Как организовать детский досуг во время летних каникул? С начала июня начинают работу летние оздоровительные лагеря

Образование

На ўсе густы і запыты

Зусім хутка лета і самыя працяглыя канікулы ў школьнікаў. Каб яны прайшлі з карысцю — дзеці змаглі добра адпачыць, набрацца сіл перад новым вучэбным годам, а магчыма, і чамусьці навучыцца, — з пачатку чэрвеня пачынаюць работу летнія аздараўленчыя лагеры.

Як і ў папярэднія гады, яны адкрыюцца на базе ўсіх сярэдніх і базавых школ раёна, Пастаўскай гімназіі і раённага Цэнтра дзяцей і моладзі. Лагерныя змены працягласцю 18 дзён стартуюць 3 чэрвеня. Толькі «Акадэмія зорак» пры РЦДМ расчыніць дзверы на два дні пазней, 5 чысла. У гэтых лагерах плануецца аздаравіць 650 дзяцей ва ўзросце ад 6 да 16 гадоў. Акрамя таго, 20 старшакласнікаў змогуць цікава і з карысцю правесці час, а таксама нядрэнна зарабіць у лагеры працы і адпачынку, які традыцыйна арганізуецца пры СШ №1. Па 50 дзяцей у дзвюх зменах прыме дзённы спартыўны лагер на базе ФАКа.

На працягу ўсяго лета на базе касцёла Святога Антонія Падуанскага ў Паставах будзе працаваць дзіцячы аздараўленчы лагер з кругласутачным утрыманнем «Праменьчык». Ужо сфарміраваны 5 змен па 30 чалавек у кожнай. Хутчэй за ўсё арганізуюць і шостую, дадатковую. Для дзяцей праваслаўнага веравызнання ў СШ №3, як заўсёды, адкрыецца лагер духоўнай накіраванасці «Крыніца», ён прыме 25 школьнікаў.

У адрозненне ад мінулых гадоў сёлета не будзе лагерных змен на базе АДРАЦ «Ветразь». Дзеці-сіроты і якія засталіся без апекі бацькоў — усяго 20 чалавек — пройдуць аздараўленне ў лагеры Наваполацкага гарадскога Цэнтра дзяцей і моладзі ў Глыбоцкім раёне. Мяркуецца, што яны, а таксама хлопчыкі і дзяўчынкі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і са шматдзетных сем’яў, змогуць паўторна аздаравіцца яшчэ і ў жніўні. З іншых новаўвядзенняў варта адзначыць стварэнне на базе першай гарадской школы атраду дзяцей ва ўзросце ад 6 да 9 гадоў у колькасці 15 чалавек з вывучэннем англійскай мовы. Аналагічны атрад, толькі з вывучэннем матэматыкі, з’явіцца на базе СШ №2. Для дзяцей, якія патрабуюць павышанай увагі да сябе, у дзённых лагерах будуць дзейнічаць абаронна-спартыўныя атрады.

На днях адбыўся семінар начальнікаў усіх відаў лагераў раёна з удзелам спецыялістаў райЦГЭ, РАНС, цэнтральнай райбальніцы, аддзелаў па адукацыі і ўнутраных спраў райвыканкама. Прысутным растлумачылі патрабаванні да арганізацыі работы аздараўленчых лагераў, давялі метадычныя рэкамендацыі Міністэрства адукацыі краіны. Акцэнт на сустрэчы быў зроблены не толькі на выкананне санітарных і іншых норм, арыентацыю школьнікаў весці здаровы лад жыцця. Галоўнае, каб іх знаходжанне ў лагерах было бяспечным, без выпадкаў траўматызму.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.