Районный фестиваль межкультурных коммуникаций прошел в минувшую субботу в Поставской СШ №1

Образование

На розных мовах

Валоданне замежнай мовай —неад’емны складнік адукацыі паспяховых людзей. Замежныя мовы неабходныя ў паўсядзённых дзелавых зносінах, а іх вывучэнне дапамагае чалавеку расшырыць свой кругагляд, больш даведацца пра культуру, жыццё і традыцыі іншых краін. Такім быў асноўны пасыл раённага фестывалю міжкультурных камунікацый, які прайшоў у мінулую суботу ў пастаўскай СШ №1.

У восьмы раз першая школа прымала ў сябе найлепшых знаўцаў англійскай, нямецкай і французскай моў з усіх агульнаадукацыйных устаноў горада, Варапаеўскай, Лынтупскай, Навасёлкаўскай, Камайскай, Гуцкай і Дунілавіцкай СШ. У суправаджэнні настаўнікаў-прадметнікаў сюды з’ехаліся каля 150 навучэнцаў 4—11 класаў, якія дэманстравалі свае веды і таленты ў пяці конкурсных намінацыях: «Я — аратар», «Я — гід», «Прэс-цэнтр», «Міні-тэатр» і «Фабрыка зорак». Гэтыя намінацыі застаюцца нязменнымі з пачатку правя­дзення фестывалю. Чаго не скажаш пра само мерапрыемства. З кожным годам яно пашырае свае межы, захопліваючы ўсё больш удзельнікаў, расце таксама ўзровень падрыхтоўкі дзяцей.

Асабіста мне сёлетні фестываль нагадаў яркае і маляўнічае свята. У ім зусім не адчувалася саперніцтва паміж вучнямі розных школ. Ва ўсім, што адбывалася на сцэне актавай залы і ў адным з класаў, дзе праходзілі конкурсныя іспыты, панавала атмасфера творчасці, падмацаваная выдатным валоданнем замежнай мовай. З інтарэсам слухала ўдзельнікаў, якія расказвалі пра нацыянальныя касцюмы розных краін і рэгіёнаў, разважалі пра тое, ці лёгка быць маладым, з дапамогай сваіх друкаваных і насценных газет і буклетаў знаёмілі з навінкамі нанатэхналогій. А як артыстычна яны разыгрывалі міні-спектаклі па вядомых творах замежных аўтараў, як цудоўна выконвалі замежныя хіты!

За кожным словам і рухам канкурсантаў уважліва сачыла справядлівае журы з ліку настаўнікаў замежных моў названых вышэй школ на чале з загадчыцай вучэбна-метадычнага кабінета аддзела па адукацыі райвыканкама Раісай Шубелькай, выстаўляючы балы па шэрагу крытэрыяў. Па іх суме пераможцамі сталі: у намінацыі «Я — аратар» — Анастасія Крывенька з гімназіі, «Я — гід» — творчая група навучэнцаў СШ №3 у складзе Алесі Пабядзінскай, Эліны Койры, Анастасіі Скрыд­леўскай і Лізаветы Якімовіч. Вучні трэцяй гарадской школы лідзіравалі таксама ў намінацыях «Міні-тэатр» і «Прэс-цэнтр». А вось у «Фабрыцы зорак» найлепшымі аказаліся Злата Ярашэвіч з Навасёлкаўскай СШ, Крысціна Багушэвіч з Варапаеўскай, Арсеній Леўшын і Лізавета Загурская з першай гарадской школ (па англійскай мове), а таксама Маргарыта Кавальская з Лынтупскай ЯССШ (па нямецкай мове).

Большасць пераможцаў будуць прадстаўляць наш раён на абласным фестывалі міжкультурных камунікацый, які пройдзе ў пачатку мая ў Віцебску.

Тэкст і фота Алены Шапавалавай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.