28 мая — День пограничника. Надежный тандем кинолога Виталия Патрушева и его джек-рассел-терьера Рокси

Главное Общество

Надзейны тандэм кінолага Віталія Патрушава і яго джэк-расел-тэр’ера Роксі

Убачыўшы побач з кінолагам, старшым прапаршчыкам ад­дзялення пагранічнага кантролю «Мольдзевічы» Віталіем Патрушавым, маленькага сабаку, які бегаў і забаўляўся, я нават не магла падумаць, што ён службовы.

— Некаторыя лічаць, што маленькія сабакі не такія разумныя, як вялікія, — гаварыў Віталій. — Джэк-расел-тэр’ер абвяргае гэты стэрэатып. Энергічная, вясёлая, актыўная парода была выведзена ў Вяліка­брытаніі яшчэ ў XIX стагоддзі для палявання на ліс, норак. Цяпер іх прыродны інстынкт накіравалі ў іншае рэчышча — на пошук наркатычных, псіхатропных рэчываў, боепрыпасаў. Сабака маленькі, можа ўсюды пралезці.

За плячыма Віталія Патрушава 20 гадоў службы ў пагранічных органах. Займаўся ў асноўным пошукам і затрыманнем парушальнікаў Дзяржаўнай граніцы. Надзейнымі памочнікамі былі нямецкія, бельгійскія аўчаркі Санта, Эльза, Айк, Скіпер. З імі ўдзельнічаў у розных спаборніцтвах, займаў прызавыя месцы. У мінулым годзе на пунктах пропуску ўвялі пасаду кінолага і вопытнаму спецыялісту прапанавалі перайсці ў аддзяленне пагранічнага кантролю «Мольдзевічы», прадаставілі права выбару сабакі.

Разглядаў многія пароды, а перавагу аддаў джэк-расел-тэр’­еру. Набыў Роксі трохмесячнай. Затым у кіналагічным цэнтры органаў пагранічнай службы Смаргонскай пагрангрупы на 5-месячных курсах вучыліся шукаць наркатычныя рэчывы ў транспартных сродках, багажы і адзенні пасажыраў. На выпускных экзаменах і кінолаг, і сабака паказалі выдатныя вынікі.

Але вучоба на гэтым не закончылася. Трэніроўкі — абавязковая частка работы кінолага. Набытыя навыкі ўдасканальваюць штодня. Каб прадэманстраваць іх мне, Віталій у адну з сумак глыбока змясціў трэніровачную закладку. Роксі хутка абнюхала багаж і прыняла позу, якой дала зразумець гаспадару, што выяві­ла знаходку. Кінолаг ласкава ўсміхнуўся, пахваліў сваю выхаванку, пачаставаў смакоццем. Хоць пагранічныя сабакі больш прывычныя да каманд і загадаў, добрае слова іх таксама стымулюе.

— Мы з Роксі разумеем адно аднаго з паўпогляду, — расказваў Віталій. — Калі ўкладваеш душу, сабака аддае табе сябе ўсяго. Пасля курсаў працуем каля двух месяцаў. На спрошчаных пунктах пропуску «Лынтупы» і «Мольдзевічы» паток машын і пасажыраў адносна невялікі. А вось калі знаходзіліся ў камандзіроўцы на «Катлоўцы», там рэжым быў напружаны. На шчасце, на нашых зменах трапляліся законапаслухмяныя грама­дзяне. Выпадкі ж перамяшчэння праз пункты пропуску наркатычных сродкаў пачасціліся. І сабакі заўсёды ўкажуць дакладнае месца закладак. Кінолаг можа проста прагульвацца каля машын, а яго чацвераногі сябар гэтым часам працуе: пах забароненых рэчываў ён чуе на адлегласці. І ніякія тэхналогіі не могуць замяніць універсальны нос сабакі.

Пакуль мы гутарылі з Віталіем, Роксі ўдосталь нагулялася і прыйшла да гаспадара, даверліва паглядзела ў вочы, чакаючы яго каманды. «Надзейны тандэм», — падумала я.

Тэкст і фота Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.