Как научить детей вести здоровый образ жизни? Актуальное интервью с Ниной Касперович

Образование

Навучыць рабіць свой выбар

Шкодныя звычкі: курэнне, п’янства, наркаманія і таксікаманія — з кожным годам маладзеюць. Таму адной з галоўных задач у рабоце ўстаноў адукацыі Пастаўшчыны з’яўляецца фарміраванне ў падлеткаў матывацыі весці здаровы лад жыцця і прывіццё ім такіх навыкаў. Пра гэта карэспандэнт «ПК» Алена Шапавалава гутарыць з галоўным спецыялістам аддзела па адукацыі райвыканкама Нінай КАСПЯРОВІЧ.

— Ніна Серафімаўна, якую мэту ставяць перад сабой педагогі ў барацьбе з тытунекурэннем, ужываннем алкаголю і псіхаактыўных рэчываў непаўналетнімі?
— Увесь механізм работы ў дадзеным напрамку накіраваны на тое, каб, выкарыстоўваючы розныя формы заняткаў, сфарміраваць у навучэнцаў навыкі самастойнага прыняцця рашэнняў, уменне супрацьстаяць ціску групы, пераадольваць стрэсавыя, канфліктныя і іншыя складаныя жыццёвыя сітуацыі, а таксама праблемы ў зносінах. Наша мэта — развіць у дзіцяці веру ў свае магчымасці і сілы, навучыць яго адэкватна рэагаваць на жыццёвыя цяжкасці і рабіць уласны выбар. Гэтага можна дасягнуць у тым ліку праз дазіраваную падачу інфармацыі пра негатыўны ўплыў шкодных звычак на арганізм чалавека, асабліва маладога і неакрэплага.

— Раскажыце, калі ласка, як усё сказанае вышэй рэалізуецца на практыцы ў школах.
— Па-першае, на сайтах і інфармацыйных стэндах усіх устаноў адукацыі раёна размешчана інфармацыя па растлумачэнні адказнасці за незаконны абарот наркатычных сродкаў, наступствы іх ужывання і знешнія прыкметы наркатычнага ап’янення. Яна рэгулярна абнаўляецца. Па-другое, на працягу ўсяго вучэбнага працэсу вядзецца сістэмная інфармацыйна-асветніцкая работа са школьнікамі, іх бацькамі і педагогамі. Так, у бягучым навучальным годзе арганізавана 16 сустрэч і гутарак з медыцынскімі работнікамі і супрацоўнікамі праваахоўных органаў на тэмы «Адказнасць за сваё здароўе», «Жыццё без наркотыкаў», «Пра шкоду курыльных сумесей», праведзена 7 семінараў-практыкумаў і круглых сталоў для настаўнікаў і навучэнцаў, 7 дыспутаў і 49 гутарак па прафілактыцы наркаманіі. Многія з іх суправаджаліся праглядам тэматычных відэафільмаў. 536 вучняў і 215 бацькоў прынялі ўдзел у лекцыях і кансультацыях спецыялістаў па праблемах злоўжывання алкаголем, наркотыкамі і таксічнымі рэчывамі.

Таксама праводзяцца адзіныя дні інфармавання з удзелам супрацоўнікаў інспекцыі і камісіі па справах непаўналетніх, урача-нарколага. З мэтай удасканалення работы па прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў, п’янства непаўналетніх, забеспячэння кантролю ў пазаўрочны, канікулярны і вячэрні час ва ўстановах адукацыі Пастаў, Варапаева і Лынтуп арганізавана работа настаўніцка-бацькоўскіх патрулёў. Рэгулярна ладзяцца спаборніцтвы па гульнявых відах спорту, дні здароўя і спартыўныя святы, бацькоўскія сходы з удзелам псіхолагаў, медработнікаў і супрацоўнікаў праваахоўных органаў, кансультацыі для татаў і мам па дадзенай тэматыцы.

— І наколькі эфектыўная гэта работа?
— Што датычыць ужывання навучэнцамі наркатычных, псіхатропных рэчываў або іх аналагаў, то такіх фактаў у бягучым навучальным годзе ў раёне не выяўлена. А вось за знаходжанне ў п’яным выглядзе, распіццё алкагольных напіткаў у грамадскіх месцах з пачатку 2019-га да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 10 падлеткаў, сярод іх адзін школьнік.

Прававой асвеце навучэнцаў педагогі надаюць дастатковую ўвагу. А вось бацькі адчуваюць пэўны «дэфіцыт кампетэнтнасці» па пытаннях фарміравання ў дзяцей антынаркатычных установак і каштоўнасцей здаровага ладу жыцця. Таму для іх арганізуюцца агульнашкольныя і класныя сходы па дадзенай тэме. Вялікую ролю ў прафілактычнай рабоце адыгрывае занятасць дзяцей. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі раёна з гэтай мэтай працуюць 123 аб’яднанні па інтарэсах, якія наведваюць 1600 навучэнцаў. У цэнтры дзяцей і моладзі ў 84 аб’яднаннях займаюцца 1190 школьнікаў. Акрамя таго, дзейнічаюць 49 спартыўных секцый, 33 атрады юных ратаўнікоў-пажарных, інспектараў дарожнага руху, сяброў міліцыі і сяброў пагранічнікаў. А ўвогуле, уся работа па прапагандзе здаровага ладу жыцця грунтуецца на дыягностыцы навучэнцаў.

— Што яна паказвае?
— У ходзе праведзенага сярод навучэнцаў 7—11 класаў маніторынгу ведаў пра здаровы лад жыцця высветлілася, што вучні ў паралелі 7-х класаў не кураць. Абсалютна ўсе 8-класнікі ведаюць пра шкоду алкаголю, 16% з іх ставяцца да аматараў выпіць крайне негатыўна, 57% — са шкадаваннем. Вучні 9-х класаў маюць уяўленне пра наркаманію, наступствы ўжывання наркотыкаў і тое, што ад іх немагчыма лёгка адмовіцца. 10—11-класнікі валодаюць інфармацыяй пра псіхаактыўныя рэчывы і разумеюць актуальнасць у наш час дадзенай праблемы.

Тры чвэрці навучэнцаў 5—7 класаў ацэньваюць курэнне як нешта дрэннае, шкоднае і небяспечнае. У той жа час амаль кожны трэці з апытаных ужо спрабаваў курыць. У 72% выпадкаў прычынай гэтага была цікаўнасць. У 56% рэспандэнтаў ёсць сябры альбо знаёмыя, якія ўжываюць алкаголь. Палова ўдзельнікаў анкетавання ўжывала алкагольныя напіткі (з іх 52,7% — віно або шампанскае, 16% — піва, 14,5% — моцныя напіткі), амаль 40% зрабілі гэта ва ўзросце 12—15 гадоў. Кожны трэці падлетак атрымліваў прапанову выпіць нешта алкагольнае ад сяброў, аднакласнікаў, знаёмых.

— На што, на ваш погляд, неабходна звярнуць асаблівую ўвагу ў далейшай рабоце па прафілактыцы сярод школьнікаў тытунекурэння, ужывання наркотыкаў і алкаголю?
— Найперш на фарміраванне ў іх і бацькоў установак на вядзенне здаровага ладу жыцця і павышэнне маральнай культуры. Таксама трэба садзейнічаць фарміраванню ў сям’і бяспечных і камфортных умоў для асобаснага росту і развіцця дзіцяці, адраджэнню сямейнага выхавання. Прафілактычная работа будзе эфектыўнай толькі тады, калі мы пачнём зыходзіць з інтарэсаў і патрэб самога падлетка і ў працэсе сумеснага ўзаемадзеяння фарміраваць яго канструктыўныя погляды і каштоўнасці, якія будуць супадаць з агульнапрынятымі каштоўнасцямі грамадства, такімі як здароўе, любоў, сям’я, дзеці, самапавага і павага навакольных людзей.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.