Нет ничего вкуснее хлеба… История бывшего малолетнего узника Галины Алексеевой

75 лет освобождения Витебщины от немецко-фашистских захватчиков Важное

У памяці Галіны Аляксеевай адклаліся нямногія эпізоды з дзяцінства, праведзенага ў нямецкім лагеры пад Гамбургам. Калі стала дарослай, шмат распытвала пра той час у маці.

Пастаўчане Юзаф і Юзэфа Жук мелі дзвюх дачушак: двухгадовую Галю і Янінку, якой толькі споўніўся месяц. Зімой 1942 года за тое, што брат бацькі партызаніў, немцы забралі сям’ю ў турму, якая знаходзілася па вуліцы Савецкай. А праз некалькі дзён адправілі ў Германію.


На тэрыторыі Германіі і акупіраваных ёй краін дзейнічалі больш за 14 тысяч канцэнтрацыйных лагераў, гета, турмаў. У іх утрымлівалася больш за 20 млн чалавек з 30 краін свету.


— Заплюшчу вочы і ўяўляю доўгі-доўгі барак з двух’яруснымі нарамі, — ўспамінала Галіна Іосіфаўна. — Дарослыя мелі нумары: у таты быў 313, у мамы — 476. Іх вазілі на розныя работы, мама часам дапамагала ў сталовай. А мы, дзеці, баві­ліся самі па сабе. Сястру глядзела старая жанчына з Ленінграда. Запомнілася пастаяннае пачуццё голаду, бо кармілі баландой з бручкі. Дзецям раз у месяц давалі яйка. Асабіста мне хацелася ўдосталь наесціся хлеба. І цяпер няма нічога смачнейшага за яго.

Былы малалетні вязень Галіна Аляксеева

Пасля вызвалення бацьку прызвалі на фронт, а маці адправілася з дочкамі на радзіму. Меншанькая ў дарозе цяжка захварэла. Па медыцынскую дапамогу звярнуцца не было куды, і дзяўчынка памерла.

— Пакуль цягнік стаяў на адной з нямецкіх станцый, Янінку там і пахавалі, — не стрымлівае слёз Галіна Іосіфаўна. — У Паставы вярнуліся з мамай удзвюх. Жыць пачалі разам з бабуляй. Якой радасцю было, калі з фронту вярнуўся тата! У 1947 годзе нарадзіўся мой брат Фадзей.

Галіна Іосіфаўна працавала ў цэнтральным статыстычным упраўленні, райспажыўтаварыстве. Затым перайшла на завод «Беліт», была брыгадзірам. Мае шмат грамат, іншых адзнак за старанне. Выйшаўшы на пенсію, купілі ў Ру­дзевічах дом на дачу, трымалі там гаспадарку. А калі муж захварэў, зноў вярнуліся ў Паставы.

Ідзе 14-ы год, як аўдавела. Дапамагае сыну і дачцэ, цешыцца ўнукамі і праўнукамі. А ратункам ад адзіноты стала захапленне вышыўкай. Цяпер актыўна наведвае аддзяленне дзённага знахо­джання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН, вырошчвае кветкі.

11 красавіка да Г. А. Аляксеевай завіталі дырэктар ТЦСАН Дзіяна Пякарская, загадчыца і медработнік аддзялення дзённага знаходжання Вера Бузанава і Наталля Літвін.

— Біяграфія такіх людзей — сапраўдны ўрок мужнасці для маладога пакалення, — гаварыла Дзіяна Пякарская. — А Галіна Іосіфаўна — яшчэ і прыклад аптымізму, актыўнасці.

Тэкст і фота Анны Анiшкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.