Оправдали доверие. Итоги работы Молодежной палаты второго созыва при районном совете депутатов

Местная власть

Гартаючы каляндар маладзёжных ініцыятыў

27 сакавіка ў актавай зале СШ №1 прайшло пятае, развітальнае, пасяджэнне Маладзёжнай палаты другога склікання пры раённым Савеце дэпутатаў.

У яго рабоце ўдзельнічалі старшыня райсавета дэпутатаў Пётр Курто, яго намеснік Павел Трава, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Марына Нагановіч, галоўны спецыяліст раённага Савета дэпутатаў Алена Мінкевіч, першы сакратар райкама БРСМ  Вераніка Казлоўская і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №1 Марына Будзько.

Вынікі дзейнасці Маладзёжнай палаты другога склікання ацэньвае Пётр Курто

Разглядаліся справаздачы прадстаўнікоў усіх сярэдніх школ раёна аб выніках дзейнасці за снежань—сакавік мінулага і бягучага года. Як і раней, школьнае і грамадскае жыццё актывістаў палаты было насычаным. Гэта разнастайныя акцыі, круглыя сталы, урокі мужнасці і бяспекі, адкрытыя дыялогі, дыскусіі, трэнінгі, вучоба актыву, экскурсіі, конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы.  Шмат прайшло культурных мерапрыемстваў і тэматычных сустрэч, прымеркаваных да дзяржаўных свят і памятных дат: да 75-й гадавіны вызвалення Беларусі, Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, 8 Сакавіка, Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, 25-годдзя Канстытуцыі, Сусветнага дня барацьбы са СНІДам. Нельга не ўзгадаць навагоднія агеньчыкі, дзень дублёра, вечар сустрэчы выпускнікоў і сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады. Усе мерапрыемствы прызваны спрыяць грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню моладзі, пераемнасці пакаленняў, здароваму ладу жыцця, развіццю валанцёрскага руху, экалагічнай адукаванасці, папулярызаваць заняткі спортам, ну і, вядома, дапамагаць школьнікам самарэалізоўвацца.

— Са справаздач відавочна, што ўсе правялі сур’ёзную работу, справіліся з абавязкамі, ускладзенымі на вас як на лідараў, — станоўча ацаніў вынікі дзейнасці парламентарыяў Пётр Курто. — Упэўнены, што тыя веды і ўменні, якія вы атрымалі падчас членства ў Маладзёжнай палаце, прынясуць вам плён у будучым. Вы ўжо зараз ведаеце, чым жыве грамадства, умееце абмяр­коў­ваць і вырашаць спрэчныя пытанні, валодаеце арганізацыйнымі навыкамі. Адным словам, з’яўляецеся сфарміраванымі асобамі. Атрымлівайце адукацыю, вяртайцеся на малую радзіму, каб наша супрацоўніцтва працягнулася на іншым узроўні. Дзякуй за работу, інтарэс да грамадскага жыцця, адказнасць і ініцыятыўнасць. Поспехаў!

На развітанне падзякавала членам Маладзёжнай палаты за крэатыўны падыход да ўсіх спраў і яе лідар Вікторыя Смятанка. Пажадала прысутным новых яркіх перамог і ўсяго найлепшага.

Завяршылася сустрэча ў сталовай, дзе для ўдзельнікаў пасяджэння быў накрыты салодкі стол.

Выбары новага, трэцяга, складу палаты прайшлі ва ўстановах адукацыі ўчора. А на наступным тыдні адбудзецца яго першае пасяджэнне.

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.