А адраджаць вёску трэба

2018-2020 год — Год малой радзімы

Мая родная вёска мае прыгожую назву — Ракітаўшчына. Якія цудоўныя там мясціны: узгоркі, ручаіны! У згодзе жылі працавітыя, шчырыя, добрасумленныя людзі. У кожнага гаспадара абавязкова быў сад: вішні, яблыні, слівы, грушы. Але з часам вёска амаль што памерла — засталіся толькі дзве жанчыны. Стаяць асірацелыя дамы, у садах побач з яблынямі расце лаза…

Ёсць многа вёсачак на свеце,
А мне мілейшая адна,
Тут сонца цёпленькае свеціць,
Тут найчысцейшая вада.

Гэтыя радкі я напісала у 60-ых, у 94-ым верш быў надрукаваны ў раённай газеце. Ракі­таўшчына ўцалела нават у вайну, хоць у ёй кватаравалі партызаны. І толькі дзякуючы мудрасці дзядоў, якіх паслухаўся камандзір атрада Бронікаў, быў захаваны атрад і фашысты не спалілі вёску.

У 70-80-х гадах, калі гаспадарку ўзначальваў старанны, дбайны і адукаваны старшыня П. І. Берняковіч, калгас «Савецкая Беларусь» быў адным з лепшых у Докшыцкім раёне. Працавала шмат моладзі, для якой будаваліся дамы не толькі на цэнтральнай сядзібе, але і ў іншых вёсках. Была базавая школа, клуб, па ўсім калгасе — заасфальтаваныя дарогі, наводзіўся парадак на зямлі.

Ішлі гады, усё змяналася: школу закрылі, у пошуках працы людзі з’язджалі з раёна. Зніклі ракіты, якія абрамлялі вёску, абмялелі ручаіны, цяпер зімой у садах тут гаспадараць толькі зайцы.

Даўно не была на радзіме
І сцежак яе не таптала,
А дом жа заўсёды адзіны,
Дом там, дзе жыла мая мама.
Дом там, дзе бярозы схавалі
Радню і знаёмых на кладах.
Дом там, дзе цябе спавівалі,
Дзе слёзы — і тыя ў радасць.
А дома заўсёды чакаюць
Адкуль ты ні прыйдзеш, прыедзеш.
Лісточкамі вербы махаюць,
Калі іх прытуліш, абдымеш.
Я гладжу рабіны галінкі,
Кару сухаватую ліпы,
Казычаць мне рукі ялінкі,
Спяваючы песеньку ціха,
Што ўжо праляцелі гадочкі,
Як птушкі, крылом памахалі,
Што выраслі маміны дочкі
І самі бабулямі сталі.
Гамоняць зялёныя клёны:
— Нам разам ужо не сабрацца…
Ніжэйшыя шлю ўсім паклоны,
Мне зноў у дарогу збірацца.
Бывайце, сцяжынкі, рачулка
І маміна хатка старая,
А сэрца трапеча так гулка,
Калі родны кут пакідаю.

Упэўнена, што так сказаць могуць многія, каму ўжо няма да каго паехаць у родныя вёскі. Хто вінаваты, што дзеці і ўнукі пакідаюць Бацькаўшчыну? Мо, таму, што зямля не мае цаны, а праца вяскоўцаў цяжкая і не дае адразу і многа прыбытку? А можа, вабіць іншае жыццё, у якім «на асфальце» спрадвечныя карані засыхаюць?

А адраджаць вёску абавязкова трэба, бо яна — карміліца. І якімі б перадавымі ні былі тэхналогіі, без хлеба працаваць не зможаш. На завяршэнне спашлюся на Жан-Жака Русо: ­»Адзіны сродак утрымаць дзяржаву ў стане незалежнасці — сельская гаспадарка. Гандаль стварае багацце, але сельская гаспадарка забяспечвае свабоду».

Ганна Шылько, г.п. Варапаева



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.