Профессиональные артисты Тизенгауза. История Поставской музыкально-театральной школы

Культура

З імем графа Антонія Тызенгаўза — вядомага палітычнага дзеяча Вялікага Княства Лістоўскага і рэфарматара — непарыўна звязана гісторыя Пастаўскай музычна-тэатральнай школы.

Міхал Рыміньскі, Дарота Сітаньская і іншыя народныя танцоры Яго Каралеўскай Міласці (1790 г.)

У 1769 годзе граф заснаваў у Гродне свой тэатр. Праз год у канцэртнай зале яго палаца прыдворная трупа прадставіла публіцы першыя оперы і камедыі. А ў 1774 годзе А. Тызенгаўз, які займаў у той час пасаду Гродзенскага старасты і кіраўніка каралеўскіх эканомій у Літве, заснаваў у горадзе сваю музычна-тэатральную школу. Для пошуку талена­вітых выкладчыкаў, музыкаў, спевакоў і харэографаў ён адправіў у Еўропу капельмайстра і скрыпача Лявона Сітаньскага. У якасці вучняў у школу набіралі сялянскіх дзяцей з навакольных вёсак, часта — сілком, насуперак волі іх бацькоў.

У сувязі са зняццем з дзяржаўнай службы ў кастрычніку 1781 года А. Тызенгаўз перавёў музычна-тэатральную школу з Гродна ў Паставы. Да таго часу мястэчка, якое належала яму, змянілася да непазнавальнасці. Стараннямі графа Паставы ператварыліся ў вядомы на ўсю акругу цэнтр культуры, асветы і прамысловай вытворчасці. Кіраваў Пастаўскай музычна-тэатральнай школай, аналагаў якой тады не было ва ўсёй Рэчы Паспалітай, згаданы вышэй Лявон Сітаньскі. Школа складалася з музычнага, тэатральнага і балетнага класаў. Балетны клас пачаў актыўна функцыянаваць у 1782 годзе, калі ў Паставы прыбыў вядомы французскі акцёр, педагог і харэограф XVIII стагоддзя Франсуа Габрыэль Ле Ду.

У музычна-тэатральнай школе сялянскія дзеці атрымлівалі прафесійную адукацыю вельмі высокага ўзроўню. А. Тызенгаўз як адзін з самых перадавых лю­дзей сваёй эпохі хацеў мець уласных адукаваных артыстаў, якія павінны былі не толькі ўмець танцаваць, але і ведаць замежныя мовы, пісаць, чытаць тэксты і ноты, а таксама граць на розных музычных інструментах. Усе выхаванцы былі падзелены на тры групы. У ніжэйшым, трэцім, класе вучыліся хлопчыкі і дзяўчынкі ва ўзросце 8—10 гадоў, у другім класе — ва ўзросце 11—14 гадоў, у першы, старэйшы, клас адбіралі самых таленаві­тых вучняў 14—18 гадоў. Для ўсіх узроставых груп заняткі па балеце доўжыліся 5-6 гадзін. У другім і трэцім класах па дзве гадзіны штодня адводзіліся на заняткі пісьмом і замежнымі мовамі, а ў першым класе была яшчэ і арыфметыка. Акрамя таго, дзяўчынкі павінны былі авалодаць майстэрствам ігры на клавесіне, хлопчыкі — на скрыпцы, віяланчэлі і альце. На гэта ў раскладзе прадугледжвалася адна га­дзіна штодня ў малодшых класах і па пяць гадзін — у старэйшых.

Да нашага часу захаваўся спіс вучняў музычна-тэатральнай школы з Пастаў. Гэта былі Магдалена Карніцка, Марыяна Адамовіч-Адольска, Марыяна Цыклінска, Апалонія Хальніцка, Разалія Лаўцынска, Магдалена Ружыцка, Адам Бжэзінскі, Анджэй Кухальскі і Ежы Валінскі. Дакладна вядома, что яны вучыліся ў 1783—1785 гадах.

Пра тое, што Франсуа Габрыэль Ле Ду цалкам апраўдаў спадзяванні графа і паспяхова справіўся з ускладзенымі на яго абавязкамі, сведчыць той факт, што 24 верасня 1785 года калектыў з Пастаў дэбютаваў у Варшаве. На суд публікі ён прадставіў балет «Hylas i Sylwia», лібрэта якога было ўзята з пастырскай камедыі, заснаванай на «Буры» У. Шэкспіра. Дэбют на сталічнай сцэне прайшоў з трыумфам. Выхаванцы Пастаўскай школы далі некалькі канцэртаў на сцэнах «Тэатра пуб­лічнага» і «Каралеўскага тэатра» ў Лазенках.

У чэрвені 1785 года, пасля смерці А. Ты­зенгаўза, на падставе яго завяшчання трупа была перададзена каралю. Ста­ніслаў Аўгуст Панятоўскі распарадзіўся пакінуць калектыў у Варшаве, даручыўшы Франсуа Габрыэлю Ле Ду працягваць кіраваць «народнымі танцорамі». Такім чынам, у Паставах быў падрыхтаваны першы айчынны калектыў, які пасля з вялікім поспехам выступаў на прафесійнай сцэне. Вось такая цікавая і малавядомая старонка нашай гісторыі.

Кацярына Куракова, навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.