Предупреждения, уговоры, приказы. Итоги республиканской профилактической акции «Дом без насилия» на Поставщине

Общество

Папярэдзілі пра перспектывы

Як ужо паведамлялася на старонках «Пастаўскага краю», з 15 па 26 красавіка на тэрыторыі нашага раёна праходзіла рэспубліканская прафілактычная акцыя «Дом без насілля», накіраваная на прыцягненне ўвагі насельніцтва да праблем насілля ў сям’і і мінімізацыю наступстваў правапарушэнняў, якія здзяйсняюцца на гэтай глебе. У яе рамках адбылося шмат розных мерапрыемстваў, у тым ліку пасяджэнні саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку.

Першае пасяджэнне прайшло 19 красавіка ў РАУС. На яго былі запрошаны 13 жыхароў горада, якія злоўжываюць спіртным. Як правіла, такое цеснае сяброўства з зялёным змеем прыводзіць да скандалаў у сем’ях. У адных ініцыятарамі канфліктаў становяцца блізкія аматараў выпіць, якія не пускаюць нецвярозых сыноў і мужоў дамоў, здаюць іх у міліцыю. У другіх названыя вышэй грамадзяне самі ўчыняюць п’яныя дэбошы, паднімаюць руку на дамачадцаў. У асобных выпадках канфлікты заканчваюцца нанясеннем цялесных пашкоджанняў і змяшчэннем ахвяр сямейнага насілля ў бальніцу.

З кожным запрошаным на пася­джэнне члены савета правялі індывідуальную гутарку, папярэдзіўшы пра перспектыву адправіцца ў лячэбна-працоўны прафілакторый або псіхіятрычную бальніцу ці наогул трапіць на лаву падсудных, быць пазбаўленымі бацькоўскіх правоў, калі не кінуць піць. Тым, хто не працуе, загадана ўладкавацца на работу. У дачыненні да родных некаторых сямейных скандалістаў вырашаецца пытанне аб прымяненні ахоўнага прадпісання.

Безумоўна, далёка не ўсе запрошаныя прыслухаюцца да сказанага і зменяць свой лад жыцця. Тым не менш такія прыклады ёсць. Аднаго з грамадзян неўзабаве павінны зняць з прафілактычнага ўліку: чалавек усё ўсвядоміў і прызнаў, што няправільна сябе паводзіў. Яму пажадалі, каб такое больш не паўтарылася.

24 красавіка выязны савет ГПАП адбыўся ў вёсцы Шыркі. На ім прысутнічалі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Се­дзюкевіч, старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў, прадстаўнікі некаторых службаў і ўстаноў. Вёў пася­джэнне намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў, які перад гэтым аб’ехаў некалькі домаўладанняў тых, каго павінны былі разглядаць. Такіх аказалася ажно 16 чалавек, амаль усе — жыхары Шырак. Некаторых запрасілі сем’ямі, паколькі ёсць пытанні да кожнага. Многія грамадзяне злоўжываюць спіртным, маючы непаўналетніх дзяцей, якія жывуць у антысанітарных умовах. Частка нідзе не працуе.

Сцэнарый пасяджэння быў той жа: ушчуванні, папярэджанні, спробы дастукацца да розуму запрошаных, загады навесці парадак у дамах і вакол іх. Суб’ектам прафілактыкі Юрый Мікалаевіч даў заданне актывізаваць работу аглядавых камісій і абследаваць жыллёвыя ўмовы ўсіх жыхароў раёна, якія маюць праблемы з алкаголем. У першую чаргу на прадмет пажарнай бяспекі, паколькі сёлета на Пастаўшчыне ў агні ўжо загінулі тры чалавекі. А першы намеснік начальніка РАНС Віктар Жук расказаў, на што трэба звярнуць асаблівую ўвагу.

Алена Шапавалава
Фота Людмілы Зелянкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.