«Самому не верится, что наступила такая дата». Бывший директор совхоза «Воропаево» Иван Мастяница отметил 70-летие

Общество

Сілкуюць зямля і дзеці

Пасяджэнне Варапаеўскага сельвыканкама 21 сакавіка пачалося нетрадыцыйна — старшыня сельскага Савета Іна Касарэўская, дырэктар райаграсэрвісу Дзмітрый Януковіч павіншавалі з 70-годдзем былога дырэктара саўгаса “Варапаева” Івана Іосіфавіча Масцяніцу, а старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Ганна Літвіно­віч уручыла Падзяку старшыні райвыканкама.

— Сёння не спалася, — прызнаўся юбіляр. — Самому не верыцца, што наступіла такая дата. Задумаўся: што дае сілы? Дзеці, унукі і зямля, якой я прысвяціў усё сваё жыццё. З раніцы пасыпаліся тэлефонныя званкі. Він­шавалі дачка, сын, сябры. Завіталі і нечаканыя госці: першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Эдуард Януковіч, намеснік начальніка аддзела сельскагаспадарчай вытворчасці Валерый Мурза, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксей Філімонаў. Разам нам было што ўспомніць.

Старшыня Варапаеўскага сельскага Савета Іна Касарэўская віншуе Івана Іосіфавіча Масцяніцу

Усё жыццё Івана Іосіфавіча звязана з Варапаеўшчынай. Нарадзіўся ў невялікай вёсачцы Мышкі. Да службы ў арміі паспеў папрацаваць рабочым у саўгасе “Варапаева”. Калі атрымаў вышэйшую адукацыю, быў назначаны на пасаду інжынера па сельгасмашынах. Яго вызначалі не толькі добрае веданне свайго ўчастка работы, але і ўменне знаходзіць агульную мову з людзьмі. Нездарма праз пэўны час Івана Масцяніцу выбралі сакратаром партыйнай арганізацыі саўгаса. Кола абавязкаў было шырокае: распрацоўваў сумесна з кіраўніцтвам саўгаса ўмовы сацыялістычнага спаборніцтва, адказваў за наглядную агітацыю ў чырвоных кутках, майстэрнях.

Пасля распаду Савецкага Саюза і спынення дзейнасці Каму­ністычнай партыі Іван Масцяніца дзевяць гадоў працаваў намеснікам дырэктара саўгаса, затым пяць гадоў узначальваў гаспадарку. А калі саўгас “Варапаева” далучылі да райаграсэрвісу, займаў пасады галоўнага інжынера, інжынера-механіка. Нават атрымаўшы права на пенсію, не развітаўся з работай. І зрабіў гэта толькі паўтара года таму.

Дома Іван Іосіфавіч не сумуе. Хапае спраў па гаспадарцы. Вольным часам любіць парыбачыць. Вечарамі разам з жонкай Нінай Іосіфаўнай успамінаюць мінулае, чакаюць прыезду ў госці дзяцей і ўнукаў.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.