Волонтерство. Более 600 тысяч сеянцев и саженцев сосновых и лиственных деревьев будут высажены на 155 гектарах лесхоза

Экология

Пастараліся валанцёры

У мінулы аўторак надвор’е выдалася па-сапраўднаму вясновым. Гэта ў немалой ступені спрыяла рабоце валанцёраў з каледжа, якія садзілі маладзенькія сосны. З намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце лясгаса Аляксандрам Іваньковым і ляснічым Пастаўскага лясніцтва Альбертам Туронкам накіроў­ваемся да юных памочнікаў лесаводаў.

— Сёлета вырашылі заахвочваць тых, хто будзе старацца на пасадцы лесу, — расказваў Аляксандр Мікалаевіч. — Учора майкамі, кепкамі і кубкамі з лагатыпам «Тыдзень лесу-2019» адзначылі руплівых вучняў гімназіі. Сёння прызы атрымаюць навучэнцы каледжа.

У першай групе запэўнілі, што ўсе працавалі выдатна. А каб нікому не было крыўдна, шчасліўчыкаў вызначылі з дапамогай аднаго з дадаткаў у мабільным тэлефоне. Імі сталі Васілій Дзямідаў, Арцём Грыбок і Аляксандр Корвель.

— У нас сапраўды ўсе руплівыя, і мы заўсёды рады прыняць удзел у любой высакароднай справе, — гаварыла кіраўнік валанцёрскага руху «Градиент» Наталля Гігола. — Пасадка лесу — адна з іх.  Зялёныя насаджэнні ўпрыгожваюць нашу зямлю, прыносяць карысць людзям. Пасаджаныя маладыя дрэўцы не толькі дапамога лясніцтву, але і асабістае ўсведамленне і падтрымка такой неабходнай і важнай справы, як захаванне прыроды.

У другой групе валанцёры самі выбралі сабе брыгадзіра і падпарадкоўвалі­ся яму. Такі давер быў аказаны Арцёму Яцкоўскаму. Аднагалосна назвалі намінантаў на падарункі. Імі сталі Арцём Яцкоўскі, Наталля Нейфельд і Ула­дзімір Роўда.

— Надвор’е цудоўнае, працавалі з задавальненнем, — гаварылі маладыя навучэнцы. — Хоць садзіць сосенкі вышынёй у сантыметраў пяць — работа карпатлівая, у нас гэта атрымлівалася. Шкада, што зямля перасохлая: раслінкам будзе няпроста прыжыцца. Але верым, што пройдзе час — і мы прывязём сюды сваіх дзяцей на адпачынак, падыхаць чыстым сасновым паветрам.

Больш за 600 тысяч сеянцаў і саджанцаў хваёвых і ліставых дрэў будуць высаджаны сёлетняй вясной на 155 гектарах лясгаса. На 31,2 га малады лес раскінецца ў Пастаўскім лясніцтве,  на 30,9 — у Варапаеўскім, 28,6 — у Валкоўскім. Справіцца з такім аб’ёмам леснікам сваімі сіламі было б складана. Таму яны вельмі рады дапамозе. За гэты час ва ўладаннях лясніцтва плённа папрацавалі ваеннаслужачыя, работнікі Пастаўскага раёна газазабеспячэння, іншых арганізацый, навучэнцы школ, гімназіі, каледжа, асобныя гара­джане. Кожнаму, хто палічыў сваім абавязкам далучыцца да акцыі «Пасадзі сваё дрэва!» у Год малой радзімы, кіраўніцтва лясгаса дало такую магчымасць: забяспечыла прыладамі працы, пасадачным матэрыялам, арганізавала дастаўку транспартам да месца работы. А найбольш актыўныя атрымалі падарункі.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.