Нина Квятковская более 40 лет прожила в Новосибирске. А 10 лет назад вернулась в Поставы навсегда

Общество

Тут усё блізкае і дарагое

Ніна Станіславаўна Квяткоўская больш за 40 гадоў пражыла ў Новасібірску, але любімым горад для яе так і не стаў — душа рвалася ў родныя Паставы. І 10 гадоў назад яна вярнулася сюды назаўсёды.

У бацькоўскі дом, узведзены ў 1947-м па вуліцы Крупскай. Спачатку дагледзела да апошніх дзён хворую маці, якая дажыла да 94-х, а затым, як кажа, засталася і сама дажываць. Толькі я не магу пагадзіцца з гэтым словам. Яно ніяк не стасуецца са Станіславаўнай, нягледзячы на тое, што ўжо размяняла дзявяты дзясятак. Шлях за плячыма немалы, але яшчэ ёсць і сілы, і інтарэс да жыцця, і здароўе не дае вялікіх збояў.

Заходжу ў дом і бачу, як гаспадыня забаўляе дзяўчынку гадоў шасці-сямі. Аказваецца, гэта суседчына ўнучка, якую бабуля не змагла забраць са школы. Выручыла Ніна Станіславаўна. Толькі пачынаем размову — на парозе другая суседка, прыйшла пазычыць таматнай пасты. Яшчэ праз колькі хвілін раздаецца тэлефонны званок…

— Як бачыце, сумаваць мне не прыходзіцца, і адзінокай сябе не адчуваю, — гаворыць жанчына, — хоць дзеці далёка, у Новасібірску. — У мяне такія добрыя суседзі! Часта наведваецца пляменнік з жонкай і дзецьмі, які жыве недалёка. Магу звярнуцца да іх з любой патрэбай. Вельмі сардэчная жонка брата Валя. А вось брат, на жаль, моцна хворы.

Ніна была старэйшай у сям’і з чатырма дзецьмі. У 1965 годзе яна закончыла Пінскае педвучылішча і па камсамольскай пуцёўцы прыехала працаваць у Паўладарскую вобласць. Там пазнаёмілася з хлопцам з Новасібірска, які таксама трапіў на асваенне цалінных земляў па закліку камсамола, і выйшла за яго замуж. Павел быў адзіным сынам у сям’і, яго бацька загінуў на фронце, і маці настойлі­ва клікала маладых да сябе. І яны паехалі ў Новасібірск.

Ніна закончыла Кемераўскі педінстытут і 40 гадоў выкладала рускую мову і літаратуру. Толькі ў 70 развіталася са школай. І калі раней прыязджала з сям’ёй у Паставы толькі ў водпуск, то, пайшоўшы на пенсію, вырашыла застацца на радзіме назаўсёды.

— Усё тут роднае, блізкае і дарагое, — дзялілася. — Хоць дом ужо стары і не такі дагле­джаны, як хацелася б, але мне ў ім утульна. Побач — немалы агарод. Сусед узворвае, суседка дапамагае садзіць бульбу, а з градкамі ўпраўляюся сама. Агародніну не купляю. Уся свая, экалагічна чыстая.

Не застаецца Станіславаўна і без дароў лесу. Як толькі наступае пара збору ягад ды грыбоў, садзіцца на веласіпед і накіроў­ваецца ў Сасноўку або кашыцкі лес. Там усе сцяжынкі знаёмыя яшчэ з дзяцінства, калі па іх вадзіў бацька і навучаў «ціхаму паляванню». А праз дзесяцігоддзі ўжо яна перадавала гэту навуку сваім сыну і дачцэ, якія таксама вельмі любяць Паставы і праводзяць тут кожны водпуск. Прыязджалі да Ніны Станіславаўны і яе новасі­бірскія сяброўкі. «Зайздросцяць мне. Ім тут так спадабалася!» — не без гонару за родны край адзначае жанчына і прызнаецца, што, вядома ж, сумуе па дачцэ і сыну, унучках. Але ратуюць сучасныя тэхналогіі — рэгулярна размаўляе з імі па скайпе, чакае ў чарговы водпуск.

Яна па-ранейшаму шмат чытае мастацкай літаратуры, цікавіцца перыёдыкай, любіць разгадваць крыжаванкі і гля­дзець па тэлевізары кіно, да яе нярэдка заглядваюць пачаяваць суседзі. А пачынаецца купальны сезон — накіроўваецца да Мядзелкі і з задавальненнем плавае.

— Любоў да родных мясцін, язда на веласіпедзе, плаванне, фізічная праца дома і ў агаро­дзе, пастаянныя зносіны з людзьмі дапамагаюць мне супрацьстаяць старасці, — робіць выснову мая суразмоўца.

Хіба яе прыклад не варты для пераймання?

Фаіна Касаткіна
Фота Сяргея Вшыўкава



Tagged

2 комментария по теме “Нина Квятковская более 40 лет прожила в Новосибирске. А 10 лет назад вернулась в Поставы навсегда

  1. У меня тоже она преподавала русский и литературу в школе 30. Помню её, люблю! Хотелось бы увидеться, жаль что переехала. Здоровья ей.)

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  2. Здравствуйте!
    Меня зовут Николай Пермяков из Новосибирска. Нина Станиславовна преподавала у нас русский язык и литературу в школе N30. Остались самые теплые воспоминания о Нине Станиславовне и огромная благодарность за те знания, которые она смогла мне передать. Желаю ей долгих лет и крепкого здоровья. Очень хотелось бы пообщаться с ней, надеюсь, что она меня помнит.

    Рейтинг комментария:Vote +1+2Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.