День семьи. Пять поставских семей поделились секретом счастливой семейной жизни

Общество

Семья вместе – душа на месте

Такую назву мела мерапрыемства, прысвечанае Дню сям’і. Ладзілася яно ў раённым Доме культуры па вуліцы Станкевіча. Героямі свята сталі Марыя Юр’еўна і Павел Якаўлевіч Міхайлавы, Анастасія і Юрый Крывенькія, стаж сямейнага жыцця якіх адпаведна 50 і 2 гады, мнагадзетныя сем’і Міснік і Жук, прыёмная Граблеўскіх.

Любую праблему разам вырашаем і перамогу дружна адзначаем — сакрэт шчасця сям’і Міхайлавых

Пра каханне з першага погляду маладога хлопца Паўла Міхайлава з хутара Антанова Пастаўскага раёна і закарпацкай дзяўчыны Марыі наша газета расказвала ў мінулым годзе. Шчаслівы лёс сям’і з 50-гадовым стажам стаў цікавым і для ўдзельнікаў свята. Падтрымаць залатых юбіляраў прыйшлі не толькі два сыны — Віктар і Васілій, нявесткі, унукі, але нават трохмесячная праўнучка прысутнічала.

— Гэта тыя цаглінкі, на якіх трымаецца наш дом, — гаварыла Марыя Юр’еўна. — У свой час мы з мужам шмат працавалі. Доўгі час жылі ў вёсцы, а калі сабралі грошай, купілі дом у Паставах. Цяпер ён збірае пад сваім дахам дарагіх і блізкіх нам лю­дзей, якія ў любы час дапамогуць ва ўсім, раздзеляць радасць.

Адносіны ў нас эгалітарныя — лічаць Анастасія і Юрый Крывенькія

У шлюбе яны амаль два гады. Будаваць сям’ю пачалі на справядлівым, прапарцыянальным раздзяленні абавязкаў, узаемазамяняльнасці. У красавіку ў іх нарадзілася дачушка Крысцінка, якая карэнным чынам памяняла стыль жыцця маладой сям’і, але не адносіны адно да аднаго. Дабавілася трывог, якія дзеляцца пароўну. Юрый эмацыянальна расказваў пра рэжым дня, пра тое, як у магазінах стаў звяртаць увагу на паліцы з дзіцячымі рэчамі. Дачушка дабавіла маладым маме і тату не толькі клопатаў, але і пяшчоты, адказнасці. 

 Мы чакаем дзіця — так адказалі пра планы Міснікі

Іван пазнаёміўся з Інай у магазіне, дзе яна працавала. Праз паўгода згулялі вяселле. Цяпер у іх сям’і выхоўваюцца дачушка Каця і сыночкі Ілья, Іван, Цімафей, Марк. Мнагадзетнасць аказалася хутчэй нечаканай, чым запланаванай. Сёлета Іна Міснік атрымала ордэн Маці.

— Гэта ўзнагарода — высокае прызнанне для мнагадзетных сем’яў, — гаварыла Іна. — Клопатаў, вядома, хапае. А спраўляюся з імі дзякуючы мужу. Ён у мяне надзейны ва ўсім, майстар на ўсе рукі, цудоўныя памочнікі і дзеткі.

А на пытанне пра планы Іна адказала так, як галоўная гераіня фільма «Двадцать лет спустя»: «Мы чакаем дзіця». 

Спорт і каханне нас звязалі — запэўнілі Ганна і Андрэй Жук

На турыстычным злёце 17 гадоў таму Андрэй быў у складзе судзейскай каманды, Аня — поварам. Яшчэ праз год яна выступала за адну з каманд, а ён зноў судзіў. Праз тры гады пара пажанілася.

Муж любіў футбол, жонка — валейбол, нават у армрэслінгу сябе паспрабавала. А агульным сямейным захапленнем стала плаванне. Кацю прывучалі да гэтага з трох месяцаў. Цяпер у яе 3-ці дарослы разрад. Шмат узнагарод маюць Саша, Насця, Маргарыта, Крысціна. А Ганна за выхаванне годных дзяцей удастоена ордэна Маці. 

17 сэрцаў адагрэлі ў сям’і Граблеўскіх

У 2007 годзе дзеці Граблеўскіх былі ўжо дарослымі. Дачка нарадзіла бацькам другога ўнука. І ў гэты час ў бальніцы знаходзілася аднагадовая дзяўчынка. Убачыла яе Ала Міхайлаўна — і сэрца забалела. Параілася з мужам, і рашыліся ўзяць на выхаванне. Праз два тыдні з прытулка забралі яшчэ брата і сястру Настачкі. З таго часу дом Граблеўскіх у Вярэньках стаў прытулкам для 17 дзетак, абдзеленых любоўю родных бацькоў.

— Насця, Андрэй, Віка, Оля, Арцём, Маша, Ева, Дзіма, Даша, Жанна, Ксеня, Іра, Наташа і яшчэ Дзіма, Арцём, Маша, — пералічвае імёны дзяцей Ала Баляславаўна. — Усе аднолькава родныя. Некаторыя трапілі да нас школьнікамі, некаторых забіралі адразу пасля нараджэння.

Цяпер самая малодшанькая — Маша. Ёй толькі чатыры месяцы. І муж Алы Баляславаўны Бенядзікт Браніслававіч адпусціў жонку з дзецьмі на свята, а сам застаўся з немаўляткам.

— Канешне, прасцей выхоўваць з ранняга дзяцінства, чым калі гэтым да цябе займалася некалькі чалавек, — дзялілася прыёмная мама. — Але дабрыня робіць сваю справу. Знаходзім з дзецьмі агульныя інтарэсы, і гэта яднае.

Падарункі атрымалі ўсе

Мерапрыемства было надзвычай шчырым і цёплым дзякуючы вядучай Алене Слядзеўскай. Асабіста мне свята нагадала некалі любімую многімі перадачу «Ад усёй душы». Павіншаваць з Днём сям’і герояў прыйшлі загадчыца аддзела ЗАГС Аніта Несцяровіч, намеснік старшыні раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Міхаіл Кабайла, старшыні раённага савета ветэранаў Ганна Літвіновіч і раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Таццяна Шахава. Яны ўручылі кветкі, мнагадзетныя і прыёмная сям’я атрымалі ад «Белай Русі» торты.

З канцэртнымі нумарамі выступілі Людміла Логінава, Ганна Вяршыніна, выхаванцы дзіцячага садка №1, удзельнікі студыі літаратурнага чытання, на скрыпцы сыграла Кацярына Міснік. Усім было прыемна пазнаёміцца з такімі моцнымі сем’ямі.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.