«Гаспадары янавіцкай зямлі». Так директор ОАО «Яновица-агро» Андрей Кожурно сказал о механизаторах хозяйства

Важное Сельское хозяйство

Гаспадары янавіцкай зямлі

Так дырэктар ААТ «Янавіца-агра» Андрэй Кажурна сказаў пра механізатараў, якіх вы бачыце на здымках.

Сем гадзін раніцы. На мехдвары сельгаспрадпрыемства рух: хтосьці з механізатараў аглядае трактар і пасяўны агрэгат, нехта адпраўляецца на запраўку, іншы вырашае нейкія пытанні з інжынерам.

— Абмяркуем яшчэ некалькі рабочых момантаў — і механізатары адправяцца ва ўрочышча Манак, што каля Сурвілішак, дзе сёння завершым сяўбу рапсу, — уводзіць у курс справы дырэктар. — У дажджлівыя гады на палескіх землях 20 красавіка толькі пачыналі сяўбу. Сёлета сухое надвор’е дазволіла працаваць на любым участку. Спачатку гэтаму радаваліся, але цяпер разумеем, што без вільгаці марнай будзе наша праца.

Механізатары Валерый Глазко, Валянцін Лукашэвіч, Віталій Паўкштэла

Веснавыя палявыя работы хлебаробы ААТ «Янавіца-агра»  звычайна пачынаюць на пясчаных лынтупскіх землях. Там і засеялі аўсом першыя гектары. Нязручнасць была ў тым, што на дарогу трацілі да паўгадзіны часу. І абедаць даводзілася ў полі. Перабраліся бліжэй да Палесся — палягчэла. Людзей з поля прывозяць у сталовую. Тут ёсць магчымасць  памыць рукі, спакойна паабедаць і перадыхнуць.

— Вялікіх праблем з тэхнікай падчас пасяўной не мелі, — працягваў Андрэй Эдуардавіч. — Механізатары дасканала яе падрыхтавалі. Фёдар Бартунскі шмат правалтузіўся з пасяўным агрэгатам. Паломкі калі і здараліся, то мінімальныя, за гадзі­ну-другую іх ухілялі. Прафесіянал сваёй справы электрагазазваршчык Павел Цярэнцьеў. Ён і абсталяванне жывёлагадоўчых ферм «лечыць», і перасоўныя даільныя ўстаноўкі да пашавага сезона падрыхтаваў, ды і каля тэхнікі першы памочнік. Пры неабходнасці выязджае рамантаваць у поле.

Сеяльшчыкі Мікалай Жарын і Фёдар Бартунскі

У ліку перадавікоў раёна на працягу ўсёй пасяўной кампаніі значацца прозвішчы сеяльшчыкаў Фёдара Бартунскага і Мікалая Жарына, якія адпаведна на МТЗ-3022 з АПП-6 і КЗР-10 з сеялкай «Лемкен» засеялі  па 508 і 225 гектараў.

Паспяхова вядуць ворыва глебы Валянцін Лукашэвіч і Валерый Глазко. На яе падрыхтоўцы стараюцца Віталій Паўкштэла і Ігар Плотнікаў.

— Руплівыя, адказныя, кожную даручаную работу выконваюць выдатна, — характарызаваў механізатараў Андрэй Кажурна. — Цяпер вызначаюцца на пасяўной. Затым пачнецца нарыхтоўка кармоў, а там — і жніво.

— На любым участку стараемся працаваць з максімальнай аддачай, — гаварылі механізатары. — І найперш самі ад гэтага атрымліваем задавальненне.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.