В Международный день освобождения узников фашистских концлагерей в районной библиотеке вспоминали о зверствах фашистов

75 лет освобождения Витебщины от немецко-фашистских захватчиков

Каб не паўтарылася

11 красавіка Беларусь разам з іншымі краінамі адзначыла Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. З нагоды памятнай даты ў цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшло мерапрыемства для навучэнцаў Пастаўскага дзяржаўнага каледжа пад назвай «Гэтага нельга забываць!».

Аповед пра зверствы фашыстаў бібліятэкар Анастасія Бурцава пачала са знаёмства маладых людзей з планам па заваяванні народаў Усходняй Еўропы «Ост», да распрацоўкі якога кіраўніцтва гітлераўскай Германіі прыступіла яшчэ ў 1940 годзе. У адпаведнасці з ім, гітлераўцы хацелі сцерці з твару планеты Савецкі Саюз, знішчыць значную частку яго насельніцтва, а землі, якія вызваляцца, засяліць немцамі і пасля каланізацыі ўключыць у склад Трэцяга рэйха.

— На акупіраваных тэрыторыях ставілася задача загубіць 30 мільёнаў рускіх і 5-6 мільёнаў яўрэяў, — прыводзіла жудасныя лічбы вядучая. — З гэтай мэтай фашысты стваралі лагеры смерці і канцлагеры, тысячы турмаў і гета, куды прымусова зганялі яўрэйскае насельніцтва. Шырокае распаўсюджанне канцлагеры атрымалі ў гады Другой сусветнай вайны. Яны былі размешчаны як у самой фашысцкай Германіі, так і ў захопленых ёю краінах. Усяго дзейнічалі больш за 14 тысяч канцэнтрацыйных лагераў, праз якія прайшлі 18 мільёнаў чалавек, у тым ліку 5 мільёнаў савецкіх грамадзян.

«Дахау», «Бухенвальд», «Асвенцім», «Саласпілс», «Трасцянец», Мінскае гета, «Азарычы», «Чырвоны Бераг». Назвы гэтых «фабрык смерці», дзе прымусова ўтрымліваліся і масава знішчаліся ваеннапалонныя і мірныя жыхары, знаёмыя кожнаму цывілізаванаму чалавеку. Безумоўна, ведаюць іх і навучэнцы каледжа. Тым не менш, затаіўшы дыханне, яны слухалі пра тое, у якіх нечалавечых умовах знаходзіліся вязні, як з іх здзекаваліся фашысты, прымушаючы цяжка працаваць і праводзячы розныя доследы, як расстрэльвалі, атручвалі ў газавых камерах, спальвалі ў крэматорыях хворых і нямоглых. Падрабязны расказ пра канцэнтрацыйныя лагеры вядучая дапаўняла дэманстрацыяй кадраў архіўнай кінахронікі, фотаздымкаў ваеннага часу, відэасюжэтаў, зробленых у нашы дні, карцін з серыі «Лічбы на сэрцы» вядомага беларускага мастака — былога вязня «Дахау» Міхаіла Савіцкага, а таксама фрагментаў з мастацкага фільма «Хлопчык у паласатай піжаме», знятага па аднайменным рамане ірландскага пісьменніка Джона Бойна.


Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў устаноўлены ў памяць пра паўстанне вязняў канцлагера «Бухенвальд», якое адбылося 11 красавіка 1945 года.


На тэрыторыі Беларусі фашыстамі было створана больш за 260 лагераў смерці і месцаў масавага знішчэння людзей. У іх загінула амаль паўтара мільёна чалавек — дарослых і дзяцей з нашай рэспублікі, палітычных зняволеных і яўрэяў з Германіі, Аўстрыі, Польшчы, Чэхаславакіі. Выжыць пашчасціла нямногім…

Сёння ў Пастаўскім раёне пражываюць 65 былых вязняў фашызму. З імі вядзецца работа па рэабілітацыі і аздараўленні на базе аддзяленняў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, расказвала А. Бурцава. З дапамогай валанцёраў рэалізуецца праект «Аказанне дапамогі былым вязням», які фінансуецца германскім фондам «Памяць, адказнасць, будучыня». Партнёрамі праекта з’яўляюцца цэнтральная раённая бальніца і раённая арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.

— Але ў той жа час у свеце, які так адчайна змагаўся з фашысцкай ідэалогіяй, і цяпер існуюць партыі нацыстаў. Відаць, мы так да канца і не ўсвядомілі, праз што давялося прайсці ахвярам фашысцкіх канцлагераў і воінам, якія змагаліся на франтах. Або проста стараемся пра гэта не думаць, — зазначыла Анастасія і адрасавала кожнаму прысутнаму пытанне: што мы можам зрабіць, каб не паўтарыць памылак мінулага і не ператварыцца ў натоўп раўнадушных і жорсткіх людзей?

Тэкст і фота Алены Шапавалавай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.