С небом наравне несет службу начальник подвижного радиолокационного высотомера Александр Рубан

Правовое поле

Упоравень з небам нясе службу начальнік рухомага радыёлакацыйнага вышынямера Аляксандр Рубан

Перад службай па кантракце была тэрміновая, якую Аляксандр пачынаў у Варапаеве, дзе да 1996-га дыслацыраваўся 1-ы радыётэхнічны цэнтр. Потым разам з ім перабраўся ў Паставы. Зараз вайсковец — адзін з нямногіх «старажылаў», якія служаць тут з першых дзён новай старонкі летапісу падраздзялення.

— Спачатку быў аператарам радыёлакацыйнай станцыі, затым перавялі на пасаду камандзіра аддзялення гэтай жа станцыі. Прайшоў шлях ад малодшага сяржанта да старшыны. Служу на пасадзе прапаршчыка. Каб на яе перавялі, неабходна было мець адукацыю, не ніжэйшую за сярэднюю спецыяльную. Яе не так даўно атрымаў у Пастаўскім дзяржаўным каледжы па спецыяльнасці «Тэхнік-механік», — расказваў суразмоўца. — У перспектыве камандаванне часці абяцае перавесці на афіцэрскую пасаду.

Пакуль жа ў асноўныя абавязкі Аляксандра Рубана ўвахо­дзяць падтрыманне станцыі ў пастаяннай баявой гатоўнасці, рамонт і абслугоўванне абсталявання і тэхнікі, кантроль за асабовым складам вышынямера. Таксама ён складае графікі нясення баявога дзяжурства і сутачных нарадаў для сваіх чатырох падначаленых. Тут галоўнае — скласці іх такім чынам, каб дагадзіць усім. Як старшына Аляксандр нясе дзяжурства па роце, кантралюе салдат тэрміновай службы. І, мяркуючы па ўсім, спраўляецца са сваімі абавязкамі на належным узроўні, зразумела, — на вышыні. Летась быў адзначаны нагрудным знакам «Выдатнік баявога дзяжурства», а па выніках вучэнняў узнагароджаны імянным гадзіннікам ад міністра абароны і двума медалямі «За адзнаку на вучэннях».

Аляксандр Рубан — прыхільнік актыўнага адпачынку: захапляецца зімовай і летняй рыбалкай, спартыўнай касьбой (займаў і прызавыя месцы). Шмат часу ўдзяляе сям’і. Жонка працуе выхавальнікам у дзіцячым садку, старэйшая дачка сёлета заканчвае Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, малодшая — трэцякласніца. Пятнаццаць гадоў таму сям’я набыла ўласны дом у прыватным сектары райцэнтра, з таго часу яго ўдасканаленне ніколі не спыняецца.

— Жыллём гэта можна было назваць умоўна, бо былі толькі сцены і электраправодка. Уласнаручна зманціраваў ацяпленне, перакрыў дах, выканаў унутраныя аддзелачныя работы, пабудаваў лазню, дзіцячую пляцоўку. Імкнуся, каб ля дома быў армейскі парадак. Выдатная гаспадыня і мая жонка, — працягваў.  — А галоўнае — яна яшчэ і надзейны тыл: вось ужо больш за 20 гадоў чакае з частых і працяглых камандзіровак і палявых выхадаў, якія могуць доўжыцца і па месяцы.

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.