«Благодарен всем, с кем вместе работал!» 2 мая исполняется 70 лет бывшему председателю райисполкома Эдуарду Казуре

Важное Личности

2 мая спаўняецца 70 гадоў былому старшыні раённага выканаўчага камітэта Эдуарду Пятровічу Казуру. Чым не нагода для інтэрв’ю? І я напярэдадні даты звярнулася да імянінніка з некалькімі пытаннямі.

— Эдуард Пятровіч, з якім настроем сустракаеце юбілей?

— З бадзёрым. Гады ідуць, жыццё працягваецца. Нядаўна вярнуўся з адпачынку. Разам з жонкай два тыдні правялі ў Сходніцы ва Украіне. Там ажно 36 крыніц розных па сваіх уласцівасцях мінеральных вод. Адпачылі, паправілі здароўе, узбагаціліся новымі ўражаннямі.

— Як і папярэдні, бягучы год у краіне аб’яўлены Годам малой радзімы. Вы — адзін з адданых сыноў сваёй малой ра­дзімы (маю на ўвазе Пастаўшчыну).

— Сапраўды, дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. А нарадзіўся я ў сялянскай сям’і ў вёсцы Сяргеевічы і прафесію выбраў, звязаную з зямлёй. Закончыў Гарадоцкі тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі. (Пазней Эдуард Казура атрымаў яшчэ два дыпломы — Ленінградскага сельскагаспадарчага інстытута і Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь — аўт.) Паўгода быў брыгадзірам трактарнай брыгады ў калгасе “Радзіма”. Вярнуўся сюды і пасля службы ў арміі, і мяне назначылі галоўным інжынерам. А ў гаспадарцы нават майстэрні не было, тэхніку рамантавалі пад адкрытым небам. Сваіх сродкаў на будаўніцтва не было, не меў іх вы­дзеліць і раён. Я звярнуўся да старшыні з прапановай: “Давайце збяром сваю будаўнічую брыгаду і ўзвядзём майстэрні гаспадарчым спосабам”. Старшыня падтрымаў, і мы распачалі справу. Праз два гады майстэрня была ўзведзена, раздабылі і патрэбныя станкі. Механізатары нарэшце атрымалі прытулак і не мерзлі пад адкрытым небам, выконваючы рамонтныя работы. Зрабілі і заправачную, добраўпарадкавалі машынны двор.

— Вашу ініцыятыўнасць заўважылі не толькі ў калгасе, але і ў раёне і прапанавалі пасаду намесніка старшыні калгаса імя Мічурына.

— Там я затрымаўся нядоўга — забралі інструктарам райкама партыі. А райкам быў свое­асаблівай кузняй кіруючых кадраў. Вось і мяне ў 1977 годзе рэкамендавалі і выбралі старшынёй калгаса “Кастрычнік”. Гаспадаркай кіраваў на працягу 10 гадоў. Затым узначаліў калектыў перасоўнай механізаванай калоны райсельгастэхнікі. Справы ў нас ішлі добра. Займаліся механізацыяй ферм, будаўніцтвам дарог і жылля, добраўпарадкаваннем. Нарошчвалі аб’ёмы работ, займалі прызавыя месцы ў вобласці. У мяне не было і думкі пакінуць ПМК і заняцца іншай справай. Але кіраўнік раёна Васілій Васільевіч Чэпік настаяў, каб я стаў дырэктарам малочнага завода.

— Якога па-сутнасці не было…

— Так, на той час у Паставах існаваў толькі ўчастак Глыбоцкага малочнага завода. А ішлі самыя цяжкія гады пасля развалу СССР (дырэктарам мяне назначылі 13 жніўня 1992-га, і на гэтай пасадзе адпрацаваў 12 гадоў). Становішча было найскладанейшае, адсутнічала фінансаванне. За малако, якое адгружалі з раёна на Глыбоцкі малочны завод, бралі там згушчанае, везлі яго ў Расію і абменьвалі на абсталяванне для завода. Пабудавалі цэхі, аднавілі вытворчасць масла, смятаны, кефіру, ёгуртаў, сталі вырабляць сыры. Праз пяць гадоў на завод прыехаў Прэзідэнт, і мы мелі што яму паказаць. Але прайшоў час — і ў аблвыканкаме вырашылі далучыць наш завод да глыбоцкага. Уяўляеце, які гэта быў удар для мяне, спецыялістаў і ўсяго калектыву завода? Як мы ні адстойвалі сваю пазіцыю, усё роўна ўжо з’явіўся праект рашэння пра далучэнне. Даведаўшыся пра гэта, я ўпрасіў старшыню аблвыканкама Уладзіміра Андрэйчанку прыехаць на завод. Толькі пасля дэталёвага азнаямлення з прадпрыемствам кіраўнік вобласці згадзіўся з тым, што ў завода добрыя перспектывы і яго немэтазгодна далучаць да глыбоцкага. Да гэтага часу малочны завод для мяне роднае прадпрыемства. Пастаянна цікаўлюся, як там ідуць справы, чым мог, дапамагаў у вырашэнні пытанняў, якія ўзнікалі.

— Пасля таго як вывелі малочны завод на перадавыя пазіцыі, на вашы плечы лягла яшчэ большая адказнасць, ужо за ўсю Пастаўшчыну. За гады кіраўніцтва раёнам вы вельмі многа зрабілі для яго развіцця. Напэўна, той перыяд быў для вас самым плённым?

— У кожным перыядзе і на любой пасадзе былі і поспехі, і дасягненні, а штосьці па розных прычынах не ўдавалася зрабіць. Заўсёды з удзячнасцю ўспамінаю тых людзей, разам з якімі давялося працаваць. Ці многае пад сілу аднаму кіраўніку? Не! Патрэбна каманда, і ў мяне такая каманда была. Шчаслівы, што нам многае ўдалося зра­біць, асабліва ў плане добра­ўпарадкавання. За 2005—2008 гады абуладкаваны аграгарадкі ў Камаях, Лынтупах, Варапаеве, Дунілавічах, Андронах, Навасёлках, пераабсталяваны пад бальніцу будынак былога дзіцячага садка ў Лынтупах, і ў гэтым жа пасёлку пачата будаўніцтва пансіяната кругласутачнага знахо­джання пенсіянераў, абсталяваны офісы ўрача агульнай практыкі ў мікрараёнах пятага гарадка і будаўнікоў, вялікае добраўпарадкаванне праведзена ў гарадскім парку, закладзены сквер у мікрараёне вуліцы Юбілейнай, а таксама па вуліцы Гагарына, дзе ўстаноўлены і абеліск у памяць пра загінулых воінаў-інтэрнацыяналістаў. Вялі­ся будаўніцтва, капітальныя рамонты і рэканструкцыі многіх будынкаў, добраўпарадкоўваліся вуліцы і скрыжаванні дарог. Створана раённая тэлевізійная студыя. У 2007 годзе раён заняў першае месца па добраўпарадкаванні ў рэспубліцы сярод гарадоў з колькасцю насельніцтва да 50 тысяч чалавек. Пералічыць усё проста немагчыма.

— А вось узгадаць такую важную для Пастаў па­дзею, як рэспубліканскае свята Дзень беларускага пісьменства, якое адбылося ў нас у 2006 годзе, усё ж такі трэба, бо падрыхтоўка да яго садзейнічала далейшаму добраўпарадкаванню горада.

— Мы прыклалі нямала намаганняў, каб “завабіць” свята ў Паставы, бо першапачаткова Міністэрства інфармацыі спыніла свой выбар на Мядзеле. Падрыхтоўка да яго ішла цяжка, бо катастрафічна не хапала фінансаў, а аб’ём работ трэба было выканаць вялікі. Асаблівы клопат мелі з рэканструкцыяй Дома культуры, які, па-сутнасці, знаходзіўся ў аварыйным стане. На падрыхтоўку горада да Дня пісьменства вобласць выдзеліла раёну ўсяго 2 мільярды рублёў, а рэканструкцыя толькі Дома культуры абышлася ў 2,5 мільярда. Каб атрымаць дадатковае фінансаванне, я паехаў у Міністэрства фінансаў, нікога там не ведаючы. І мне пашанцавала: трапіў на прыём да намесніка міністра, які вельмі ўважліва мяне выслухаў, унік у сітуацыю і дапамог вырашыць пытанне. Мы як мае быць падрыхтаваліся да свята, не сорамна было прымаць гасцей з усёй краіны, а Дом культуры, іншыя аб’екты радуюць пастаўчан і сёння.

— Нельга абысці ўвагай і гады вашага дэпутацтва ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

— Яны далі пэўны вопыт вытворчай работы і грамадскай дзейнасці. А галоўнае — магчымасць дапамагаць выбаршчыкам у вырашэнні іх надзённых праблем. Напрыклад, у Шаркаўшчыне на працягу 10 гадоў стаяла недабудаванай бальніца. Звярталіся ў алблвыканкам, Міністэрства аховы здароўя, але адусюль атрымлівалі адмоўныя адказы. Тады разам са старшынёй райвыканкама і галоўным урачом паехалі на прыём да віцэ-прэм’ера, і толькі пасля яго ўмяшальніцтва былі выдзелены фінансы на завяршэнне будаў­ніцтва бальніцы. Праз тры гады яна ўжо была ўведзена ў дзеянне. Хадайнічаў таксама і пра будаўніцтва аўтавакзала ў Браславе, і пытанне ўдалося вырашыць. Пастаўскаму каледжу дапамог набыць тэхніку, вырашаў і многія іншыя пытанні.

— Якімі якасцямі, на вашу думку, павінен валодаць кіраўнік?

— Найперш — ставіць перад сабой мэту і мець вялізнае жаданне дабіцца яе. Умець падабраць каманду адказных, адукаваных, настойлівых людзей і правільна арганізаваць іх работу. Патрабаваць, каб усе даручэнні выконваліся, і кантраляваць гэта. У кожным падначаленым бачыць не толькі выканаўцу, але найперш чалавека. Умець разбірацца ў любой сітуацыі. Не баяцца адстойваць сваю пазіцыю, стукацца ва ўсе дзверы. Ніколі не разумеў кіраўнікоў, якія цалкам аддавалі сябе справе, а пра ўласны дом, сям’ю, дзяцей клапаціліся мала. Як і тых, хто, імкнучыся заняць кіраўнічую пасаду, шукаў у гэтым уласную карысць. Калі ты кіраўнік, то абавязаны і на рабоце паспяваць, і пра сям’ю памятаць.

— Эдуард Пятровіч! У вас такі вялікі вопыт работы і столькі энтузіязму! Таму мне ніяк не верыцца, што вы адышлі ад актыўнай вытворчай і грамадскай дзейнасці.

— Трэба ж і пра адпачынак падумаць, паберагчы здароўе. А колькі спраў каля дома, якія мне заўсёды ў радасць! Працягваю ўдаскальваць добраўпарадкаванне на ўласнай тэрыторыі. Па святах люблю сустракацца з сябрамі, кола якіх у мяне застаецца нязменным многія гады. А справамі, якія адбываюцца ў раёне, цікаўлюся заўсёды. Час ад часу ўношу свае прапановы. Радуюся, калі бачу добрыя змены. Спадзяюся, што іх будзе ўсё больш.

Дзякуй за размову! Няхай юбілей стане яшчэ адной прыгожай старонкай вашага цікавага, насычанага жыцця.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.