1 мая на СТК «Озерки» прошло сразу два мероприятия — легкоатлетический кросс и торжественно-развлекательное мероприятие, посвященное Празднику труда

Главное Общество

Актыўны Першамай

Сёлетняя маёўка, якая традыцыйна ладзіцца на спартыўна-турыстычным комплексе «Азёркі», аб’яднала адразу два мерапрыемствы — лёгкаатлетычны крос і ўрачыста-забаўляльнае мерапрыемства, прысвечанае Святу працы.

У гонар Перамогі

Свае забегі ўдзельнікі раённага лёгкаатлетычнага кросу прысвяцілі чарговай гадавіне Перамогі.

— На Пастаўшчыне стала традыцыяй адзначаць 1 Мая спартыўнымі мерапрыемствамі. Нягледзячы на тое, што будуць прысуджацца прызавыя месцы, ведайце: вы ўсе — пераможцы. Хоць бы па той прычыне, што спорт — залог здароўя. Выдатнага настрою і ўдачы! — вітаў прысутных старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто.

«Давай, давай!», «Паднацісні!», «Абганяй!», «Працуй рукамі!» — на працягу дзвюх гадзін лес гудзеў ад падбадзёрваючых воклічаў балельшчыкаў і прадстаўнікоў каманд. І бегуны стараліся адпавядаць пажаданням.

Першымі стартавалі  навучэнцы гарадскіх і сельскіх сярэдніх школ, гімназіі і каледжа. Найлепшы вынік у гэтай групе паказалі прадстаўнікі СШ №3. На другім і трэцім месцах каманды гімназіі і каледжа. Як і летась, пераможцамі ў сваёй групе сталі прадстаўнікі Навасёлкаўскага сельскага Савета. Другі і трэці вынікі ў бегуноў Юнькаўскага і Варапаеўскага сельскіх Саветаў. Сярод арганізацый, прадпрыемстваў, індывідуальных прадпрымальнікаў і воінскіх часцей перамогу святкавала каманда аддзела па адукацыі райвыканкама. У лік прызёраў увайшлі прадстаўнікі Пастаўскага раёна газазабеспячэння і лясгаса. У асабістым забегу першымі фінішавалі Віталій Катэйка і Мяліна Буянок, другімі — Сяргей Быкаў і Лучана Чубрэвіч, на трэцім месцы Ігнат Краско і Ганна Галімская.

Мір. Праца. Май

Пад такой назвай прайшло святочнае мерапрыемства, прысвечанае 115-годдзю прафсаюзнага руху Беларусі. Жыхароў раёна са Святам працы віншавалі старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Сяргей Зямчонак і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Іна Далецкая. У прывітальных словах яны жадалі пастаўчанам поспехаў, цудоўнага настрою, стваральнай працы, якая б прыносіла задавальненне самому работніку і служыла на карысць грамадству.

— Няхай прафсаюзы і надалей застаюцца блізкімі да лю­дзей, стаяць на варце іх інтарэсаў. Сутнасць прафсаюзнага руху якраз і заключаецца ў тым, каб дапамагаць працоўным, адстойваць іх правы, — гаварыў Сяргей Зямчонак.

Актыўная жыццёвая пазіцыя характарызуе большасць членаў прафсаюзаў, пярвічныя арганізацыі ўзначальваюць таленавітыя лідары, здольныя зарадзіць сваім энтузіязмам. За актыўную работу па абароне працоўных і сацыяльных правоў і інтарэсаў членаў прафсаюзаў граматай раённага аб’яднання прафсаюзаў адзначаны інжынер па ахове працы малаказавода Андрэй Дулінец, старшыні пярвічных прафсаюзных арганізацый: навучэнцаў каледжа — Анастасія Краўчанка, Белдзяржстраху па Пастаўскім раёне — Марына Юркова, ясляў-сада №2 — Вольга Кватарчук і цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы — Ірына Жукян, члены прафсаюзных камітэтаў ЦРБ і райспажыўтаварыства Галіна Красоўская і Вольга Германовіч. За высокі прафесіяналізм, значны ўклад у развіццё сацыяльнага партнёрства Іна Далецкая ўручыла граматы раённага аб’яднання прафсаюзаў галоўнаму ўрачу ЦРБ Уладзіміру Чакаваму, дырэктару лясгаса Уладзіміру Місачэнку і дырэктару ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрыю Шымчыку. Ганаровыя граматы раённай арганізацыі прафсаюзаў работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў атрымалі начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Алена Рудніцкая, галоўны бухгалтар Белдзяржстраху па нашым раёне Марына Юркова і дзяжурная пульта кіравання Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь Алена Мандро, а яе калега Кацярына Балобан — Падзячнае пісьмо. Ушаноўванне актывістаў прафсаюзнага руху, сацыяльных партнёраў і працоўных дынастый суправаджалася канцэртнай праграмай. Яе ўдзельнікамі сталі Ганна Антух, Карына Буйко, Валерыя Кірэй, Яўгенія Бяляўцава, Аляксандр Кандыбін, група «Виктори-фитнес» і ўдзельнікі студыі літаратурнага чытання РДК.

Дзеткі і дарослыя забаўляліся на спартыўных аб’ектах, працавалі атракцыёны і выязны гандаль. Набыць можна было нават саджанцы дрэў і кустарнікаў, якія прапаноўвалі работнікі лясгаса. Карысталіся «попытам» і фотазоны. Завяршылася мерапрыемства адкрыццём модульнай лазні ля возера Белае. Чырвоную стужку перад уваходам у яе перарэзаў гаспадар сядзібы Дзед Бай.

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.