Сажали, строили, красили. На Поставщине прошёл республиканский субботник

Главное Общество

20 красавіка па ўсёй краіне прайшоў рэспубліканскі суботнік.

Сёлета ён быў прымеркаваны да Года малой радзімы і падрыхтоўкі да святкавання 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На вачах харашэлі і нашы Паставы.З самай раніцы на вуліцах райцэнтра кіпела работа. Кіраўнік раёна Сяргей Чэпік разам са сваімі намеснікамі і іншымі работнікамі райвыканкама, старшынёй раённага Савета дэпутатаў Пятром Курто і дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Сяргеем Зямчонкам закладвалі новую алею па вуліцы Міру. Выкопвалі ямкі для дрэўцаў, прывязвалі маладыя са­джанцы да калкоў, палівалі. Спатрэбілася менш за гадзіну, каб прычэп трактара, у якім ляжалі танюсенькія ліпкі, апусцеў.

— Прэзідэнт краіны паставіў задачу, каб кожны куточак нашай Бацькаўшчыны патанаў у зеляніне і кветках, быў дагледжаным і прыгожым. Часцінку гэтай прыгажосці мы сёння і ствараем, — гаварыў Сяргей Чэпік. — Наша каманда працуе ахвотна і з настроем. Спадзяёмся, што ўсе дрэўцы прыжывуцца, будуць добра расці і ў хуткім часе алея стане ўтульным месцам для жыхароў новага раёна індывідуальнай забудовы Пастаў.

Шматлюдна было і на плошчы Леніна. Тут работнікі УП ЖКГ разам з прадстаўнікамі райвыканкама працягвалі надаваць новыя абрысы сэрцу горада. Высаджвалі ялінкі, клёны, яблыні, спірэі і іншыя дэкаратыўныя дрэўцы і кустарнікі. Уздоўж чыгуннай агароджы, за помнікам Леніну, зараз красуецца кізільнік. Падчас суботніка плошча прырасла больш чым 300 саджанцамі, якія дзеляць яе тэрыторыю на адмысловыя зоны.

Шмат працоўных рэсурсаў  было задзейнічана ў раёне 5 гарадка. Ля стэлы на ўезде ў горад камунальшчыкі высаджвалі кустарнікі. Праз некалькі соцень метраў з дапамогай ядлоўцу і барбарысу «высцілалі» след ад самалёта, а ў раёне аўтобуснага прыпынку «ДЭУ» «прызямлялі» яблыньку, клёны, бэз, туі, барбарыс, рабінію, фарзіцыю, іншыя экзатычныя саджанцы. Праз дарогу — у парку паміж 5 гарадком і вуліцай Юбілейнай — некалькі работнікаў «Паставымэблі» наладжвалі дах новенькай альтанкі, астатнія былі занятыя на вытворчасці непасрэдна на сваіх працоўных месцах, а інжынерна-тэхнічныя работнікі  займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі.

— Пасадзілі клёны і бярозы, устанавілі новую падстаўку ўласнай вытворчасці для кветак, выкарчавалі старыя бардзюры, на іх месцы засеем газонную траву, — вадзіў па тэрыторыі завода і паказваў фронт выкананых работ дырэктар Сяргей Лацецкі. — Разабралі непрацуючы фантан і разбілі клумбу. Жанчыны прапалолі клумбы, пасадзілі кветкі, мужчыны фарбуюць старую альтанку, якую сёння перанеслі на новае месца. Замест яе недалёка ад прахадной устанавілі новую. З аднаго боку, яна будзе выкарыстоўвацца як месца для курэння, з другога — у якасці рэкламнай прадукцыі.

Яшчэ адна дружная кампанія — работнікі культуры раёна. Яны цэлымі калектывамі акультурвалі пляцоўкі каля сваіх устаноў. Найбольш маштабная работа разгарнулася каля дзіцячай школы мастацтваў імя А. Ромера. Акрамя добраўпарадкавання тэрыторыі, тут займаліся падрыхтоўкай месца для будучай адмосткі: капалі дарожкі вакол будынка, засыпалі іх шчэбнем. Дапамагала ў гэтым выкладчыкам і тэхперсаналу школы гаспадарчая група аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Падчас суботніка справа знайшлася для ўсіх: адны мялі вуліцы горада, другія прыбіралі прыбярэжныя палосы вадаёмаў, трэція — могілкі, чацвёртыя працавалі на рабочых месцах. А вось жыхароў шматкватэрных дамоў, якія б прыкладвалі свае сілы на навядзенні парадку вакол іх, не заўважыла. Праўда, варта адзначыць, што ў гэтым асаблівай патрэбы і не было — амаль усюды чыста, а месцамі — па-хатняму ўтульна.

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.