеларгоніі, бальзамінкі, раскашуюць калы. Крыху пацяплее — і гэта хараство зойме сваё месца на клумбах. «Сёлета мы вырасцілі кветак больш, чым летась, — казалі гаспадыні цяпліц. — Але ж як шкада, калі высаджваем кветкі ў горадзе, а іх топчуць або крадуць».

Працягваючы тэму, хачу заўважыць вось што. Многія гараджане ахвотна крытыкуюць недапрацоўкі камунальшчыкаў у тым жа добраўпарадкаванні, але самі далучацца да справы, якая павінна была б стаць агульнай, не жадаюць. Ці шмат вы ведаеце прыкладаў, калі жыхары шматпавярховак дружна выйшлі пасадзіць дрэўцы, дэкаратыўныя кустарнікі, кветкі? Сёння ў Паставах, як і па ўсёй краіне, праходзіць рэспубліканскі суботнік, прысвечаны Году малой ра­дзімы і 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, які газета, безумоўна, будзе асвятляць. Вельмі хацелася б, каб рэпарцёрам «ПК» пашанцавала ўбачыць на ім такую ініцыятыву. Ці гэта толькі мае фантазіі?

Фаіна Касаткіна
Фота Людмілы Зелянкевіч і Сяргея Вшыўкава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.