15 мая — День семьи. Елена Владимировна и Савелий Иванович Дементьевы из Воропаева вместе 48 лет

Важное Общество

Каханне з новым статусам

Алена Уладзіміраўна і Савелій Іванавіч Дзяменцьевы з Варапаева разам 48 гадоў

Лёс звёў іх у Варапаеўскай школе-інтэрнаце. Алена нарадзілася на Глыбоччыне. Потым бацькі пераехалі ў Крым. Там дзяўчына закончыла 8 класаў і паступіла ў Полацкае педагагічнае вучылішча. Па размеркаванні трапіла ў Варапаева. Савелій — ураджэнец Шаркаўшчынскага раёна, выпускнік таго ж педвучылішча. Да арміі працаваў выхавальнікам у Асвейскай школе-інтэрнаце. А пакуль служыў, школу расфарміравалі, і яго новым месцам работы стала Варапаеўская.

— Не заўважыць Савелія было немагчыма: высокі, прыгожы, — успамі­нала Алена Уладзіміраўна.

— Мой позірк таксама на табе затрымаўся, — лагодна ўміхаецца Савелій Іванавіч. — Вырашыў: трэба гэтай дзяўчынай заняцца. Вось і займаюся амаль 50 гадоў.

Пачуцці доўга не выпрабоўвалі: восенню пазнаёміліся, летам наступнага года ажаніліся. Абое паступілі на завочнае аддзяленне Мінскага педагагічнага інстытута. Пасля нараджэння першынца вучыцца было няпроста. А дзяржэкзамены Алена здавала ўжо з дачушкай. Догляду патрабавала немалая гаспадарка.

— Спрабавалі трымаць розную жыўнасць: карову, цялят, авечак — расказвалі. — Урэшце спыніліся на свіннях. А цяпер толькі куры засталіся. У маладосці паспявалі ўсюды: і на рабоце, і ў сама­дзейнасці актыўнымі былі, і ў турпаходы хадзілі. З узростам засталіся рыбалка, збор грыбоў і ягад, невялікі агарод.

У наш час некаторыя скептычна адносяцца да ідэі пражыць усё жыццё з адным чалавекам, маўляў, пачуцці астываюць. Алена Уладзіміраўна і Савелій Іванавіч Дзяменцьевы, якія па-сапраўднаму цэняць сваю сям’ю, даказваюць адваротнае — каханне з гадамі набывае новы статус.

— Мы перажылі розныя перыяды, — расказваў Савелій Іванавіч. — Кожны этап па-свойму адметны, і на кожным сустракаліся свае цяжкасці і выпрабаванні. Узнікалі спрэчкі і нават канфлікты. А ратавала цярпенне або неаднаразовае «прабач». Не будзе гармоніі, калі думаць толькі пра сябе і свае жаданні. Трэба ўлічваць інтарэсы таго, з кім жывеш. Мая Леначка — вялікі дыпламат. Яна ўмее ўрэгуляваць любую сітуацыю.

— Сапраўдным можна назваць тое каханне, якое вытрымае не адно выпрабаванне, — працягвала Алена Уладзіміраўна. — Адносіны трэба пастаянна развіваць і абнаўляць. Немалаважна ўмець знаходзіць кампраміс, а галоўнае — за штодзённай мітуснёй бачыць адно аднаго. Да гарачага пачуцця і замілавання з узростам прыбаўляць павагі, клопату, адказнасці за дзяцей і ўнукаў. І атрымаецца тое, што мы маем цяпер. Кожны чалавек хоча з кімсьці дзяліцца сваімі эмоцыямі, перажываннямі. Мы з Савеліем дзе­лім на дваіх кожны новы дзень.

Хваробы, звычайна, падступаюць ва ўзросце. А Алена Уладзіміраўна першую складаную аперацыю перанесла ў 40. Медыкі рэкамендавалі аформіць групу інваліднасці. Адмовілася і настойліва даказвала сабе, што здольная жыць паўнавартасна. Праз 15 гадоў зноў не абышлося без хірургічнага ўмяшання. Доўгі час знаходзілася ў рэанімацыйным ад­дзяленні. Выжыла, як лічыць сама, дзякуючы аптымізму, пачуццю гумару і вялікай любові мужа і дзяцей. Праз паўгода паўторна даверылася скальпелю хірурга. Цяпер адчувае сябе адносна нядрэнна. Праўда, прыйшлося адмовіцца ад гаспадаркі, зменшыць пасадкі ў агародзе.

Яе хваробы прайшлі праз сэрца мужа. І яму самому сем гадоў таму ўрачы рэкамендавалі прааперыравацца, але адмовіўся.

— Усё ў руках Усявышняга, — сцвяр­джаў Савелій Іванавіч. — Колькі адмераў, столькі пражыву. Кожны дзень пачынаю з малітвы. У пакоі на пачэсным месцы вісяць іконы Мікалая Цудатворца і вялікі крыж. Яны, як і моцная вера, дасталіся ад бацькоў-старавераў. Нас, дзяцей, выхоўвалі па Божых законах, у строгасці. Прыкладам таго, што на ўсё воля Божая, было жыццё бацькі. Яго прызвалі на вайсковую службу ў 1939 годзе. Пад Масквой з аднапалчанамі трапілі ў акружэнне. Камандзір выпадкова ўбачыў на шыі бацькі нацельны крыжык і адзін на адзін папрасіў пацалаваць яго. Толькі яны двое тады засталіся жывымі, франтавымі дарогамі дайшлі да Берліна. У пасляваенны час вельмі сябравалі, ездзілі адно да аднаго ў госці. Ды і ў маім асабістым жыцці было мноства выпадкаў, калі Бог засцерагаў ад бяды.   

— Вельмі хвалююся, калі Савелій едзе на рыбалку адзін, — гаварыла Алена Уладзіміраўна. — Дазваляе здароўе — адпраўляюся з ім. Раней мы часта рыбачылі разам, выязджалі з начлегам. А як хораша ўдваіх паплаваць на лодцы!

У маладосці яны аб’ездзілі многія славутыя мясціны Беларусі, неаднаразова адпачывалі «дзікунамі» на поўдні. Гартаючы сямейны альбом, муж і жонка ўспаміналі мінулае, сваіх выхаванцаў. Было няпроста працаваць з дзецьмі, якія абдзелены лёсам, пазбаўлены бацькоўскай ласкі. Дзяменцьевы мелі да кожнага свой падыход, сваім дзецям удзялялі менш часу, чым чужым. Але яны выраслі годнымі людзьмі. У сына свой дом у Паставах. Больш за 25 гадоў ён прысвяціў ваеннай службе. Дачка пайшла па слядах бацькоў — стала педагогам. Жыве ў Барані пад Оршай. У Полацкім педагагічным каледжы вучыцца яе старэйшы сын. Малодшы — адзінаццацікласнік. Унучка ад сына працуе ў лабараторыі цэнтральнай раённай баль­ніцы, завочна вучыцца ў тэхналагічным універсітэце, унук — школьнік.  Бацькоўская кватэра для ўсіх — надзейнае і ўтульнае месца, а бацькі — прыклад дабрыні, чуласці. 

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.