Выпускники общеобразовательных школ района ознакомились с профессиями на профориентационном слёте в колледже

Образование

Не згубіцца ў свеце прафесій

На мінулым тыдні на базе Пастаўскага дзяржаўнага каледжа прайшоў прафарыентацыйны злёт навучэнцаў выпускных класаў агульнаадукацыйных устаноў раёна.

На сустрэчу з будучымі выпускнікамі прыехалі выкладчыкі Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта, Полацкага ляснога каледжа, завіталі таксама прадстаўнікі раённага выканаўчага камітэта і раённага спажывецкага таварыства. З прывітальным словам да прысутных звярнулася начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Чаплінская. Яна адзначыла, што традыцыйна з наступленнем вясны на Пастаўшчыне актывізуецца прафарыентацыйная работа: да нас прыязджаюць госці з вышэйшых і сярэднеспецыяльных навучальных устаноў, школьнікі адпраўляюцца ў ВНУ і ССНУ на дні адчыненых дзвярэй, каб пазнаёміцца з імі бліжэй і вызначыцца з выбарам далейшага жыццёвага шляху.

Выступае Віктар Лоўкіс

— Тое, што месцам правя­дзення раённага прафарыентацыйнага злёту ў каторы раз становіцца каледж, невыпадкова, — гаварыла Галіна Мікалаеўна. — Мы хочам паказаць патэнцыял гэтай установы, якая сёння можа даць добрую прафесійную падрыхтоўку, дапамагчы маладым людзям раскрыць свае магчымасці і таленты. У каледжа шмат дасягненняў у спорце, мастацкай самадзейнасці, творчасці і, безумоўна, у прафесійным майстэрстве.

Г. М. Чаплінская пажадала старшакласнікам не баяцца цяжкасцей і смела ісці да намечанай мэты. Пры гэтым заўважыла, што на Пастаўшчыне заўсёды рады маладым спецыялістам, якія прыязджаюць у раён, застаюцца тут жыць і працаваць. Але асабліва — спецыялістам у галіне сельскай гаспадаркі.

Удзельнікі злёту

Такіх рыхтуюць у тым ліку ў Пастаўскім дзяржаўным кале­джы, пра які падрабязна расказаў дырэктар установы адукацыі Сяргей Герасіменка. Ён спыніўся на формах навучання і ўзроўнях падрыхтоўкі, спецыяльнасцях, якія можна атрымаць пасля 9-га і 11-га класаў, конкурсе пры паступленні ў бягучым навучальным годзе і плануемым наборы навучэнцаў у наступным, умовах залічэння ў каледж, яго вучэбнай і матэрыяльнай базах і іншых пытаннях. Паступаць у каледж, які навучыць неабходнаму кожнаму юнаку і дзяўчыне рамяству, а менавіта — разбірацца ў тэхніцы, вадзіць аўтамабіль, умець гатаваць, заклікала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Шылько. А маладыя людзі, якія тут вучацца, выступілі з часткай конкурснай праграмы абласнога этапа рэспубліканскага інфармацыйна-прафарыентацыйнага праекта «Прафбум» у намінацыі імідж-сэт «Прафрух: найлепшая версія».

Далей слова далі гасцям — дацэнту кафедры генетыкі і развядзення сельскагаспадарчых жывёл Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны Сяргею Базылеву, дэкану аграмеханічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта Віктару Лоўкісу і выкладчыцы Полацкага ляснога каледжа Веры Бондар. З дапамогай фота- і відэапрэзентацый яны пазнаёмілі прысутных са сваімі навучальнымі ўстановамі, расказалі пра факультэты і спецыяльнасці, уступныя іспыты, прахадныя балы, асаблівасці навучання і перспектывы працаўладкавання, умовы пражывання студэнтаў, пакінулі рэкламныя буклеты з тэлефонамі прыёмных камісій.

Пра тое, якія спецыяльнасці сёння набольш запатрабаваны ў сельгасарганізацыях раёна, дзе іх можна атрымаць і куды звяртацца пры жаданні звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай, распавяла інспектар аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Людміла Шубелька. А спецыяліст па кадрах раённага спажывецкага таварыства Ганна Асадуліна прарэкламавала сферу гандлю і паслуг. У цэлым жа ўсе выступоўцы жадалі без пяці хвілін выпускнікам не памыліцца ў выбары прафесіі, паспяхова здаць выпускныя і ўступныя іспыты і абавязкова знайсці сваё месца ў жыцці. 

Тэкст і фота Алены Шапавалавай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.