«Покоя не будет до октября. Это ритм деревенской жизни». Главный агроном ОАО «Ярево-агро» Лариса Шестакович отдала Яревской земле 40 лет

Сельское хозяйство

6:0 на вашу карысць

Так сказаў, віншуючы з юбілеем галоўнага агранома адкрытага акцыянернага таварыства «Ярэва-агра» Ларысу Шастаковіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксей Філімонаў.

У мінулы панядзелак першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Генадзій Лютынскі, яго намеснік Марыя Клімёнак і Аляксей Філімонаў зранку накіраваліся ў Ярэва. На гэты раз не для таго, каб кантраляваць ход пасяўной, а каб павіншаваць галоўнага тэхнолага гаспадаркі з юбілейным днём нараджэння.

Ярэўскай зямлі Ларыса Яў­геньеўна аддала 40 гадоў. Прыехала сюды маладой жанчынай і прыжылася. Цяпер дакладна ведае кожны кавалачак поля, на якім што і лепш родзіць. 

— Мая радзіма ў Дзятлаўскім раёне Гродзенскай вобласці, — расказвала. — Пасля заканчэння Навагрудскага сельскагаспадарчага тэхнікума па размеркаванні трапіла ў Мядзельскі раён. Там выйшла замуж. А ў Ярэве ў той час будавалася шмат жылля, гэта і прывабіла нашу маладую сям’ю.

Сваю працоўную дзейнасць Ларыса Шастаковіч пачынала пад кіраўніцтвам вопытнага аграрніка Івана Шаколы, які ў той час узначальваў былы калгас імя Калініна. Практычнага вопыту набіралася ў найлепшых аграномаў раёна — Надзеі Брыль­янтавай з Хаціл, Веры Мукель з Навасёлак.

Цяпер Ларыса Яўгеньеўна — адзін з найвопытнейшых аграномаў раёна. Яна ўмела каардынуе і рэгулюе працэс усіх без выключэння сельскагаспадарчых работ. Прафесія не кабінетная, асноўнае месца работы — у полі. Аграном ажыццяўляе кантроль за тым, як рыхтуюць глебу, вядуць сяўбу, нарыхтоўваюць кармы, убіраюць ураджай. Ад арганізацыі і правядзення кожнай сельскагаспадарчай кампаніі атрымлівае задавальненне. Многае залежыць ад вопыту і разваротлівасці агранома.

У ААТ «Ярэва-агра»  2200 гектараў ворнай зямлі і больш за 600 — сенакосаў і пашы. За 40 гадоў розныя былі пасяўныя кампаніі.

— Аграномія — гэта не толькі работа з зямлёй, насеннем, хімікатамі, але найперш — з людзьмі, — разважала Ларыса Яўгеньеўна. — Чалавечы фактар у любой справе на першым месцы. Мне пашанцавала на вопытных, працавітых механізатараў, такіх як Леанід Нагановіч, Юрый Шукель, Вячаслаў Вілейта. Яны выконваюць асноўны аб’ём сельгасработ і вызначаюцца добрасумленнасцю, руп­лівасцю, адказнасцю. Адным словам — сапраўдныя хлебаробы.

Нягледзячы на багаты вопыт, Л. Я. Шастаковіч любіць параіцца з маладзейшымі калегамі: Марынай Галубёнак з Ляхаўшчыны, Марынай Гваздзеўскай з Груздава. 

Кожная сельскагаспадарчая кампанія — адказны этап. Хапае хваляванняў. Але як радуецца сэрца, калі дружна зазелянеюць усходы, пойдзе ў рост густая трава на сенакосах і пашы, нальецца тугі колас, а сонечнае надвор’е дазволіць правесці жніво без страт.

Вясна — пара асабліва гарачая. Таму і не затрымаліся ў  дзень юбілею ў агранома госці з раёна, рупілася і сама Ларыса Яўгеньеўна.

— Спакою не будзе да кастрычніка, — канстатавала. — Такі рытм вясковага жыцця. І ён мяне задавальняе.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.